Бульба
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Гэты артыкул зьяўляецца выбраным. Мы ўпэўнены, што ён — адзін з лепшых у беларускай Вікіпедыі. Калі Вы напісалі ці пабачылі артыкул не горшай якасці, калі ласка, прапануйце яго ў выбраныя.
|
Бу́льба (па-лацінску: Solanum tuberosum) — шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сямейства паслёнавых.
[рэдагаваць] Уласцівасці
Валодае высокакаларыйнымі вартасцямі (100 грамаў прыгатаванай бульбы – каля 80 ккал). Утрымлівае ў сабе ваду (каля 80 %), вугляводы (19 %), нязначную колькасць бялка (1,7 %), мінімальную колькасць тлушчу, невялікую колькасць жалеза і вапны, а таксама вітаміны Bl E3 і C. Вядома больш як 170 дзікарослых і культурных відаў. З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў разнастайных страў, яна ідзе на корм жывёле.
Плод — шматнасенная ягада. Цвіце ў чэрвені – жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у селекцыі — насеннем). Добра расце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінеральных глебах, на сярэднякіслых тарфяных балотных. Сарты, раянаваныя ў Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Беларуская ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская 3, Тэмп, Арбіта.
[рэдагаваць] Гісторыя
Радзіма — Паўднёвая Амерыка, дзе яе вырошчвалі ацтэкі і інкі, а таксама паўночнаамерыканскія плямёны іракезаў. У XVI стагоддзі завезена ў Еўропу (Іспанія, Англія). У Рэчы Паспалітай стала вядомая ў XVII стагоддзі. Лічыцца, што ўпершыню бульбу ў краіну завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай (12 верасня 1683 году).
Першапачаткова бульбу выкарыстоўвалі як лекавую і дэкаратыўную расліну, у якасці ядомай палявой культуры пачала масава спажывацца па ўсёй Еўропе з другой паловы XVIII стагоддзя.
У якасці экзатычнай стравы бульба стала вядомая на магнацкім стале ў Рэчы Паспалітай напрыканцы XVII стагоддзя. У кнізе, напісанай кухмістрам кракаўскага ваяводы Станіславам Чарнецкім, слынным “Compendium ferculorum albo zebranie potraw” (“Усё пра стравы, альбо збор страў”), згадваецца першая бульбяная прысмака для эліты краіны. Пад назваю “tertofelle” хаваецца бульба, якую пяклі ў попеле і пакроеную на скрылікі смажылі. Кніга пабачыла свет у 1682 годзе і на працягу XVIII стагоддзя неаднаразова перавыдавалася.
Упершыню бульбу пачалі вырошчваць у Беларусі падчас панавання караля польскага і вялікага князя літоўскага, Аўгуста III (1736 – 1763), на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны ў другой трэці XVIII стагоддзя. Але ў гэты час яна вырошчвалася толькі ў каралеўскіх эканоміях, нямецкімі каланістамі. Найбольш значным бульбаводчым цэнтрам напрыканцы 1780-х гадоў стала тэрыторыя Полацкага намесніцтва. У 1788 годзе тут у “пасеве” бульба займала усяго 7 чвэрцяў, а ў “ураджаі” — 21 чвэрць, але праз два гады ў “пасеве” было 4617 чвэрцяў, а ў “ураджаі” — 18759 чвэрцяў. На Суражчыне ў гэты час вырошчвалі бульбу не толькі на агародах, але і на панскіх палетках.
Першапачаткова беларускае сялянства паставілася надзвычай недаверліва да гэтай агрыкультурнай навацыі, здзяйсняла акты сабатажу, адмаўляючыся яе садзіць.
XIX стагоддзе стала часам шырокага распаўсюджання новай агрыкультуры на беларускіх палетках. Калі ў Гродзенскай губерні ў 1822 годзе было сабрана 7,1 тысяча чвэрцяў бульбы, то ў 1827 годзе ўжо ў 100 раз болей. У справаздачах Мінскай ды Віцебскай губерняў за 1828 год адзначалася, што бульба з'яўляецца “пособием к продовольствию…родится в изобилии... с успехом повсеместно здесь разводится”. У справаздачы Гарадзенскай губерні за 1840 год адзначалася: “картофель занимает первое место в числе возделываемых ...овощей, способствует продовольствию народа, прокормлению скота и удобрению полей”. Стравы з бульбы, у гэты ж час становяцца надзвычай важным элементам харчавання беларускага народу. Бульба насамрэч у гэты час становіцца пануючай палявой культурай, “другім хлебам”, хаця не будзе перабольшваннем сказаць, што для бяднейшых сялян яна была ўвогуле ці не адзіным і першым хлебам. Услухаемся ў радкі аднаго з сучаснікаў: “...горох, часть ячменя, овес крестьяне сбывают, а картофелем питаются почти круглый год”.
Поспехі бульбаводства, “бульбяны бум”, далі свае станоўчыя вынікі ў галіне селекцыі. Ужо ў 1860-х гадах узнікаюць мясцовыя, беларускія гатункі бульбы. У жніўні 1853 года ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце была адкрытая выстава, на якой экспанавалася 28 гатункаў бульбы з батанічнага саду інстытута, а таксама прадукты з бульбы ў выглядзе мукі і крупкі. У 1868 годзе “Земледельческая газета” пісала пра тое, што ў Горацкім павеце меліся гатункі “на кои почти не имеют влияния неблагоприятствующие обстоятельства, вредящие всем прочим. Так, например, в нашем уезде, в с. Слижах, у одного хозяина картофель ежегодно дает более десяти зерен и величиной превосходит гусиные яйца ... Обилием крахмала и вкусом слижевский картофель превосходит все возможные сорта”. Вельмі высокімі якасцямі валодала мсціслаўская ды быхаўская бульба. Вядомы знаўца гэтае справы, А. Палтарацкі пісаў : “Мне прыходзілася бачыць розныя гатункі бульбы, але нідзе не бачыў я такой буйнай і сапкай, як у Мсціслаўскім павеце... Быхаўская бульба таксама добрая”.
Паводле дадзеных змешчаных у “Живописной России” (1882 год) на тэрыторыі Беларускай вобласці (пад гэтым тэрмінам у выданні разумеліся Мінская, Магілёўская, Віцебская і этнаграфічна беларускія часткі Смаленскай губерняў) збіралася да 5 мільёнаў чвэрцяў бульбы. На той жа тэрыторыі ў 1905 годзе пасяўная плошча пад бульбу займала 202.580 дзесяцін ворнай зямлі (5,8 працэнтаў усёй пасяўной плошчы).
У 1890-я гады на тэрыторыі Беларусі ўжо вылучаліся 4 зоны бульбаводства. Да першай адносіўся Рэчыцкі павет. Тут пад бульбу былі заняты 18,1 % пасяўных плошчаў. Да другой зоны належалі тэрыторыі Барысаўскага, Гомельскага, Рагачоўскага, Чэрыкаўскага паветаў (12,1 – 15 % плошчаў). Да трэцяй зоны адносіліся Мінскі, Бабруйскі, Клімавіцкі, Чавускі, Быхаўскі, Магілёўскі, Аршанскі, Сенненскі паветы (9,1 – 12 % плошчаў), а да чацвёртай зоны адносілася тэрыторыя Горацкага павету ды ўсёй Віцебскай губерні (6,1 – 9% плошчаў). На пачатку XX стагоддзя беларускае бульбаводства было найлепшым і адным з наймацнейшых у Расійскай імперыі. На 1913 год прыпадае пік дарэвалюцыйнай беларускай бульбяной вытворчасці — пасяўная плошча склала 583,3 тыс. га, ураджайнасць 6,4 т/га, валавы збор 4 мільёны тон, ці 12,6% валавога збору ў Расеі.
Паводле назіранняў Часлава Пяткевіча ў Усходнебеларускім Палессі ў другой палове XIX стагоддзя бульбу садзілі “пад соху, у кожную баразну або чэраз баразну ў другой палавіне красавіка (калі зямля пацяплее, бо ў халоднай папухне, пакуль зыйдзе). За сахой ідзе жанчына з каробкай напоўненай клубнямі і кідае іх у баразну на адлегласці 30 см. адзін ад аднаго па адным ці больш у залежнасці ад велічыні; напаступны заход сахі гэту баразну закрывае. У кожную баразну кідаюць тады, калі садзяць невялікую колькасць і на лепшай глебе (пагной), а праз баразну садзяць тады, калі займаюць большую плошчу на няўгноенай ніве (простапольле)”. Палешукі бульбу садзілі і на агародах, з дапамогай лапаты “дзвюма асобамі: першы ўбівае ў зямлю лапату амаль па дрэўца і выкідвае зямлю на паверхню, другі бярэ з каробкі клубні і кідае ў тую ямку па адным ці па некалькі ў залежнасці ад іх велічыні. Зямлёй, выкапанай з наступнай ямкі, прыкрываецца папярэдняя, у якую ўжо ўкінулі бульбу, і г.д.”.
Такім чынам, поўная і незваротная “беларусізацыя” бульбы адбылася ў XIX стагоддзі. У сярэдзіне таго ж стагоддзя без бульбы немагчыма было ўжо ўявіць жыццё беларускага паспалітага люду. Бульба ўваходзіць у фальклор, пра яе складаюць песні, танчаць пад іх. Адна з папулярнейшых беларускіх полек увогуле можа лічыцца за своеасаблівы бульбяны гімн:
- Гарні, гарні бульбу з печы
- У торбачку – ды на плечы
- Бульбу пякуць, бульбу вараць
- Бульбу ядуць, бульбу хваляць
- З бульбы мука, з бульбы каша
- Прападзі ты, доля наша
- Адзін лапаць, другі бот,
- А я шляхціц, далібог!
Сёння бульба ў Беларусі лічыцца нацыянальнай культурай, “другім хлебам”, пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс. га (1993).
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Ігар Марзалюк, праект «Наша Ежа»