Бяроза (горад)
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Бяроза | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Плошча | ? км² | ||||||
Насельніцтва | 31.000 | ||||||
Тэлефонны код | 01643 | ||||||
Паштовы індэкс | ? |
Бяро́за, да 1945 году Бяро́за-Карту́ская (Палескі дыялект: Бэрэза, Быроза, на ідыш: Kartuz-Berezer, па-польску: Bereza Kartuska ) — горад у беларускім Палесьсі на рацэ Ясельдзе. Насельніцтва 31.000 жыхароў (1995). Належыць да Берасьцейскае вобласьці, зьяўляецца цэнтрам Бярозаўскага раёну. Геаграфічныя каардынаты: 52° 33' паўночнай шырыні, 24° 58' усходняй даўжыні.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
[рэдагаваць] Раньняя гісторыя. Гандлёвы горад
Першая вядомая зьвестка аб горадзе прыпадае на 1477 г., калі Ян Гамшэй са сваёй жонкай Барбарай засноўваюць у Бярозе касьцёл Сьвятой Тройцы.
У 1538 годзе бярозаўскі касьцёл быў перададзены новым гаспадарам, а менавіта «Ян і Ганна Гамшэі са Зьдзітава са сваім сынам Станіславам, а таксама дзецьмі апошняга Марцінам, Паўлам, Янам, Юрам са сваімі жонкамі ў Бярозе, нашчадкамі Гамшэяў, у 1537 годзе на алтары бярозаўскага касьцёла імянным запісам, замацаваным пячаткай...» «...Бярозу, плошчу з агароджай, поле Рыбака, карчму з арэнднай платай даравалі і запісалі...»
На мяжы 15 – 16 стагодзьдзяў места было гандлёвым. Прывілея Жыгімонта I давала дазвол Мікалаю Гамшэю на правядзеньне штотыднёвых таргоў у яго маёнтку Бяроза зь пятніцы па суботу, «Біў нам чалом дваранін наш пан Мікалай Гамшэй у тым, каб, па-першае, дазволіць яму ў маёнтку бярозаўскім мець таргі ў пятніцу, згодна ліста яго бабкі нябожчыцы — пані Віштарт, і, па-другое, біў нам чалом, каб гэты торг у Бярозе прадоўжыць да суботы і зацьвердзіць на вякі».
У пачатку 17 стагодзьдзя Ян Паўлавіч Гамшэй прадае Бярозу Ляву Сапегу, канцлеру Вялікага княства Літоўскага.
У 1614 годзе Леў Сапега прадае Бярозу харунжаму Марціну Німіру «сам маёнтак зь мястэчкам і ўсёй маёмасьцю».
Але знаходзілася Бяроза ў руках Німіра нядоўга. Апошні не вылучаўся стараннасьцю і гаспадарчасьцю, і празь нядоўгі час пасьля набыцьця мястэчка, Німіра запазычыў яго тутэйшым жыдам. Збанкрутаванага Німіра зь цяжкага становішча выратоўвае ў 1617 годзе Леў Сапега. Канцлер выкупляе яго распіскі, якія аддавалі ў залог Бярозу. «Маёмасьць, — пішацца ў дакумэнце, — належыць канцлеру і яму належаць прыбыткі, пакуль я [Німіра] не вярну яму 14.600 польскіх злотых». Каб вярнуць гэтую суму Марцін Німіра не знайшоў грошай, пасьля чаго ўжо ў 1617 годзе суд у Брэсце зацьвярджае акт продажу Бярозы «на вякі Льву Сапегу», а менавіта «маёнтак у Бярозе, землі, палі, само мястэчка Бярозу з усімі жыхарамі, з кірмашом, рэкі, азёры, млыны, бабровыя ўгодзьдзі на рацэ Ясельдзе» за 24.000 польскіх злотых.
Перш-наперш, канцлер Вялікага княства Літоўскага. як перакананы каталік, заснаваў бярозаўскі касьцёл. Неабходнасьць новага заснаваньня касьцёла абгрунтоўвалася тым, што з 1538 года бярозаўскі касьцёл з навакольнымі землямі знаходзіўся ў руках кальвіністаў і заставаўся ў іх дзесяткі гадоў, бо калі касьцёл зноў вярнуўся да каталікоў у 1600 годзе, то меў невялікі самастойны надзел і самастойна існаваць не мог. Леў Сапега дзеля выратаваньня ад банкруцтва касьцёла ў 1620 годзе дорыць яму «ў вёсцы Левашкі чатыры валокі, Траяноўшчынай называемыя», якія паўторна былі замацаваныя за касьцёлам у 1632 годзе. Акрамя заснаваньня новага бярозаўскага касьцёла, Леў Сапега дазваляе мясцовым жыдам у 1629 годзе пабудаваць школу «ў гэтым мястэчку Бярозе, у якім, пабудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы».
Побач з габрэйскім малітоўным домам і касьцёлам у Бярозе існавала ўніяцкая царква. Першыя зьвесткі аб гэтай царкве знаходзяцца ў дакумэнце 1618 года, у якім апісваюцца межы зямель касьцёла, а таксама ідзе гаворка аб землях «рускага папа з царквы».
Пасьля сьмерці Лява Сапегі ў 1633 годзе Бяроза, згодна яго тэстамэнту, пераходзіць да яго старэйшага сына Яна Сапегі, маршалка Вялікага княства Літоўскага, каб пасьля сьмерці апошняга перайсьці ўжо да Казімера Лява Сапегі.
[рэдагаваць] Заснаваньне кляштара картузаў. Бяроза кляштарная
Казімер Леў Сапега, малодшы з двух сыноў славутага канцлера, быў перакананаым каталіком, ім былі заснаваныя шэраг касьцёлаў і кляштараў, сярод якіх знаходзіўся картускі кляштар у Бярозе.
Закладка першага вуглавога каменя кляштара зь вялікай урачыстасьцю адбылася у 1648 годзе, дзе прысутнічалі заснавальнік кляштара Казімір Леў Сапега, біскуп Луцкі ксёндз Анджэй Гембінскі і рымскі нунцыюш ксёндз Ян дэ Торэс.
Пераход бярозаўскага ўладаньня да картузаў быў надзвычайным момантам у гісторыі мястэчка, што перш за ўсё адлюстравалася ў падтрымцы новымі ўладальнікамі разьвіцьця гандлю і рамёстваў.
Асаблівую ўвагу аказваў кляштар дакладнасьці вагаў на бярозаўскіх кірмашах. «Жадаем мець дакладнасьць і справядлівасьць у вагах, — піша ксёндз Хрысціян Бэкерс, — таму спэцыяльна за кошт кляштара накіроўваем хадака ў сталічны горад Вялікага княства Літоўскага Вільню, каб прынёс інфармацыю ... колькі гарнцаў уваходзіць у віленскую бочку, каб потым ён мог важыць у нашым мястэчку Бярозе згодна віленскіх мераў пры продажы і пакупцы збожжа, напояў, піва, мёду і г.д.».
У кляштарнай хроніцы ад 1767 года сустракаемся з павучэньнем малазямельных сялянаў аб пажаданасьці займацца «гандлем або рамяством, адпавядаючым мясцовым умовам, напрыклад, вырабам скураў і гэтак далей».
У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля Яна III прывілей на кірмаш у дзень знаходжаньня Сьвятога Крыжа (Па паданьню, менавіта мейсца, дзе Леў Сапега знайшоў драўляны крыж у пушчы ў час паляваньня, стала пунктам заснаваньня кляштара), што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасьцям мястэчка. Акрамя кірмашу на Сьвятую Троіцу, у Бярозе адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэньня.
Стараньні кляштара картэзіянцаў на паляпшэньне гаспадарчых спраў у Бярозе ня здолелі прынесьці вялікага выніку, мястэчка да сярэдзіны 19 стагодзьдзя было маленькім, небагатым населеным пунктам. Яно некалькі разоў гарэла, цярпела ахвяры ад чумы.
Паўночная вайна закранула і Бярозу. У 1706 годзе адбылася сутычка паміж войскамі Аўгуста Моцнага, Пятра I і Карла ХІІ, які пасьля пераходу Ясельды заняў мястэчка і кляштар. Бяроза за час Паўночнай вайны была спаленая і разрабаваная: швэды захапілі нават некалькі манахаў з кляштара, якія затым былі выкуплены.
Значэньне і статус мястэчка пад кіраўніцтвам картузаў не зьмянілася. Уладу ў мястэчку, згодна загаду пракурора картузіі, выконваў кляштарны служачы.
[рэдагаваць] Бяроза пад расейскай акупацыяй
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Бяроза апынулася ў межах Расейскай імпэрыі.
У 1832 годзе расейцамі быў зачынены Бярозаўскі кляштар. Кляштар быў ліквідаваны, перш-наперш, таму, што быў уласнасьцю сям'і Сапегаў, якія бралі ўдзел ў паўстаньні 1831 года. Па-другое, самі манахі бралі ўдзел у паўстаньнях 1794 і 1831 гадоў.
Інфраструктура кляштару, разам зь мястэчкам, перайшла да Ўпраўленьня Дзяржаўнай маёмасьці Гарадзенскай губэрні. У пэрыяд 1860 – 1870-х гадоў па рашэньню царскага ўрада значная частка будынкаў кляштару была разабрана. Цэгла пайшла на будаўніцтва вайсковых казарм у Бярозе, медзяныя лісты з касьцёла - у Горадню для даху аднаго з будынкаў.
Як і ўся Беларусь, Бяроза зьяўлялася часткаю "рысы аседласьці" і была заселеная габрэямі. У пачатку 20 стагодзьдзя жыды складалі каля 80% насельніцтва.
[рэдагаваць] Бяроза ў 20 стагодзьдзі
У 1916 годзе горад захоплены нямецкімі войскамі падчас Першай Усясьветнай вайны.
У 1918 годзе горад стаў часткай Беларускай народнай рэспублікі, потым - БССР.
14 лютага 1919 г. горад быў захоплены польскім войскам.
Падчас польска-савецкай вайны Бяроза двойчы рабілася месцам буйных бітваў, у выніку разам з усё Заходняй Беларусяй адыйшла да Польшчы.
У 1934 годзе у мурах былых расейскіх казармаў быў арганізаваная вязьніца для палітычных зьняволеных даваеннай Польшчы - украінскіх нацыяналістаў з ОУН і камуністаў. У лягеры, якім кіраваў паліцэйскі інспэктар з Познані Ян Ґрэфнэр, трымаліся да 800 вязьняў.
У 1939 годзе, пасьля нападу Нямеччыны і СССР на Польшчу, Заходняя Беларусь была анэксіяваная СССР і узьяднаная з БССР. У 1940 годзе Бяроза робіцца цэнтрам новаўтворанага Бярозаўскага раёну.
Перад вайною саветамі ў Бярозе была ўтвораная база вайсковай авіяцыі. На базе дысьлякаваліся 97, 121, 125, 130, 162, 207 і 212 бамбардовачныя авіяпалкі, падрыхтаваныя да нападу на Нямеччыну.
У 1941 годзе, пасьля нападу Нямеччыны на СССР, Бяроза была занятая нямецкімі войскамі 22 чэрвеня, у першы дзень вайны.
Падчас Другой Усясьветнай вайны ў Бярозе існавала габрэйскае гета. Больш як 8,000 чалавекаў былі забітыя нацыстамі альбо замораныя голадам. У навакольлях Бярозы дзейнічалі партызанскія аддзелы пад кіраўніцтвам дэсантаваных з Расеі дывэрсантаў.
У ліпені 1944 году Бяроза занятая Чырвонай арміяй.
Пасьля вайны ў Бярозе была адноўленая авіябаза, у Бярозаўскім раёне пабудаваная гідраэлектрастанцыя.
[рэдагаваць] Сучаснасьць
У 1995 годзе пад Бярозай беларускімі сіламі супрацьпаветранай абароны быў зьбіты паветраны шар з двума амэрыканскімі аэранаўтамі-удзельнікамі міжнароднай авіярэгаты.
[рэдагаваць] Культура
- Гісторыка-рэвалюцыйны музей (адчынены ў 1965 годзе)
[рэдагаваць] Вядомыя жыхары Бярозы
- Б:Н: - бярозаўскі рок-гурт
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў часопісу Гістарычная Брама.
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
- Бярозаўскі райвыканкам - афіцыйная старонка
- Берёза-news - неафіцыйны сайт навінаў
- Гістарычная Брама — заходнепалескі гістарычны часопіс
- Здымкі на Radzima.org
- Бярозаўскае габрэйства на jewishgen.org
- Бяроза на польскай мапе 1930 году
- Тапаграфічная мапа Бярозы (Польшча, 1930)
- Схема забудовы Бярозы да 1942 году частка 1, частка 2 паводле "l993 Memorial Book of Kartuz Bereza"
- Сучасная мапа Бярозы (па-расейску)