Дзераўная (Імянінскі сельсавет)
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Гэты артыкул зьяўляецца выбраным. Мы ўпэўнены, што ён — адзін з лепшых у беларускай Вікіпедыі. Калі Вы напісалі ці пабачылі артыкул не горшай якасці, калі ласка, прапануйце яго ў выбраныя.
|
Дзераўная | |
Дырывная | |
каля 100 хат | |
звыш 300 чал. | |
225852 | |
Драгічынскі раён Імянінскі сельсавет |
Дзераўная (па-руску: Деревная, мясцовы дыялект: Дырывная) — вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Дзераўная ўваходзіць у склад Імянінскага сельсавету. Дзераўная ляжыць на адлегласці 18 кіламетраў ад Антопаля, 25 км ад Драгічына і 30 км ад Бярозы. Паштовы індэкс вёскі — 225852.
У вёсцы працуе васьмігадовая школа, дзейнічае сельскі дом культуры з кіназалай і сельскай бібліятэкай, ёсць свая лаўка, пошта ды лазня, са школай суседнічае медыцынскі пункт — Дзераўнянскі ФАП. За школай раскінуўся вясковы парк, абсаджаны ўжо шматгадовымі тапалінымі дрэвамі па яго ўскрайку ды маладымі рабінамі з дубам узжоўж акраю. У цэнтры парка размешчана футбольнае поле ды валейбольная пляцоўка. Таксама на тэрыторыі парка ляжыць кацельня, якая топіць школу ды сельскі клуб у халодны перыяд году.
Раней вёска мела сваю царкву, якая стаяла на невялікім узгорку ў колішнім цэнтры вёскі, які звалі і яшчэ сёння завуць Цвынтаром. Але з прыходам савецкай улады яе расцягнулі бульдозерамі і спалілі. Пасля гэтага царкву ніхто не аднаўляў, а вяскоўцы едуць — хто канём, хто на машынах — у суседнія вёскі Дзеткавічы, Зёлава, Субаты на вялікія царкоўныя святы.
|
[рэдагаваць] Гісторыя
Дакладная рэканструкцыя гістарычнага мінулага вёскі дастаткова цяжкая і ў некаторыя перыяды магчымая толькі з ускосных крыніц. Вядома, што ў старажытныя часы тэрыторыю засялялі плямёны дрыгавічоў.
У 1616 годзе на Брэстчыне адкрылася місія езуітаў. У 1620 годзе пры дапамозе Брэсцкага ваяводы Еўстафія Валовіча місія езуітаў была ператворана ў рэзідэнцыю, а ў складзе маёнтка Дзераўная з сёламі Мосткі і Меневеж быў утвораны езуіцкі калегіум. За адносна кароткі час дзякуючы падатковым прывілеям, фундушам ды каралеўскім дарам езуіты сталі ўласнікамі 269 сялянскіх гаспадарак Брэсцкага павету.[1].
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 года Дзераўная ў складзе Драгічыншчыны перайшла да Расійскай імперыі ў складзе Кобрынскага ўезду Слонімскай губерні. Пачынаючы з 1797 года вёска ў складзе Літоўскай губерні Расіі, а з 1801 года — ў Гродненскай.
У польскія часы вёска была маёнткам польскіх паноў. Пры Польшчы каля лесу пачаў будавацца піўны завод (магчыма завод алкагольных напояў), але пасля змены ўлады яго будаўніцтва было прыпынена, а цэглу жыхары вёскі разнеслі на будаўніцтва ўласных хат. У польскія часы ў месцы, якое сёння на вясковым дыялекце завецца Двор, быў закладзены батанічны сад з рэдкімі для Беларусі пародамі дрэваў. Непадалёку ад Двара ў сасняку знаходзіцца магільны склеп пані Завадскай. Невялікі бярозавы гай па правы бок ад Сукацкай дарогі носіць яе назву і завецца Паніна Бярэзіна (мясцовы дыялект: Паніна Бырызына).
[рэдагаваць] Наваколле
Наабапал амаль што кожнай прасёлачнай дарогі ў наваколлі вёскі цягнуцца ірвы, узнікшыя ў выніку асушэння балот мясцовасці. Па наваколлю вёскі раскідана шмат невялічкіх саджалак ды азёр, назвы якіх вядомыя толькі на мясцовым дыялекце: Одырванцы, Кар'еры, Лужкы. З поўдня і захаду да самай вёскі падступае лес: хвойны (пераважна сасновы з невялікімі бярозавымі гайкамі) у напрамку дарогі на Сукачы, асінавы лісцвянік наабапал лясной дарогі на Дзеткавічы, бярозавы гай непадалёку ад Новага Сяла (частка і раён Дзераўной). Праз выганы і палі праходзіць Цэнтральны канал.
[рэдагаваць] Флора і фауна
Тыповыя жыхары навакольнага лесу — воўк, дзік, ліса, заяц, лось, рысь, казуля, гадзюка звычайная, вуж, мядзянка. На палях шмат буслоў, курапатак. Буслы в'юць свае гнёзды на вясковых хатах і электрычных стаўпах. У невялікіх навакольных сажалках водзіцца пераважна срэбны карась.
Большая частка навакольных лясоў — хваёвыя. Пераважныя пароды дрэў — сасна, бяроза, елка і дуб. Сасновы лес перамяжаецца з невялікімі па памерах дубравамі, ельнікамі ды бярозавымі гаямі. Пачатак лесу па Дзеткаўскай дарозе сяляне называюць Гай (густы цёмны непраходны векавы лес з асінавым ускрайкам, які пераходзіць у ельнік). У гэтую частку лесу менш за ўсё ступае нага вяскоўцаў. Сёння гэта адзінае месца ў наваколлі, дзе засталіся лясныя балоты. Але менавіта непраходны Гай хаваў насельніцтва вёскі ад нямецкіх карнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны і шмат каму выратаваў жыццё.
Летам у лесе з'яўляюцца лясныя ягады: чарніцы, брусніцы, суніцы, маліна. Растуць не ўсюды, а толькі на асобных, аблюбаваных раслінамі мясцінах. Бруснічныя паляны — у беразнячках пад Меневежам, за Сасноўкай ды на Пагарэлым, маліна — ў Двары альбо ўздоўж заросшых хмызняком ды чаротам каналаў. Бліжэй да восені пачынаецца грыбны сезон у вёсцы.
[рэдагаваць] Геалагічныя звесткі
У Дзераўной сустракаюцца ўсе тыпы звычайнай для Драгічынскага раёна глебы[2]: дзірванова-падзолістыя, сугліністыя, пяшчаныя, супяшчаныя і тарфяныя. Тарфянікі ляжаць у паўднёвым усходзе вёскі за лазняй на Выгане, паабапал Цэнтральнага і меншых каналаў без назваў. Зараз гэтую зямлю выкарыстоўваюць як выган для ската і як пасяўную плошчу для загатоўкі сена і некаторых іншых кармоў. На Глінках за вясковым паркам — сугліністая глеба з высокай канцэнтрацыяй гліны. Пяшчанікі і супяшчанікі сустракаюцца ў сасновых лясах, напрыклад у Двары (гл. ніжэй). У самой вёсцы пераважна дзірванова-падзолістая глеба.
[рэдагаваць] Эканоміка
Дзераўная ўваходзіць у калгас «Радзіма». Асноўны від дзейнасці жыхароў вёскі — сельская гаспадарка. У калгасе ёсць свая жывёлагадоўчая ферма, з кароўнікам і свінарнікам. На калгасным двары месціцца канюшня, ток. На ўскрайку вёскі стаіць млын.
Амаль што кожная сялянская сям'я трымае сваю карову. Большую частку малака сяляне здаюць за адпаведную аплату на перапрацоўку дзяржаўным прадпрыемствам. Частку малака малакавозы возяць раніцай і ўвечары на Бярозаўскі малочнаперапрацоўчы камбінат, частку адвозяць на перапрацоўку ў Драгічын.
У калгасе вырошчваецца бульба, збожжа, кармавы і цукровы бурак, лён, кукуруза, рапс. Лён вывозіцца на перапрацоўку ў Кобрынскі льназавод, збожжа на перапрацоўку ў Драгічын. Вядуцца лясныя вырубкі, некаторыя пароды дрэў ідуць на экспарт за мяжу, а таксама ў дрэваапрацоўчыя камбінаты ды мэблевыя фабрыкі вобласці.
Цэнтральная сістэма апалу ў вёсцы адсутнічае, хаты топяць пры дапамозе звычайных цагляных печак. Амаль што ў кожным жылым будынку стаіць дзве печы: груба ды вялікая печ з прыпечкам, комінкам і запечкам. Топяць пераважна дровамі, клопаты па загатоўцы якіх ляжаць на плячах самога вяскоўца. Дровы прывозяць з навакольнага лесу канём, на дровы ідзе сухастой ды галлё. Кое-хто выпісвае дровы ў лясніцтве сельсавета. У якасці паліва таксама выкарыстоўваецца торф.
[рэдагаваць] Транспарт
Дзераўная не ляжыць на буйных транспартных шляхах. У пяці кіламетрах ад вёскі (Дзеткавіцкі напрамак) праходзіць раённая дарога Антопаль — Бяроза. З раённым цэнтрам Дзераўная звязана аўтобусным маршрутам Драгічын — Мосткі, аўтобус ходзіць двойчы ў суткі, на досвітку і ўвечары. Звычайна гэта аўтобус ЛАЗ-695. З нядаўняга часу па выхадных ўведзена маршрутнае таксі Брэст — Дзераўная. З Дзераўной ідуць дарогі на Мості (1км), Сукачы (3км), Субаты (6км) і Імянін (10км), Дзеткавічы (5км). Лясныя дарогі вядуць на Меневеж, Адзірванцы, Рашынь.
[рэдагаваць] Назвы вясковых мясцін
Некаторыя назвы мясцін у наваколлі вёскі немагчыма знайсці на картах, яны перадаюцца вяскоўцамі вусна з пакалення ў пакаленне. Гэта Лужкі (Лужкы) — месца за могілкамі, магчыма некалі там стаяў хутар; Двор (Двір) — ускраек і пачатак лесу паабапал Сукацкай дарогі з лясной палянай, былая панская сядзіба; Радынь — сёння поле ў Імянінскім напрамку, магчыма таксама ранейшы хутар; Бровар — месца ў лесе за Дваром, дзе палякі пачалі будаваць піўзавод; Курачы — месца за калгасным комплексам; Сабачыя могілкі (Собаччы моглыцы) — частка лесу па правы бок Сукацкай дарогі; Паповая Гара (Попова Гора); Паніна Бярэзіна (Паніна Бырызына); Сасноўка (Сосныўка) — частка сасновага лесу наабапал лясной дарогі на Рашынь; Серанец (Сырынэц) — месца за могілкамі да Лужак, дзе таксама хаваліся вяскоўцы ў час Вялікай Айчыннай вайны ад немцаў; Глінкі (Глынкы) — месца з гліністай глебай за вясковым паркам каля Новага Сяла, дзе жыхары вёскі бралі і ўсё яшчэ бяруць гліну на пабудову хат і іншых будынкаў; Канец (Конэц) — заходні ўскраек вёскі да скрыжавання Дзеткаўскай і Сукацкай дарогі; Пагарэлае (Погорілэ) — беразняк каля лясной дарогі на Адзірванцы і Меневеж, дзе раней стаяў хутар; Маразы (Морозы) — часка вёскі ад Цвынтару да выгану на ўсходзе; Поплаў (Поплав); Кладка — месца каля драўлянай кладкі праз Цэнтральны канал; Пясок (Пысок) — частка сасновага лесу з пяшчанай глебай пад Сукачамі да Сукацкіх кар'ераў, грыбное месца, на якім восенню збіраюць залёнкі і падзялёнкі.
[рэдагаваць] Экалагічная сітуацыя
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Драгічыншчына раптоўна апынулася ў спісе небяспечных раёнаў з павялічаным радыёактыўным фонам. Сёння пляма радыёактыўнага забруджання цягнецца па Драгічынскаму раёну трыма кроплямі з поўдня на поўнач. Пачынаецца яна з 5-7 кіламетровай паласы ў Радаставе, звужаецца каля Дняпроўска-Бужскага канала, зноў пашыраецца каля Палескай чыгункі і потым клінам ідзе ў Белаазёрска-Бярозаўскім напрамку [3]. Усё гэта зямля, забруджаная цэзіем-137. Вёску Дзераўная гэтая пляма абступала ў 1990 гады з усіх бакоў, але саму вёску не пакрывала, паселішча нібыта астраўком стаяла ў кальцы радыяцыйнай забруджанасці. Згодна аналізу навукова-даследчага унітарнага прадпрыемства «Інстытут радыялогіі», у Драгічынскім раёне толькі Дзераўная і Галоўчыцы належаць да населеных пунктаў з самай невялікай ступенню ёдадэфіцыту (Крыніца: [[1]] старонка 32).
[рэдагаваць] Іншае
Цэнтральная вуліца вёскі — асфальтаваная. Таксама асфальтаваная дарога з Мостак да цэнтру сельсавета — Імяніна. Лясныя дарогі на Дзеткавічы і Сукачы пасыпаны гравіем.
Месцамі адпачынку вяскоўцаў (асабліва моладзі), а таксама тых, хто прыязджае ў вёску проста так ці да сваіх бацькоў, з'яўляюцца Імянінскае возера і Адзірванскае возера. На вялікія святочныя падзеі — дзень вёскі, дажынкі, Новы год — вяскоўцы збіраюцца ў Дзераўнянскім сельскім клубе.
Насельніцтва вёскі пераважна беларускага паходжання, ёсць таксама шмат перасяленцаў з Расіі, Украіны. Летам на заработкі ў вёску прыязджаюць украінцы з Валыні і іншых мясцін.
[рэдагаваць] Спіс крыніц
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- Вёска Дзераўная, від з космасу, на GOOGLE-Earth
- Прыблізны план вёскі, цэнтр
- Месцазнаходжанне вёскі на карце Драгічынскага раёна
Драгічынскі раён | |
Агдэмер | Асіповічы | Брадок | Вавулічы | Віры | Галік | Галоўчыцы | Дзераўная | Дзятлавічы | Гутава | Дробаты | Заніўе | Зёлава | Імянін | Корсунь | Мосткі | Навасёлкі | Пігановічы | Сорацні | Сукачы | Татар'я | Толкава | Хомічыцы | Ямнік |
Імянінскі сельсавет | |
Брадок | Віры | Дзераўная | Заніўе | Зёлава | Імянін | Мосткі | Сукачы | Татар'я |