Ян Караль Хадкевіч
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Гэты артыкул зьяўляецца выбраным. Мы ўпэўнены, што ён — адзін з лепшых у беларускай Вікіпедыі. Калі Вы напісалі ці пабачылі артыкул не горшай якасці, калі ласка, прапануйце яго ў выбраныя.
|
Ян Караль Хадкевіч (1560 – 24 верасьня 1621) — адзін з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў 17 стагодзьдзя. Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў, што паходзіў ад кіеўскіх баяраў 15 стагодзьдзя. Ян Караль Хадкевіч належаў да старэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве. Ян Караль Хадкевіч займаў дзяржаўныя пасады ў Беларускай дзяржаве, быў з 1605 году гетманам вялікім, а з 1616 году і ваяводам віленскім. У сваёй палітычнай дзейнасьці адстойваў сувэрэнітэт Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай.
Зьмест |
[рэдагаваць] Продкі Хадкевіча
У сям'і Хадкевічаў была традыцыя актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці Вялікага княства Літоўскага. Яго бацька, Ян Хадкевіч (1537 – 1579), быў кашталянам віленскім (сэнатарам) і адміністратарам Інфлянтаў. Дарэчы, бацька ў 1568 годзе атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Фэрдынанда тытул графа з назвамі галоўных гарадоў і маёнткаў, якія належалі Яну Хадкевічу. Дзед вядомага беларускага палкаводца, Геранім Хадкевіч (1500 –1561), быў кашталянам віленскім і ўваходзіў у склад паноў рады Вялікага княства Літоўскага. А брат дзеда, Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч, які памёр у 1572 годзе, быў кашталянам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Гэтыя традыцыі роду, багатыя лятыфундыі, галоўным чынам на Беларусі, і сваяцкія сувязі з магнацкімі сем'ямі Беларусі і Польшчы давалі магчымасьць здольнаму і амбітнаму чалавеку рабіць сваю кар'еру.
Ян Караль Хадкевіч быў сынам Яна Хадкевіча, у той час яшчэ стольніка літоўскага, і Крыстыны Збароўскай, дачкі польскага магната Марціна Збароўскага, ваяводы познанскага, а потым кашталяна кракаўскага. Адзін з братоў маткі, Ян Збароўскі, быў гетманам надворным у Польшчы; іншыя яе браты займалі пасады ваяводаў і кашталянаў.
[рэдагаваць] Раньнія гады жыцьця
Дзяцінства Яна Караля праходзіла ў гады Лівонскай вайны. Ён быў сьведкам ваенных дзеяў у Беларусі і Балтыцы і вельмі цікавіўся вайсковай справай. Калі хлопчыку было некалькі гадоў, бацька ўзяў яго ў паход супраць маскоўскіх войскаў Івана Жахлівага, што ўварваліся ў Беларусь. Беларускім войскам камандавалі гетманы вялікі Мікалай Радзівіл і польны Рыгор Хадкевіч, дзядзька яго бацькі. Асобным атрадам камандаваў і сам Ян Хадкевіч, які раней удзельнічаў у бітве над Вулай у 1564 годзе. Такім чынам, 8-гадовы хлопчык пабачыў, як жаўнеры езьдзяць падчас паходу, як становяцца на месцы лягерам і, галоўнае, як удзельнічаюць у баях.
Пасьля папярэдняй хатняй адукацыі ў 1573 годзе Ян Караль разам са сваім старэйшым братам Аляксандрам (каля 1560 – 1626), які потым стаўся ваяводам троцкім, пачаў вучобу ў Віленскай езуіцкай калегіі, а потым і ў Віленскай акадэміі. Калі кароль Стафан Батура ў сакавіку 1579 году праяжджаў празь Вільню з войскам, каб здабыць Полацак, ад імя студэнтаў акадэміі яго вітаў малады Ян Караль Хадкевіч урачыстай прамовай. Ён вылучаўся сваёй здольнасьцю да навукі і ўжо тады вылучаўся моцным характарам, хаця і без перашкоды ўстанаўліваў кантакты з людзьмі. Пасьля сьмерці бацькі атрымаў у спадчыну ня толькі маёнткі, але і тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве.
У 1586 – 1589 гадах малады Ян Караль Хадкевіч разам з братам вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Інґольштадце (Баварыя), дзе вывучаў філязофію і права. У верасьні 1589 году яны атрымалі пасьведчаньні аб пасьпяховым заканчэньні курсу вучобы. Потым браты паехалі ў Італію, у Падую. Аляксандар Хадкевіч застаўся ў Італіі, а Ян Караль наведаў Мальту, дзе ў мальтыйскіх рыцараў азнаёміўся з дзеямі артылерыі, з агнястрэльнай зброяй, фартыфікацыяй і правіламі аблогі фартэцыяў. За мяжой Ян Караль Хадкевіч, апрача акадэмічнага курса, шмат увагі прысьвячаў вайсковым ведам і тэорыі вайсковай справы.
[рэдагаваць] Пачатак вайсковай кар'еры
Пасьля вяртаньня на радзіму ў 1590 годзе Хадкевіч стаўся вайскоўцам. Ужо ў 1595 годзе Хадкевіч камандаваў уласнай ротай з 50 коньнікаў, а потым камандаваў ротай у 100 коньнікаў на Ўкраіне. У 1596 годзе Ян Караль Хадкевіч удзельнічаў у баях з паўстанцкім войскам Сэвэрына Налівайкі. Камандаваў гэтым войскам гетман польны каронны (польскі) Станіслаў Жулкеўскі. У першай бітве пад Каневам, які быў узяты 14 красавіка 1596 году, Ян Караль Хадкевіч выявіў свой вайсковы талент. Вызначыўся ён і падчас аблогі казацкага табару пад Лубнамі (25 траўня – 7 чэрвеня 1596). За свае вайсковыя заслугі Ян Караль Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага літоўскага, а праз тры гады, у 1599 годзе, яму было нададзена Жамойцкае староства, што раўнялася ваяводзкай пасадзе, і ён увайшоў, такім чынам, у склад сэнату Рэчы Паспалітай.
У 1600 годзе Ян Караль Хадкевіч разам з братам Аляксандрам на чале ўласнай коннай роты ўдзельнічаў у паходзе гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага ў Малдову, якую заняў гаспадар Валахіі Міхай Мужны (Віцязул), каб аб’яднаць Дунайскія княствы. Польшча намагалася захаваць палітычную залежнасьць ад яе Малдовы і ўстанавіць там уладу залежнага ад яе гаспадара. Бітва войска Яна Замойскага з арміяй Міхая Мужнага адбылася ў ваколіцах Плаешці 20 кастрычніка 1600 году і скончылася перамогай Замойскага. Хадкевічы былі ў перадавым атрадзе дабраахвотнікаў, якія ўдарылі на сілы гаспадара Міхая і прычыніліся да перамогі. Гетман Ян Замойскі сярод лепшых вояў вылучаў Яна Караля Хадкевіча. У выніку перамогі ў Валахіі ў кастрычніку 1600 году быў пасаджаны на трон стаўленнік Польшчы Сымон Магіла з малдаўскага баярскага роду. У тым жа годзе Яну Каралю Хадкевічу быў нададзены тытул гетмана польнага літоўскага.
[рэдагаваць] Паспалітанска-швэдзкая вайна 1600–1629
У 1600 годзе пачалася доўгая па часе вайна Рэчы Паспалітай са Швэцыяй за панаваньне на Балтыйскім моры. Яна цягнулася да 1629 года. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыґімонт Ваза, католік, які адначасова лічыўся каралём Швэцыі, але прабываў у Варшаве, у 1599 годзе быў дэтранізаваны лютэранскай апазыцыяй. У 1600 годзе Жыгімонт ІІІ уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. Гетман польны літоўскі Ян Караль Хадкевіч пад камандаваньнем гетмана вялікага літоўскага Крыштофа Радзівіла Перуна ўдзельнічаў у ваенных дзеях з самага пачатку вайны. Абодвух гетманаў накіравалі ў Інфлянты, нягледзячы на суперніцтва паміж двума гэтымі магнацкімі родамі Радзівілаў і Хадкевічаў, якія ў 1600 годзе амаль не распачалі ў Вільні і краіне грамадзянскую вайну з-за таго, што не маглі дамовіцца пра гарады і маёнткі слуцкай князёўны Соф'і Алелькавіч (апекунамі якой былі Хадкевічы), калі яна выходзіла замуж за князя Януша Радзівіла, сына гетмана вялікага. Адносіны паміж Радзівіламі і Хадкевічамі ў некаторай ступені ўплывалі і на ход ваенных дзеяў.
[рэдагаваць] Заваёва Кокенгаўзэна
Гетман вялікі Крыштоф Радзівіл у траўні 1601 году распачаў ваенныя дзеі ў Інфлянтах. Яго атрады акружылі горад і крэпасьць Кокенгаўзэн (Кокнэсэ), на правым беразе Дзьвіны. 8 чэрвеня 1601 году да Кокенгаўзэна падышоў са сваімі атрадамі і польны гетман Ян Караль Хадкевіч. Каб зьняць аблогу горада, швэдзкі камандуючы Карль Карльсан Гіленг'ельм на ўсход ад горада на беразе Дзьвіны даў бітву беларускаму войску. У бітве ўдзельнічала 5000 швэдзкіх жаўнераў супраць 3000 беларускіх. Ян Караль Хадкевіч камандаваў гусарскім рэгімэнтам на правым флянзе беларускага войска, знаходзячыся ў першых шэрагах свайго войска. Разам з конным палком Крыштофа Дарагастайскага Хадкевіч правёў моцную атаку на левае крыло швэдзкага войска. Швэдзкія рэйтары былі разьбітыя і пачалося перасьледваньне швэдзкіх жаўнераў. Швэды страцілі 2 тысячы чалавек, беларускае войска — 200 чалавек. Швэдзкі гарнізон Кокенгаўзэна капітуляваў. У палон трапіла 1800 швэдзкіх жаўнераў і ўзятая швэдзкая артылерыя. У выніку перамогі пад Кокенгаўзэнам беларускае войска заняло ў ліпні 1601 году Вэндэн (Кесь, Цэсыс), на паўночны ўсход ад Рыгі. Але потым пад націскам пераважных па колькасьці швэдзкіх сіл беларускае войска адступіла да Рыгі, якую разам з вэндэнскім ваяводам Ґеорґам Фарэнсбахам і польскімі атрадамі абаранялі атрады Яна Караля Хадкевіча. Некалькі штурмаў швэдзкіх войскаў былі адбітыя. У кастрычніку 1601 году да Рыгі наблізілася польская армія на чале з гетманам вялікім каронным Янам Замойскім, і швэдзкая армія пачала адступаць. Атрады Яна Караля Хадкевіча ўдзельнічалі ў перасьледаваньні швэдаў і блякадзе швэдзкіх гарнізонаў у крэпасьцях Вольмар (Валміера) і Вэзэнбэрґ (Ракверэ), Фэлін (Вільяндзі) і Белы Камень (Пайдэ). Узяцьце Белага Камня ўзмацніла пазыцыі войска Рэчы Паспалітай. Ваенныя дзеі працягваліся ад восені 1601 году да канца лета 1602 году.
[рэдагаваць] Барацьба за Дорпат
У пачатку кастрычніка 1602 году, пасьля ад'езду з тэатра ваенных дзеяў гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага, кароль Жыгімонт III даручыў камандаваньне польскімі і беларускімі сіламі ў Інфлянтах Яну Каралю Хадкевічу. Хадкевічу ўдалося сабраць пад сваім камандаваньнем да 4000 жаўнераў. 3ь імі ў лістападзе 1602 году ён пачаў самастойна новую кампанію. 16 лістапада яго войска пачало аблогу аднаго з буйнейшых гарадоў Балтыі — Дорпата (Тарту). Паступова ў баях сілы Хадкевіча зьмяншаліся, і ў канцы студзеня 1603 году ў яго заставалася толькі 700 коньнікаў і 100 пехацінцаў. Даведаўшыся, што швэдзкае войска зьбіраецца прыйсьці да Дорпата і зьняць аблогу, Ян Караль Хадкевіч пакінуў каля горада сотні дзьве жаўнераў, а з астатнімі сіламі, узяўшы з гарнізона Вэзэнбэрґа (Раквэрэ) дапамогу і давёўшы колькасьць жаўнераў у сваім войску да 1000 чалавек, прымусіў у сакавіку 1603 году швэдзкае войска, якое не дайшло да Дорпата, адступіць. Пасьля другой аблогі 13 красавіка 1603 году швэдзкі гарнізон (1050 чалавек) Дорпата капітуляваў на ганаровых умовах, адышоўшы на Рэвэль (Талін), але аддаўшы пераможцам усю артылерыю (звыш 80 гарматаў). У 1603 годзе Хадкевіч быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў.
[рэдагаваць] Адбіцьцё швэдзкага ўварваньня 1604 году
Наступную кампанію ў Балтыі гетман польны літоўскі Ян Караль Хадкевіч вёў у 1604 годзе. У пачатку 1604 году швэдзкі сойм абраў каралём герцага Судэрманляндзкага Карла (дзядзьку польскага караля Жыгімонта III), дагэтуль рэгента каралеўства. Пазыцыі новага караля Карла ІХ узмацніліся, і ён намагаўся вярнуць крэпасьці і гарады ў Эстоніі, перш за ўсё Дорпат і Белы Камень, а потым пайсьці на Рыгу. Была сфармаваная новая швэдзкая армія ў 9 тысяч жаўнераў на чале з губэрнатарам Фінляндыі, генэралам Арвідам Эрыксанам Стэлярмам. У верасьні 1604 году войскі Стэлярма і Хадкевіча сустрэліся. 23 верасьня 1604 году адбылася бітва на дарозе з Дорпата да Рэвэля каля Белага Камня. У Хадкевіча было 2300 жаўнераў, швэдзкае войска налічвала 7 тысяч чалавек. Хадкевіч вырашыў ударыць на больш моцнае левае крыло праціўніка. Яго гусары, што знаходзіліся на правым крыле арміі Хадкевіча, сьмелым націскам разграмілі швэдзкіх рэйтараў, а потым ударылі на пяхоту. Калі ў бой пайшлі атрады цэнтру і левага крыла, швэдзкае войска было кінутае ў балоты і пачаўся поўны разгром праціўніка. На полі бою засталося 300 забітых швэдзкіх жаўнераў. Пераможцы ўзялі 21 сьцяг, 6 гармат і ўвесь абоз. У войску Хадкевіча страты былі малыя: 50 забітых і 100 параненых. Перамога не была выкарыстана, бо ў дзяржаўным скарбе не было грошай і жаўнерам не выплацілі жалаваньня. Войска стварыла канфэдэрацыю, якая адмовілася працягваць ваенныя дзеі.
[рэдагаваць] Кірхгольмская бітва
За заслугі ў вайне са Швэцыяй у сакавіку 1605 году староста Жамойцкі Ян Караль Хадкевіч атрымаў вялікую булаву, гэта значыць атрымаў пасаду гетмана вялікага літоўскага. Кароль Жыґімонт Ваза надаў таксама Хадкевічу Дорпацкае староства (у Эстоніі). А ў гэты час Швэцыя рыхтавалася да новай кампаніі, каб усё ж такі захапіць Інфлянты. У сярэдзіне верасьня 1605 году швэдзкія сілы сканцэнтраваліся каля Рыгі, каб узяць яе. Сюды ж накіравалася і швэдзкая армія на чале з каралём Карлям ІХ. Ян Караль Хадкевіч, які меў 3500 жаўнераў (пераважна коньніцы), вырашыў даць бітву каля Рыгі, супраць яго выступіла швэдзкае войска ў 11 тысяч чалавек, у тым ліку 8500 пяхоты. Кароль Карль ІХ, маючы войска ўтрая большае, быў перакананы ў сваёй перамозе.
27 верасьня 1605 году пад Кірхгольмам (цяпер Саласпілс), у 15 кілямэтрах ад Рыгі, на паўночным беразе Дзьвіны, адбылася бітва. Хадкевічу ўдалося выманіць швэдаў зь іх выгадных пазыцый на ўзгорках, зрабіўшы выгляд, што яго войска раптам пачало адступаць. А калі пяхота і коньніца праціўніка пачалі наступ усьлед за адступаючымі атрадамі Хадкевіча, беларускія конныя харугвы хутка зьмянілі фронт і абрынуліся на швэдзкую пяхоту, якая ўжо пачала ўзьбірацца на ўзгоркі, усьлед за атрадам Хадкевіча. Адначасова швэдзкую пяхоту ва ўпор расстрэльвала артылерыя беларускага войска. Гусары Яна Пятра Сапегі, Вінцэнта Войны і Тодара Ляцкага разграмілі швэдзкіх рэйтараў і ўварваліся ў шэрагі галоўных швэдзкіх сіл на правым крыле, якім камандаваў граф Фрыдрых Яахім Мансфэльд. Пасьля трох гадзін бою армія швэдзкага караля была цалкам разгромлена. Карл ІХ выратаваўся, уцёкшы на кані зь бітвы ў Парнаву (Пярну). Швэды страцілі 6 тысяч забітымі. Былі захоплены 60 швэдзкіх штандараў, 12 гармат і ўвесь абоз. Некалькі соцень швэдзкіх жаўнераў трапілі ў палон. Страты арміі Хадкевіча былі невялікімі: у баі зь пяхотай страцілі 100 чалавек забітымі і 200 параненымі.
Перамога Яна Караля Хадкевіча пад Кірхгольмам над у тры разы большым праціўнікам была атрымана дзякуючы майстэрскаму кіраваньню коньніцай і канцэнтрацыяй сіл на розных этапах бітвы ў патрэбным на гэты час накірунку. Таму кавалерыя Хадкевіча і здолела перамагчы некалькі калёнаў праціўніка, што стаялі адна з адной. Бітва пад Кірхгольмам была найбольш слаўнай сярод перамог гетмана Яна Караля Хадкевіча. Кірхгольмская бітва 1605 году зьяўляецца адной са слаўных старонак беларускай вайсковай гісторыі 17 стагодзьдзя. Хутка весткі пра яе разьляцеліся па ўсім краі і за мяжой. Хадкевіча віншаваў ня толькі кароль Жыгімонт ІІІ, але таксама і нямецкі імпэратар Рудольф ІІ, ангельскі кароль Якуб І і нават пэрсыдзкі шах Абас Вялікі і турэцкі султан Ахмэд І. Папа рымскі Павал V даслаў Хадкевічу ліст зь віншаваньнямі. Прапаведнік Пятро Скарга выступіў у Вавельскім катэдральным касьцёле з казаньнем у прысутнасьці караля. Гэтая прамова пра інфлянцкую перамогу была надрукаваная ў Вільні ў тым жа 1605 годзе. За сваю перамогу Ян Караль Хадкевіч атрымаў маёнткі Сэруце ля Віцебска, Дуды над Нёманам і Лотву (Ашмянскі павет), а таксама прыбыткі з Упіцкай эканоміі. Яму таксама была перададзена Любашанскае староства ў Аршанскім павеце.
[рэдагаваць] Унутрыпалітычная сытуацыя ў Рэчы Паспалітай
Вынікі перамогі пад Кірхгольмам ня былі выкарыстаныя. У дзяржаўным скарбе зноў не было грошай, жаўнерам за службу не плацілі, і войска пачало разыходзіцца.
А ў гэты час у Польшчы ўзмацнілася апазыцыя цэнтралізатарскай палітыцы караля Жыгімонта ІІІ групоўкі магнатаў і шляхты. На чале яе стаяў кракаўскі ваявода Мікалай Зэбжыдоўскі. У Вялікім княстве Літоўскім яго падтрымліваў адзін зь лідараў кальвіністаў Януш Радзівіл, муж княгіні слуцкай Соф'і Алелькавіч і ўладальнік багатых маёнткаў у Жамойці. У 1606 годзе апазыцыя перайшла да рашучых дзеяў з мэтай дэтранізацыі Жыгімонта Вазы. Апазыцыя стварыла канфэдэрацыю і абвясьціла рокаш (законны ўзброены саюз шляхты супраць караля). Кароль у сваю чаргу пачаў зьбіраць войска супраць канфэдэратаў. Ян Караль Хадкевіч спрабаваў спачатку захаваць нэўтралітэт, але, калі Януш Радзівіл далучыўся да Мікалая Зэбжыдоўскага, Хадкевіч на зьезьдзе беларускай шляхты ў Навагародку 25 верасьня 1606 году асудзіў апазыцыю каралю. Потым Хадкевіч з 1600 жаўнерамі далучыўся да караля каля Варшавы (чэрвень 1607 году). 6 ліпеня 1607 году каля Гузава (недалёка ад Радама) адбылася бітва паміж каралеўскімі войскамі і ракашанамі. Ян Караль Хадкевіч камандаваў беларускімі сіламі на правым крыле каралеўскіх войскаў. Супраць яго стаялі беларускія роты, якімі камандаваў Януш Радзівіл, і, калі яны пачалі адступаць, Хадкевіч, не жадаючы разгрому сіл Радзівіла, вырашыў не перасьледаваць іх. І хоць перамогу атрымалі каралеўскія войскі, магнаты, прыхільнікі караля, якія таксама не хацелі ўзмацненьня каралеўскай улады, прымусілі караля пайсьці з ракашанамі на кампраміс. Кароль адмовіўся ад пляну рэформы дзяржаўнай сыстэмы. Тым ня менш бітва пад Гузавам 1607 года выразна падзяліла магнацка-шляхецкае грамадзтва Вялікалітвы на дзьве групоўкі: на прыхільнікаў караля і вялікага князя Жыгімонта на чале з Хадкевічам і на апазыцыю на чале з Янушам Радзівілам. Узброеныя сутычкі партызанскага характару адбываліся ў Беларусі. Але і гэтыя партызанскія выступы апазыцыі былі падаўленыя. У гэтай барацьбе прыхільнікаў караля (рэгалістаў), якіх узначальваў каталіцкі магнат Ян Караль Хадкевіч, з апазыцыяй, якую ўзначальваў Януш Радзівіл, праявіліся не толькі палітычныя і рэлігійныя супярэчнасьці ў беларускім грамадзтве, але і асабістае суперніцтва двух вядомых прадстаўнікоў магнацкіх родаў Хадкевічаў і Радзівілаў, якія аспрэчвалі сваё першынства ў Вялікім княстве Літоўскім. Каб памірыць Хадкевічаў з Радзівіламі, у справу ўмяшаўся самы уплывовы чалавек у краіне, канцлер вялікі Леў Сапега. Урэшце суперніцтва магнатаў было прыцішана.
[рэдагаваць] Перамогі над швэдамі ў 1607–1617
Грамадзянская вайна ў Рэчы Паспалітай аблягчыла становішча швэдаў у Балтыі. Вясной 1607 году яны здабылі Белы Камень, а ў 1608 годзе — Дынамюндэ (пры ўпадзеньні Заходняй Дзьвіны ў Рыскую затоку) і Фэлін (Вільяндзі). У кастрычніку 1608 году Ян Караль Хадкевіч вярнуўся ў Інфлянты і перайшоў у контрнаступ. Сабраўшы 2-тысячнае войска, Хадкевіч рушыў на поўнач. Яго войска ў лютым 1609 году за 6 дзён прайшло 200 кілямэтраў, што для таго часу было незвычайна. Дайшоўшы да Парнавы (Пярну), ён начным штурмам 1 сакавіка 1609 году здабыў Парнаву і вярнуўся пад Рыгу, якую заблякавалі швэдзкія войскі і флёт. Сьмелым ударам яго коньнікаў былі разьбіты перадавыя атрады корпусу графа Мансфэльда, што прымусіла швэдзкага генэрала адыйсьці ад Рыґі. Была ўзятая крэпасьць Дынамюндэ. Адначасова невялічкая эскадра Хадкевіча нанесла страты швэдзкаму флёту ля Рыґі, ля порта Саліс, і прымусіла яго адыйсьці таксама. Пры гэтым швэдзкі флёт страціў два караблі. Далей Ян Караль Хадкевіч намагаўся пайсьці ў Эстонію, але не атрымаў абяцаных падмацаваньняў ад караля, бо Жыґімонт ІІІ рыхтаваўся да вайны з Расеяй. Сьмерць караля Карла ІХ дазволіла пачаць мірныя перамовы. У 1611 годзе паміж Швэцыяй і Рэччу Паспалітай было падпісана перамір'е і на некаторы час (да 1617 году) ваенныя дзеі ў Балтыі былі спыненыя.
[рэдагаваць] Паходы Яна Хадкевіча на Маскву
[рэдагаваць] Перадгісторыя
Падчас барацьбы ў Маскоўскай дзяржаве паміж Ілжэдзьмітрыем І і Барысам Ґадуновым і потым, пасьля забойства Ілжэдзьмітрыя І, сярод кіруючых колаў Рэчы Паспалітай папулярным быў плян стварэньня славянскай фэдэрацыі — Рэчы Паспалітай з далучэньнем да яе Расеі ў якасьці трэцяга члена фэдэрацыі, разам з Польшчай і Беларусяй.
Зачэпкай для пачатку вайны з Маскоўскім царствам было ўвядзеньне на тэрыторыю Расеі па просьбе цара Васілія Шуйскага ў 1609 годзе швэдзкага корпуса на чале з Я.Дэляґарды для барацьбы з прыхільнікамі Ілжэдзмітрыя ІІ, які знаходзіўся ў Тушыне пад Масквой. Паколькі Жыґімонт Ваза быў у стане вайны са Швэцыяй, то ўвядзеньне каралеўскіх войск у Расею і яе хаўрус са Швэцыяй разглядаліся як варожы акт. Сам кароль Жыгімонт узначаліў войска, якое складалася з польскіх і беларускіх войск і палкоў украінскіх казакоў. Да гэтага войска, якое ўступіла на тэрыторыю Расеі, па закліку караля далучыліся польскія, беларускія і ўкраінскія атрады з-пад Тушына, якія пакінулі лягер Ілжэдзьмітрыя ІІ. У верасьні 1609 году пад камандаваньнем караля Жыгімонта пачалася аблога Смаленска, якая цягнулася да чэрвеня 1611 году, калі Смаленск быў узяты.
Пасьля ганебнае паразы маскоўскага войска (на чале з братам цара князем Дз.І.Шуйскім), калі 6500 жаўнераў (польскія і беларускія сілы) на чале з гетманам польным каронным С.Жулкеўскім 4 ліпеня 1610 году разграмілі 35-тысячную расейскую армію ля сяла Клушына (у раёне Ґжацка), у Маскве цар Васілій Шуйскі быў скінуты з трона і пастрыжаны ў манахі. Новы маскоўскі ўрад — "сямібаяршчына" — празь месяц заключыў дамову з каралём Жыгімонтам і абвясьціў 15-гадовага каралевіча Ўладзіслава Зыгмунтавіча (як яго па беларускім узоры называлі ў Польшчы) царом маскоўскім і ўсяе Расеі. Жыхары Масквы і іншых гарадоў Расеі прызналі Ўладзіслава царом і прынесьлі яму крыжацалавальную прысягу на вернасьць, падпісаўшы грамату. Але бацька тады каралевіча ў Маскву не адпусьціў. У Маскву ўвайшоў польска-беларускі гарнізон на чале са Станіславам Жулкеўскім.
Гетман вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч выступаў супраць дапамогі Ілжэдзьмітрыю ІІ і супраць вайны з Расеяй і нават выказваў сваё незадавальненьне каралю, як і раней, гаварыў яму адкрыта, што з-за таго, што кароль ня выдаткаваў грошай і не прысылаў у час вайсковай дапамогі ў Інфлянты, не ўдалося атрымаць канчатковай перамогі над швэдамі. Цяпер каралю прыйшлося прыкласьці шмат намаганьняў, каб пераканаць Хадкевіча ўдзельнічаць з войскам, што было ў Інфлянтах, у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. У красавіку 1611 году Ян Караль Хадкевіч пайшоў у напрамку на Пскоў і шэсьць тыдняў стаяў пад мурамі Пячорскага кляштару, але ўзяць яго ня здолеў і адступіў.
[рэдагаваць] Першы паход
Урэшце гетман Ян Караль Хадкевіч згадзіўся на прапанову караля ўзначаліць войска для дапамогі польска-беларускаму гарнізону ў Маскве. На пачатку восені 1611 году Хадкевіч сабраў у Шклове 2500 жаўнераў, запасы харчаваньня і амуніцыі і накіраваўся ў Маскву, куды дайшоў 6 кастрычніка. Яго войска мела некалькі сутычак з удзельнікамі першага расейскага апаўчэньня Дзьмітрыя Трубяцкога і І.Заруцкага, але мусіла адступіць.
Польскія жаўнеры ня вельмі хацелі падпарадкоўвацца гетману літоўскаму. У пачатку лістапада 1611 году ўжо 2-тысячны атрад Яна Караля Хадкевіча адступіў у Гомель. Тут ён зноў сабраў запасы харчаваньня і 18 сьнежня 1611 году прывёз іх у Маскву для польска-беларускага гарнізона Крамля. У 1612 годзе яшчэ двойчы ён прыходзіў у Маскву, каб забясьпечыць гарнізон харчаваньнем. Апошні паход гетмана Хадкевіча на Маскву, зноў з запасамі для крамлёўскага гарнізона, адбыўся ў канцы лета – пачатку верасьня 1612 году. У адзін час з гетманам Янам Каралем Хадкевічам у Маскву накіраваўся кароль Жыгімонт ІІІ і каралевіч Уладзіслаў, каб заняць маскоўскі трон. Каралевіча суправаджаў канцлер Леў Сапега. Хадкевіча ля Масквы сустрэлі атрады першага і другога расейскага апалчэньня, у якіх воінаў было значна больш, чым у Яна Караля Хадкевіча. На гэты раз прабіцца да Крамля яму не ўдалося. Другое расейскае апалчэньне пад кіраўніцтвам Кузьмы Мініна і князя Дзьмітрыя Пажарскага ўжо заняло большую частку Масквы. 31 жніўня 1612 году войска гетмана Хадкевіча знаходзілася ў 5 кілямэтрах ад мураў Масквы, на Паклоннай гары. 1 верасьня Хадкевіч заняў падмаскоўны тады Новадзевічы кляштар і спрабаваў увайсьці ў Маскву з захаду праз Чартольскую браму, але быў адбіты паўстанцамі-апалчэнцамі. На наступны дзень ён спрабаваў увайсьці ў горад з поўдня, прайшоўшы праз Данскі кляштар, праз Калускую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсьці да вуліц Вялікая Ардынка і Пятніцкая. Спробы прарвацца да Крамля і Кітай-горада не ўдаліся і ў гэты дзень. 2 верасьня 1612 году Хадкевіч узнавіў атакі. Яго жаўнерам удалося дайсьці амаль да самай Масквы-ракі, але і цяпер да берага ракі апалчэнцы іх не дапусьцілі. А Кузьма Мінін з часткай сіл пераправіўся праз Маскву-раку і нанёс удар войску Хадкевіча ля Крымскага двара (цяпер раён Крымскага маста). Атакі войска Яна Караля Хадкевіча былі канчаткова адбітыя, яго войска страціла 500 чалавек і абоз з правіянтам, і ён вымушаны быў адступаць. Гэта вырашыла і лёс крамлёўскага гарнізона. 1 лістапада апалчэнцы занялі Кітай-горад, а 6 сьнежня 1612 году капітуляваў і гарнізон Крамля, бо харчаваньня ў іх ужо не было.
Адступаючы, Ян Караль Хадкевіч сустрэў у Вязьме новую каралеўскую армію, зь якою ў Маскву ўрэшце ехаў разам з бацькам 17-гадовы каралевіч Уладзіслаў Жыгімонтавіч, каб заняць маскоўскі трон. Але гэтая армія затрымалася ў дарозе, спрабуючы ўзяць Валакаламск, і да моманту капітуляцыі польска-беларускага гарнізона не пасьпела. А потым ужо было позна. У лютым 1613 году земскі сабор абраў новага цара, 16-гадовага Міхаіла Фёдаравіча Раманава, родапачынальніка новай дынастыі ў Расеі.
[рэдагаваць] Другі паход у Маскву
Гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч у 1613 – 1615 гадах камандаваў польскімі і беларускімі сіламі ў Смаленскім ваяводзтве, не дапускаючы сюды расейцаў. На пачатку 1615 году Хадкевіч накіраваў у глыбіню расейскай тэрыторыі два атрады: Януша Кішкі на Старадуб і Аляксандра Лісоўскага на Бранск.
А ў гэты час каралеўскі двор у Варшаве зноў вярнуўся да пляна пасадзіць на маскоўскі трон каралевіча Ўладзіслава. Было вырашана, што камандаваць войскам, якое будзе суправаджаць цара Ўладзіслава ў Маскву, будзе гетман вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч, бо гетман вялікі каронны Станіслаў Жулкеўскі адмовіўся ісьці ў паход.
Каб пераканаць Яна Караля Хадкевіча ў неабходнасьці новага паходу ў Маскву, 20 чэрвеня 1616 году Жыгімонт Ваза надаў яму вышэйшую пасаду ў Вялікім княстве Літоўскім — віленскага ваяводы. Тады ж Ян Караль Хадкевіч адмовіўся ад пасады старосты жамойцкага на карысьць Януша Кішкі.
Хадкевіч з войскам пачаў паход раней і 11 кастрычніка 1617 году ўзяў Дарагабуж, а неўзабаве аблажыў Вязьму. Сюды да яго выехаў праз Магілёў і Смаленск каралевіч Уладзіслаў, які і пачаў рассылаць у Расеі свае царскія граматы з ільготамі да розных груп насельніцтва. Была занятая і Вязьма. Да Ўладзіслава далучылася частка дваран, данскіх казакоў і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў часоў паўстаньня Івана Балотнікава. Але большасьць баяраў, дваранаў і казакоў Уладзіслава не падтрымала. Пасьля заняцьця Вязьмы ўдарылі моцныя маразы, і асноўныя ваенныя дзеі былі прыпыненыя. Каралевіч і гетман засталіся ў Вязьме. Атрады лёгкай коньніцы (лісоўчыкі) дзейнічалі ў бліжэйшых паветах, спусташаючы і так спустошаныя раёны Расеі. Пачалася падрыхтоўка да далейшага паходу. Вясной 1618 году сілы для наступу на Маскву былі сабраныя. Цяпер у войску Яна Караля Хадкевіча налічвалася 14 тысяч чалавек, у тым ліку каля 5500 пяхоты. Аднак дысцыпліна ў лягеры была недасканалай. Пачаліся спрэчкі, каму камандаваць асобнымі палкамі. У рашэньні камандаваньня ўмешваўся сам каралевіч і яго фаварыты. Рашучы і сьмелы, Хадкевіч часта ўступаў у спрэчкі з Уладзіславам. А ў гэты час прышлі весткі з Варшавы, што сойм выдаткаваў грошы на вядзеньне вайны ў Расеі толькі на 1618 год.
У чэрвені 1618 году войска Хадкевіча працягнула паход на Маскву. Ён хацеў прайсьці ў Маскву праз Калуґу, але вайсковая рада і каралевіч вырашылі накіраваць атрады проста на Маскву. Час быў страчаны на заняцьце Мажайска. У пачатку кастрычніка 1618 году войска каралевіча заняло сяло Тушына на поўнач ад Масквы і пачало рыхтавацца да штурму сталіцы. Да Масквы праз паўднёвыя паветы Расеі прыйшло з Украіны 20-тысячнае казацкае войска на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным, да дарозе разрабаваўшы Пуціўль, Ліўны, Ялец і Лебядзянь і іх акругі. Сагайдачны зьявіўся да Данскога кляштару, а адтуль прайшоў у Тушына. У ноч на 11 кастрычніка пачаўся штурм Масквы празь Цьвярскую і Арбацкую брамы, але штурм быў адбіты. Набліжалася зіма, жаўнерам грошы не плацілі, бо іх не было, і каралевіч пачаў перамовы з маскоўскімі баярамі. У выніку перамоваў 11 сьнежня 1618 году ў сяле Дэўліне (каля Тройца-Сергіева манастыра) было падпісанае перамір'е. Расея адмовілася ад прэтэнзій на смаленскую зямлю, якая цяпер вярталася ў склад Вялікага княства Літоўскага, і на чарнігаўскую і северскую землі, якія ўвайшлі ў склад Кароны. Уладзіслаў захаваў тытул цара маскоўскага і ўсяе Расеі. Перамір'е было заключана на 14,5 гадоў. Гэта быў кампраміс і часовае вырашэньне дзяржаўных і тэрытарыяльных праблем.
Гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч вярнуўся з гэтага паходу расчараваным. Гады, праведзеныя на войнах, паўплывалі на яго здароўе. Хадкевіч усё часьцей хварэў. Ён адышоў ад дзяржаўных спраў, усё больш займаўся гаспадаркай у сваіх маёнтках. Былі і сямейныя клопаты.
[рэдагаваць] Вайна супраць Турэччыны 1620–1621
На сойме ў Варшаве ў сьнежні 1620 году гетман Ян Караль Хадкевіч атрымаў галоўнае камандаваньне над узброенымі сіламі Рэчы Паспалітай у вайне супраць Турэччыны, бо кароннае войска ў кастрычніку 1620 году страціла абодвух гетманаў у бітве з туркамі і крымскімі татарамі пад Цэцорай (у Малдове, недалёка ад Яс). Гетман вялікі каронны Станіслаў Жулкеўскі быў забіты, а гетман польны каронны Станіслаў Канецпольскі трапіў у няволю.
Ян Караль Хадкевіч узначаліў кароннае (польскае) і беларускае войска ў паходзе супраць туркаў і крымскіх татараў у Малдову. На поўначы тагачаснага Малдаўскага княства (васала Турэцкай імпэрыі) знаходзілася крэпасьць Хоцін, на малдаўскім беразе Днястра. Тут, у раёне Хоціна, і зьбіраўся даць рашаючую бітву ворагу стары гетман. Да польска-беларускага войска далучыліся ўкраінскія казакі гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага, даўняга знаёмага і баявога паплечніка Хадкевіча. Польска-беларускае войска налічвала каля 30 тысяч жаўнераў, зь іх 14 тысяч пяхоты і больш за 17 тысяч коньнікаў, была і артылерыя. Украінскіх казакоў было таксама 35 тысяч. Супраць гэтага войска турэцкі султан Асман II прывёў армію, якая складалася з туркаў, крымскіх татараў, малдаван і валахаў, разам каля 100 тысяч чалавек (некаторыя крыніцы называюць 160 тысяч туркаў і 60 тысяч татараў). Пяхота складала толькі адну шостую частку арміі султана, хаця ў баявых дзеях вакол моцнай крэпасьці Хоцін, якую заняў Хадкевіч, перш за ўсё патрэбная была пяхота. Аднак у туркаў было больш гарматаў, чым у Хадкевіча. У параўнаньні з Хадкевічам малады султан Асман II прайграваў, бо баявога вопыту ня меў. Тым ня менш становішча польска-беларускіх сіл і ўкраінскіх казакоў было складаным, бо іх было менш, чым у праціўніка.
[рэдагаваць] Бітва пад Хоцінам
Ужо 21 ліпеня 1621 году Ян Караль Хадкевіч з 20 тысячамі жаўнераў знаходзіўся пад Хоцінам і чакаў асноўную частку войска, якую вёў сюды каралевіч Уладзіслаў. 1 жніўня, не чакаючы падыходу галоўных сіл, Хадкевіч пачаў пераправу праз Днестар, заняўшы крэпасьць Хоцін і яго навакольле. Галоўны корпус каралевіча Ўладзіслава падышоў у мястэчка Жванец (насупраць Хоціна, на левым беразе Днястра) толькі 30 жніўня, а перапраўляўся праз Днестар ужо падчас баёў з туркамі.
Лягер Хадкевіча, тылам якога быў Днестар, быў абкружаны земляным валам у 8 кілямэтраў даўжыні. Казакі абкружылі свой лягер радамі закапаных у зямлю вазоў. Хадкевіч падзяліў лінію абароны на тры ўчасткі. Правы ўчастак, побач з казакамі, занялі беларуска-літоўскія палкі пад непасрэдным камандаваньнем Хадкевіча, у цэнтры камандаваў каралевіч Уладзіслаў (але ён увесь час быў хворы і фактычна не камандаваў), левым крылом камандаваў Станіслаў Любамірскі, падчашы каронны, потым ваявода кракаўскі. Галоўнакамандуючым быў сам Ян Караль Хадкевіч.
Бітва пад Хоцінам пачалася ў самым пачатку верасьня 1621 году і з кароткімі перапынкамі цягнулася шэсьць тыдняў. Польска-беларускае войска і казакі ўмацавалі свае пазыцыі, вырылі акопы і насыпалі земляныя ўмацаваньні вакол свайго лягера. У цяжкіх умовах Хадкевічу ўдалося ўтрымаць дысцыпліну жаўнераў і казакоў, нягледзячы на тое, што ў яго лягеры не хапала харчаваньня і жаўнеры былі пасаджаны на галодны паёк, бо татары на паўночным беразе Днястра перашкаджалі падвозу харчаваньня. Да таго Ян Караль Хадкевіч ужо моцна хварэў і з 11 верасьня кіраваў ваеннымі дзеямі, лежучы ў сваім паходным шатры. Спачатку 2 – 4 верасьня 1621 году туркі і іх хаўрусьнікі атакавалі казацкі лягер і ўрэшце і польска-беларускі, але атакі туркаў былі адбітыя. Пры гэтым яны панесьлі цяжкія страты.
Потым наступілі два дні перапынку. 7 верасьня туркі, выкарыстоўваючы артылерыю, пайшлі на штурм і нават уварваліся на галоўны вал у стыку цэнтру і левага крыла войска Хадкевіча. Хадкевіч кінуў на туркаў сваіх гусараў, якія сагналі туркаў з вала. Новую атаку туркаў Хадкевіч перапыніў, выпусьціўшы праз бакавую браму коньніцу, якая флянгавым ударам разьбіла калёны туркаў. Туркі несьлі вялікія страты. Тады туркі спынілі штурм і ў наступныя дні заблякавалі лягер Хадкевіча. 15 верасьня яны кінулі на штурм адборныя сілы з 5000 янычараў і 8000 коньніцы. І гэты штурм быў адбіты зь вялікімі стратамі для туркаў. Але і ў войску Хадкевіча былі страты, пашыраліся хваробы, наступіў голад. 23 верасьня абаронцы скарацілі пэрымэтар абароны, разрыўшы галоўныя земляныя валы і насыпаўшы новыя, але далей у тыле. У гэты дзень Ян Караль Хадкевіч сабраў вайсковую раду і перадаў булаву кароннаму падчашаму Станіславу Любамірскаму, сказаўшы, што памірае. Памёр Ян Караль Хадкевіч 24 верасьня 1621 года. Хоць камандзіры спрабавалі захаваць гэтую вестку ў таямніцы, каб не аслабіць баявы дух жаўнераў, войска хутка даведалася і, калі перавозілі ў замак Хоцін яго цела, жаўнеры сталі ў строй і аддалі вайсковае ўшанаваньне свайму палкаводцу.
Туркі таксама даведаліся пра сьмерць Хадкевіча і 25 і 28 верасьня зноў штурмавалі лягер Хадкевіча, аднак зноў панесьлі страты. 29 верасьня ваенныя дзеі спыніліся, пачаліся мірныя перамовы, і 9 кастрычніка 1621 году быў падпісаны мірны дагавор паміж Рэччу Паспалітай і Турэччынай. Султан забараніў крымскім татарам нападаць на Ўкраіну. На наступны дзень турэцкая армія адступіла. Вайна закончылася перамогай. Гэта была і апошняя перамога Хадкевіча.
[рэдагаваць] Асабістае жыцьцё
Ян Караль Хадкевіч ажаніўся ў 1593 годзе з удавой слуцкага князя Яна Сымеона Алелькавіча, Зоф'яй Мялецкай (1567 – 1619), дачкой ваяводы падольскага і гетмана вялікага кароннага Мікалая Мялецкага. Жонку, як сьведчылі сучасьнікі, ён кахаў. Ад гэтага шлюбу ў яго быў сын Геранім (1598 – 1613) і дачка Ганна Схалястыка (1604 – 1625), якая была замужам за Янам Станіславам Сапегам (1589 – 1635), маршалкам дворным літоўскім, старэйшым сынам Лява Сапегі, канцлера вялікага літоўскага. Адзінокага гетмана ўгаварыў ажаніцца другі раз яго старэйшы брат, Аляксандр Хадкевіч, ваявода троцкі, які не хацеў, каб багатая спадчына брата перайшла да Сапегаў. Аляксандр сватаў Яна Караля за адну з дачок княгіні Ганны Астрожскай. 60-гадовы гетман выбраў князёўну Ганну Алойзію Астрожскую (1600 –1654), 20-гадовую дачку валынскага ваяводы, ужо сірату. Шлюб адбыўся 28 лістапада 1620 году ў Ярославе. Хутка пасьля вясельля гетман адправіўся на сойм у Варшаву, а потым у свой апошні паход, не ўступіўшы ў правы мужа. Яго жонка зьбіралася раней пайсьці ў кляштар і, згодна зь яе воляй, прасіла мужа пакінуць яе нявіньніцай.
Пасля Яна Караля Хадкевіча засталася багатая спадчына. Найбольш вялікімі маёнткамі з гарадамі і мястэчкамі былі Быхаў і Горы ў Аршанскім павеце, Ляхавічы — у Навагародзкім, Сьвіслач - у Ваўкавыскім, Шкуды і Крэтынга — у Жамойці. Разам з братам Аляксандрам ён быў уладальнікам Шклова і Шклоўскага графства. Праўда, Ян Караль Хадкевіч выдаваў свае грошы на войска, і таму яго даўгі перад сьмерцю дасягалі 100 тысяч злотых (больш чым гадавы прыбытак ад усіх яго маёнткаў). Тым ня менш за спадчыну Хадкевіча пачаліся спрэчкі паміж рознымі магнацкімі родамі, якія былі ў сваяцтве зь ім. Прэтэнзіі на спадчыну выказалі дачка Анна Схалястыка і яе муж Станіслаў Сапега, брат Яна Караля Аляксандр Хадкевіч і маладая ўдава Ганна Алойзія Хадкевічова (народжаная Астроская) разам са сваімі апекунамі. Барацьба за спадчыну скончылася толькі праз два гады, у траўні 1623 году, калі ўсе сваякі падзялілі спадчыну гетмана. Удава гетмана дамаглася, каб яго труну пахавалі ў магіле не ў хадкевічаўскім горадзе Крэтынзе (дзе была пахавана яго першая жонка), як ён сам хацеў, а ў рэзыдэнцыі князёў Астроскіх — горадзе Астрогу на Валыні.
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.
[рэдагаваць] Літаратура
- В. Чаропка. «Уладары Вялікага Княства».
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
Ян Караль Хадкевіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў