Леў Сапега
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Леў Сапега (4 красавіка 1557 - 7 ліпеня 1633) - палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, дыплямат і мысьляр.
Леў Сапега паходзіў са старажытнага роду аршанскіх баяр. Нарадзіўся ў радавым маёнтку Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобл.). Малалетнім яго аддалі на выхаваньне ў Нясьвіскі двор Мікалая Радзівіла Чорнага, які потым паслаў 13-гадовага юнака на вучобу ў Ляйпцыґскі унівэрсытэт. Пад час навучання ў Ляйпцыгу Сапега пераходзiць у кальвiнiзм, аб чым напiсаў потым у сваiм тэстаменце. На Радзіму юнак вяртаецца каля 1572 г. У 1575 г. Андрэй Нікадымавіч Цеханавецкі, які прадстаўляў інтарэсы новагародскага ваяводзіча Астафія Гарнастая, выклікаў у аршанскі гродскі суд „о гвалтовное выбитие спокойного держания с имения Старосельского и з ыменей заднепровских и побитье, помордование и зранение слуг, и бояр, и подданых наших и почынение немало шкод” Івана Іванавіча Сапегу разам з сынамі – Рыгорам і Львом. Адказчыкі на суд не з'явіліся і Цеханавецкі дамогся атрымання выраку аб выгнанні іх за межы дзяржавы „за тое непослушенство”, які і адаслаў вялікаму князю і каралю Генрыху Валуа. Аднак толькі Стэфан Баторы, пасля таго як атрымаў ліст ад аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага, нягледзячы на скаргі Сапегаў аб несправядлівасці суда, асудзіў іх у абозе пад Гданьскам 10 жніўня 1577 г. на баніцыю (выгнанне). Да рэалізацыі дэкрэту справа аднак не дайшла. Ужо ў кастрычніку 1577 г. манарх скасаваў вырак аршанскага гродскага суда як супрацьпраўны пасля звароту падляшскага ваяводы Івана Іванавіча Сапегі. Як сведчаць крыніцы, у задворным каралеўскім судзе інтарэсы бацькі бараніў Леў Іванавіч Сапега. Кар'ера якога была прадвызначана павінна ў гэтае першае спатканне з манархам. На працягу свайго жыцьця Сапега займаў розныя высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім: 4 лютага 1580 г. ён атрымаў пасаду сакратара Яго Каралеўскай Міласці Стэфана БаторыяСтафан Батура, а пасля заключэння перамiр'я з Маскоўскай дзяржавай стаў пiсарам вялiкiм літоўскім (згадваецца на пасадзе ўжо 3 сакавіка 1581 года. Пасля адмаўлення Крыштафа Радзiвiла Пяруна ад пасады падканцлера Леў Іванавіч быў прызначаны на гэтую пасаду 2 лютага 1585 г. 20 ліпеня 1586 года Сапега атрымлівае прывілей на Слонімскае судовае староства па смерці Р.Валовіча. Гэтую пасаду ён будзе займаць да 1605 г. Пад канец варшаўскага пацыфiкацыйнага сойма ў канцы красавiка 1589 г. Леў Іванавіч атрымаў ад Жыгімонта III Вазы пасаду канцлера ВКЛ, якую будзе займаць да прызначэння на пасаду віленскага ваяводы. Ваяводай віленскім ён стаў у 1623 г. (вядома з намінацыі на канцлерства ВКЛ яго наступніка - Альбрыхта Станіслава Радзівіла, які атрымаў намінацыйны прывілей на пасаду 6 лютага 1623 г.). У некаторых публікацыях намінацыя Сапегі на віленскае ваяводства памылкова падаецца 1621 г. Захаваўшы пасаду віленскага ваяводы каля 25 ліпеня 1625 года Леў Іванавіч Сапега быўпрызначаны на пасаду найвышшага (або вялікага)гетмана ВКЛ. Акрамя таго Леў Іванавіч Сапега займаў пасаду маршалка Галоўнага Трыбунала ВКЛ у 1604, 1624 і 1630 гг. На ўсіх гэтых пасадах Леў Сапега паказаў сябе як таленавіты палітык.
На апошнім этапе Лівонскай вайны (1558-1583) праславіўся як ваенны дзеяч і дыплямат. Сфармаваўшы за свой кошт гусарскі полк, ён зьвярнуў на сябе ўвагу пасьпяховымі дзеяньнямі ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскову. Пасьля заканчэньня вайны Сапега ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іванавічам мірнае пагадненьне на 10 гадоў. У 1600 зноў езьдзіў з пасольствам у Маскву, дзе з расейскім царом Барысам Ґадуновам было падпісана чарговае мірнае пагадненьне на 20 гадоў.
Нягледзячы на тое, што паміж Расейскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім частымі былі ваенныя і розныя дыпляматычныя сутыкненьні і асабістыя адносіны Сапегі да Масквы не заўсёды былі дружалюбнымі, пасьля сьмерці караля Стафана Батуры яго апанавала думка пра аб’яднаньне Рэчы Паспалітай з Расеяй. Аб’яднаньне славянскіх народаў і абраньне імі адзінага манарха, на яго думку, спрыяла б росту іх эканамічнага і ваеннага патэнцыялу, забясьпечыла б трывалы мір.
Калі ў 1620-я гады ў межы Вялікага княства Літоўскага ў чарговы раз уварваліся швэды, стары гетман ВКЛ зноў стаў на абарону свайго краю і ўзяў удзел у ваенных дзеяньнях, вылучыўшы на фінансаванне войска значную частку сваіх уласных сродкаў (каля 40000 фларэнаў). Быў адным з ініцыятараў падпісаньня сепаратнага Балдэнмуйжскага замірэньня з Швецыяй 1627 г. і Альтмаркскага міру Рэчы Паспалітай і Швецыі, заключанага ў 1629 г.
Зь імём Ільва Сапегі зьвязаная падрыхтоўка і выданьне 3-га Статута Вялікага княства Літоўскага (1588) і стварэньне ў 1581 Трыбунала Вялікага княства Літоўскага - найвышэйшай судова-апэляцыйнай інстанцыі дзяржавы, аднак і ў распрацоўцы Статута і ў стварэнні Трыбунала прымалі ўдзел шматлікія іншыя сенатары і шляхціцы ВКЛ.
Філязоўска-прававыя погляды С. значна паўплывалі на зьмест гэтага Статута. Пры яго выданьні Сапега зьмясціў як прадмову да Статута зварот да вялікага князя Жыґімонта ІІІ Вазы і насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, дзе абгрунтаваў неабходнасьць гэтай новай кадыфікацыі законаў. Важнай крыніцай вывучэння сацыялягічных поглядаў Лява Сапегі зьяўляюцца таксама яго лісты.
Зьмест |
[рэдагаваць] Погляды на грамадзтва і асобу
Сьветапогляд і грамадска-палітычная дзейнасьць Сапегі даволі супярэчлівыя. Як буйны землеўладальнік ён абараняў інтарэсы свайго класа, як чалавек вялікай эрудыцыі і дальнабачны палітык ён не мог не ўспрымаць тых прагрэсіўных працэсаў, што адбываліся ў грамадстве і ідэалёгіі. Кампраміс з прагрэсіўнымі ідэямі дазваляў Сапегу даволі эфэктыўна праводзіць сваю галоўную лінію - проціборства геґеманісцкім намерам царквы, бо прэтэнзіі духавенства на вядучую ролю ў дзяржаве выклікалі незадаволенасьць у часткі фэўдалаў. Усьведамляючы клясавую сутнасьць фэўдальнага грамадства і дзяржавы, ён адстойваў права шляхты на палітычнае панаваньне і ў той жа час выступаў прыхільнікам унутрана адзінай, цэнтралізаванай, шляхецка-дэмакратычнай дзяржавы. Леў Сапега быў перакананы, што права павінна абараняць падданых ад злоўжыванняў з боку манарха і тым самым засьцерагаць ад тыраніі, а закон павінен забясьпечыць дзяржаве парадак, спакой і сацыяльны мір. Таму лічыў, што неабходна мець адзіны закон і для правячых вярхоў, і для падданых.
Сапега выступаў як прыхільнік незалежнасьці і свабоды чалавека, для ўдакладненьня сутнасьці свабоды спасылаўся на Цыцэрона. Асаблівую ўвагу зьвяртаў на тое, што паводзіны чалавека ў грамадстве павінны вызначацца не яго ўнутранымі пажаданьнямі, а ўстаноўленымі рамкамі закону. У поглядах Леў Сапега на натуральна-прававы падыход супадае з пастулятамі, што значна пазьней зьявіліся ў краінах Заходняй Эўропы. Права ён разглядаў не як прадукт боскага адкрыцьця, а дзейнасьці чалавечага розуму. Абсалютнасьць і аб’ектыўнасьць права, вяршэнства закону яскрава выявіліся ў артыкулах распрацаванага ім Статута, дзе закон ёсьць "найвышэйшым вартавым ўсеагульнай свабоды".
[рэдагаваць] Супрацьстаяньне з Польшчай
Палітычная і творчая дзейнасьць Сапегі адбывалася ў пэрыяд, калі Вялікае княства Літоўскае і Польшча знаходзіліся ў "вечнай уніі" пад вяршэнствам адзінага караля і сойма. Аднак фэўдалы Польшчы выношвалі агрэсіўныя намеры ў адносінах да Вялікага княства Літоўскага. Сапега актыўна процідзейнічаў ім. Яго намаганьні былі скіраваныя на забесьпячэньне дзяржаўнай годнасьці і сувэрэнітэту княства і тым самым абаранялі інтарэсы беларускага і летувіскага народаў. У аснове барацьбы супраць экспансіянісцкіх задум польскіх маґнатаў было нежаданьне правячых колаў Вялікага княства Літоўскага аддаць ім на сваей тэрыторыі частку палітычнай улады і асьцярога быць пацясьнёнымі ў эканамічных інтарэсах.
Процідзеяньне польскім намерам выявілася ў барацьбе супраць шэрага палажэнняў уніі 1569, якія прыніжалі палітычнае і самастойнае значэньне Вялікага княства Літоўскага. У адпаведнасьці з гэтымі палажэньнямі і канстытуцыямі сойма нормы новага Статута 1588 павінны былі адпавядаць рашэнням Люблінскай уніі. Аднак кадыфікацыя права ВКЛ у паслялюблінскі перыяд ішла іншым шляхам. Дзякуючы дыпляматычным здольнасьцям Л.Сапегі і Я.Глябовіча ў 1588 Статут быў зацьверджаны каралём Жыгімонтам ІІІ Вазай і замацаваны пячаткай толькі Вялікага княства Літоўскага за подпісамі Л.Сапегі і пісара Габрыэля Войны. Нават гэтым Леў Сапега імкнуўся падкрэсьліць незалежнасьць Вялікага княства Літоўскага ад польскай Кароны ў справах, якія тычыліся яго ўнутранага ўладкаваньня. Артыкулы Статута 1588 замацоўвалі палітыка-прававы статус Вялікага княства Літоўскага як суверэннай дзяржавы ў складзе Рэчы Паспалітай, дзяржавы, якая пайшла на саюз з Польскай Каронай, але імкнулася да пераасэнсавання умоў Люблінскай уніі. Статут выразна забараняў польскім фэадалам атрымліваць пасады і землі ў княстве, патрабаваў весці справаводства ў судах на беларускай мове. На каранацыйным сойме 1588 г. Сапега атрымаў ад вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта III Вазы і выключнае права на друк Статута 1588 г.
[рэдагаваць] Леў Сапега і рэлігійная сытуацыя на Ліцьве
Леў Сапега браў удзел і ў рэфармацыйным руху. У рэлігійных адносінах ён не вызначаўся пасьлядоўнасьцю. Двойчы ён мяняў веравызнаньне: спачатку перайшоў з праваслаўя ў пратэстантызм, а потым у каталіцтва. Талерантны палітык і прыхільнік верацярпімасьці, ён падтрымліваў утварэньне уніяцкай царквы на Беларусі, але быў катэгарычным праціўнікам ґвалту і насільля як сродкаў яе ўмацаваньня. Паводле яго меркаваньняў, рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаваньню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Тым ня меней, калі калі на тагачаснай арэне рэлігійнага змаганьня за унію зьявілася асоба сьвятара Язафата Кунцэвіча, які вызначаўся сваёй нецярпімасьцю да праваслаўных, што пацягнула самыя непажаданыя вынікі для спакою і бяспекі ў Вялікім княстве Літоўскім, Сапега вымушаны быў умяшацца ў такі ход падзей.
Паміж Сапегам і Кунцэвічам узьнікла вострая палеміка. Каб стрымаць Кунцэвіча, Леў Сапега выкарыстоўваў і сваё высокае дзяржаўнае становішча. Але той, карыстаючыся падтрымкай караля, у сваю чаргу востра выступаў супраць Сапегі. Свае погляды на рэлігійную праблему Леў Сапега выказаў у вядомым пасланьні да Кунцэвіча ад 22 сакавіка 1621: «...Я сам прыкладаў намаганьні па ўвядзеньні вуніі і спыніць яе ўвядзеньне было б справай неразумнай. Аднак ніколі мне не прыходзіла думка, каб Ваша міласьць вырашыла прыводзіць людзей да яе гэткімі гвалтоўнымі спосабамі. Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі ўзбурылі і, дадам, прымусілі народ рускі да адпору... Што тычыцца небясьпекі, якая пагражае Вашаму жыцьцю [Кунцэвіч скардзіўся Сапегу, што яму пагражаюць праваслаўныя], дык можна сказаць: "Кожны сам прычына сваей бяды... Трэба выкарыстоўваць спрыяльныя абставіны, але нельга паддавацца неразумнаму захапленьню, асабліва калі справа ідзе пра веравызнаньне... Калі ґвалціце людскія сумленьні, калі замыкаеце цэрквы, калі людзі без набажэнства, абрадаў хрысьціянскіх павінны гінуць, як няверуючыя, калі самавольна дамагаецеся любові і павагі да гаспадара, тады абыходзіцеся без нас. Калі ж з прычыны ўціскаў у народзе паўстане непакой, які трэба ўціхамірваць, тады намі (г. зн. сьвецкай уладай) добра дзьверы запхнуць. ...Калі Вы на гэтым маім напамінаньні не расьпячатаеце і не адчыніце цэрквы, тады я сам загадаю іх расьпячатаць і праваслаўным аддаць». Аўтар пасланьня сьцвярджаў, што рэліґійная цярпімасьць - аснова ўсякай цывілізаванай дзяржавы, а рэліґійны выбар - неад’емнае права чалавека ў грамадстве.
Сваімі поглядамі на рэлігійную праблему Сапега апярэдзіў эпоху на сотні гадоў. Для свайго часу ён быў прыкладам справядлівасьці і сапраўднай талерантнасьці.
Кунцэвіч не прыслухаўся да разважлівага папярэджваньня Сапегі. І як вынік - паўстаньне віцебскіх гараджан і забойства імі ўніяцкага сьвятара (1623). Удзельнікі сувора пакараныя, прычым рассьледаваньне гэтай справы ўзначаліў сам Леў Сапега, які на гэты раз дзейнічаў ужо як суворы судзьдзя. У такой сытуацыі яму давялося зьмірыцца з суворай сацыяльна-палітычнай рэчаіснасьцю і, магчыма, не без ваганьняў і ўнутранага болю адмовіцца ад некаторых сваіх асьветніцка-гуманістычных ідэалаў.
Сапега, безумоўна, быў прадстаўніком і выразнікам інтарэсаў свайго асяродзьдзя. Ён належаў да той яго часткі, што імкнулася выкарыстаць у сваіх мэтах новыя дасягненьні ў грамадскай думцы. Яго дзейнасьць аб’ектыўна спрыяла развіцьцю і ўмацаваньню на Беларусі ў 2-й палове 16 ст. прагрэсіўнай сьвецкай сацыяльна-палітычнай думкі.
Апошнія гады жыцьця Леў Сапега правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся ўпарадкаваннем архіваў Мэтрыкі Вялікага княства Літоўскага (работу над рэгістрамі дакумэнтаў архіўнага збору ён распачаў яшчэ ў 1594).
Леў Сапега памёр і пахаваны ў Вільні ў касьцёле сьв. Міхала.
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
- Гісторыя Беларусі. Асобы
- Фонд імя Л. Сапегі
- Леў Сапега. Бацька айчыны// Вітаўт Чаропка. Уладары Вялікага Княства.
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.