Брусніцы
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Брусні́цы (Брусьні́цы) (па-лацінску: Vaccinium vitis-idaea) — від кветкавых раслін сямейства верасовых, шматгадовазялёны кустарнічак вышыні 10 – 25 см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сцяблом. У Беларусі трапляюцца часта ў лясах, хмызняках, на высечках, мохавых балотах.
Шарападобныя чырвоныя ці белавата-ружовыя сакавітыя салодкія ягады з прыемнай кіслінай і лёгкім гаркаватым прысмакам даспяваюць у жніўні – верасні (ураджайнасць 150 – 200 кг/га). Утрымліваюць бялкі, арганічныя кіслоты (бензойную, яблычную, лімонную, воцатную, мурашыную, шчаўёвую і іншыя), да 9 % цукроў (фруктоза, цукроза, глюкоза), пекціны, мінеральныя і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны C, B9, PP, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і іншыя. Брусніцы багатыя марганцам.
Ягады спажываюць свежыя і мочаныя (залітыя вадой ягады захоўваюцца да вясны, бо ўтрымліваюць натуральны кансервант — бензойную кіслату); выкарыстоўваюць у кандытарскай прамысловасці, для квашання капусты. З ягад гатуюць варэнне (у тым ліку з яблыкамі, грушамі), джэм, павідла, марынады, кісель, морс, пасцілу, начынку для цукерак і пірагоў. З брусніц таксама робяць узвары, настойваюць на гатаванай астуджанай вадзе з цукрам і мёдам. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат гарбаты. Даўней нарыхтоўка ягад у запас мела вялікае гаспадарчае значэнне: брусніцы парылі ў гаршках, ссыпалі ў кадушкі і бочкі, дадаючы прыправы; з іх рабілі сок, сіроп, павідла (на мёдзе) і іншыя.
У скандынаўскіх краінах папулярныя як гарнір да мясных страў. Такі ж ужытак мелі і ў беларускай кулінарыі: да смажаніны брусніцы запякалі ў гаршках або варылі ва ўласным саку.
Брусніцы (лісце і спелыя ягады) — каштоўная лекавая расліна: мачагонны, антысептычны, вяжучы, проціцынготны сродак.
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»