Апельсін
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Апельсі́н, Апэльсы́н (бел. дыялект. і гіст. памаранча, памаранец) (па-лацінску: Citrus sinensis) — вечназялёнае цытрусавае дрэва і яго плод.
Расце ў трапічны і субтрапічных краінах, цепла- і вільгацелюбівая расліна. У наш час да найлепшых гатункаў належаць апельсіна з рэгіёну Міжземнага мора і Каліфорніі. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў і афарбоўкі скуры (ад светла-жоўтай да чырвона-аранжавай; насычанасць колеру скуры не абавязкова сведчыць пра спеласць), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100 – 500 г. Утрымлівае да 12% цукроў (пераважна фруктозу і цукрозу), а таксама арганічныя кіслоты, вітаміны C, групы B, P, каратын, солі кальцыю, калію, фосфару. Важная якасць апельсіна — пад час захоўвання колькасць вітамінаў C не змяншаецца. У скурцы (цэдры) апельсіна да 2% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфумерыі і кандытэрыі. З кветак апельсіна вырабляецца т. зв. апельсінавая вада, характарыстык якой не можа дасягнуць ніводная сінтэтычная эсэнцыя. Апельсін ужываюцца свежымі ды перапрацаванымі (сокі, джэмы, варэнне, цукаты).
[рэдагаваць] Гісторыя
Паходзіць з Кітая, дзе культываваўся больш за 4 тысячы гадоў; з XI – XII стагоддзяў вырошчваецца ў краінах Леванту. Да Еўропы апельсін трапіў дзякуючы італьянскім купцам, якія гандлявалі з Левантам, а таксама патрапіў з Арабскай Іспаніі і Сіцыліі. Але першапачаткова ў Еўропе быў вядомы кіслы гатунак апельсіна. Салодкі апельсін завезены з Кітая партугальскімі купцамі ў пачатку XVI стагоддзя.
На тэрыторыі Беларусі і ВКЛ апельсін мог стаць вядомым з XV стагоддзя, але мода на цытрусавыя была ўведзена ў каралеўскім двары Бонай Сфорцай, пасля чаго апельсіны сталі завазіцца ў Польшчу і ВКЛ у заўважанай колькасці, што адпавядала тэндэнцыі італьянізацыі кулінарных густаў заможнай шляхты. Усё ж першапачаткова гэта быў рэдкі плод — па пары штук А. падавалі на стол Жыгімонта I Старога, і тое з нагоды ўрачыстасцяў. Апроч дарагавізны (у тры разы даражэй за лімоны), распаўсюджанне стрымлівала тое, што апельсін у нязначнай ступені мог служыць дадаткам да іншых страў. Пашырэнню апельсіна ў Рэчы Паспалітай паспрыялі таксама езуіты, і гэтым знаходзілі сабе новых прыхільнікаў. Адпаведна названы факт выкарыстоўваўся ў антыезуіцкай прапагандзе, бо «гішпанскія яблыкі» шкодзілі «моцы і прастаце звычаяў». Тым не менш, ужо ў ваенным лагеры Стэфана Баторыя гатавалі жэле з апельсінаў. У панегірыку Гераніму Хадкевічу (Вільня, 1606) пішацца, што герою падносіцца не золата, але, апроч іншага, цудоўны апельсін. Як годны падарунак апельсін прыгадваецца ў эпісталярыях — плод дасылае Ян Караль Хадкевіч сваёй жонцы, ксёндз Казімір Сарнецкі шле яго з Варшавы Каралю Станіславу Радзівілу, Збігнеў Морштын з Каралеўца дасылае яго ў Слуцк да Казіміра Клакоцкага. Імпарт апельсінаў знайшоў адлюстраванне ў «Мытных інструкцыях ВКЛ» XVII стагоддзя. У баракальнай культуры Рэчы Паспалітай апельсін стаў сімвалам эратычнай гульні (гл. карэспандэнцыю караля Яна Сабескага). У XVII – XVIII стагоддзях атрымалі распаўсюджанне апельсінавыя гарэлка і лікёр, у XVIII стагоддзі ў заможных дамах пачалі рабіць аранжад. Настойкі з апельсіна і іншых цытрусавых сталі неад'емнай часткаю хатніх аптэчак. Таму як асобны тавар сталі завозіць не толькі свежыя плады апельсіна, але апельсінавы сок і абсмажаныя скуркі. У XVIII стагоддзі ужыванне апельсіна пашырылася і сярод багацейшага мяшчанства. Імкненне вырошчваць апельсіна прывяло да ўзнікнення ў XVII стагоддзі аранжарэй — асобага тыпу выцягнутых зашклёных памяшканняў з штучным кліматам (у Беларусі — палаца-паркавы комплекс у Альбе, Ружанскі палац, Дукорскі палац і іншыя). Літаратура XIX стагоддзя (найперш «Літоўская гаспадыня») дае цэлы шэраг рэцэптаў па выкарыстанню апельсіна, што сведчыць пра ўстойлівую ўжо да гэтага часу традыцыю. Былі вядомыя рэцэпты гатавання варэння, апельсінавых лупін, сушаных у цукру, апельсінавых лупін у мёдзе, карамелек апельсінавых, мармеладу з апельсінавых лупін, «цэдра» (зацукараны сіроп) з апельсінавых лупін; мельшпайсаў (салодкіх пірагоў) з апельсінавымі лупінамі; халоднага рысу з апельсінамі; апельсінаўкі (гарэлкі) і апельсінавага лікёру. У савецкія часы апельсін быў адным з нешматлікіх даступных для шырокага спажыўца субтрапічных пладоў. Дзіўным чынам апельсін стаў сімвалам палітычных рухаў у 1980-х у Польшчы («аранжавая альтэрнатыва») і ў 2004 ва Украіне («аранжавая рэвалюцыя»).
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алег Дзярновіч, праект «Наша Ежа»