Ёган Бах
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Ёган Сэбастыян Бах (па-нямецку: Johann Sebastian Bach) (21 сакавіка (стары стыль) 1685 – 28 ліпеня (новы стыль) 1750) — вялікі нямецкі кампазытар 17 стагодзьдзя. Аўтар больш за тысячы музычных твораў: арґанных, аркестравых, вакальных і іншых. Яшчэ пры жыцьці праславіўся як арґаніст-віртуоз, але як кампазытар вельмі даўгі час заставаўся невядомым.
[рэдагаваць] Біяґрафія
Кампазытар нарадзіўся ў 1685 годзе ў нямецкім мястэчку Айзэнаху. Ад бацькі, мясцовага музыкі, малы Ёган атрымаў першыя ўрокі гры на скрыпцы. Меўшы выдатны голас (сапрана) хлопчык сьпяваў таксама ў школьным хоры.
У 9 гадоў Ёган Сэбастыян асірацеў (памёр бацька), цяпер яго выхаваньнем стаў займацца старэйшы брат, які служыў царкоўным арґаністам у м.Ордруф. Брат накіраваў хлопчыку ў ґімназію, а сам у той жа час працягваў вучыць яго музыцы.
У 15 гадоў Бах вырашае пачаць самастойнае жыцьцё і пераяжджае жыць у Люнэбурґ. У 1703 ён скончыў ґімназію, пасьля чаго кампазытару прыйшлося некалькі гадоў паезьдзіць па краіне ў пошуках працы (гордага юнака не задавальняў прыгнечаны стан музыкі, умовы працы). Падчас гэтага пэрыяду жыцьця кампазытар адточвае сваё майстэрства гры на арґане.
У 1708 годзе Бах спыняецца на сталае жыцьцё ў Вэймары, дзе служыць прыдворным музыкам і мясцовым арґаністам. У "вэймарскі" пэрыяд кампазытар стварыў свае лепшыя арґанныя творы, сярод якіх Такката і фуга ре мінор, Пассакалія до мінор ды іншыя.
У 1717 годзе Бах з сям'ёй пераехаў у Кётэн, дзе кіраваў невялікім аркестрам пры двары мясцовага прынца. У Кётэне не было арґана, таму ў гэты пэрыяд Бах пісаў у асноўным клявірную і аркестравую музыку. Сярод іншага тут былі напісаны 24 прэлюдыі і фуґі, якія склалі першы том працы Добра тэмпэраваны клявір, а таксама была напісана Храматычная фантазія і фуґа рэ мінор.
З Кётэна ў 1723 годзе Бах пераехаў у Ляйпцыґ, дзе і застаўся да канца свайго жыцьця. Тут ён займаў пасаду кантара (кіраўніка хора) сьпеўнай школы пры царкве сьвятога Томаша. Тут кампазытару прыйшлося заняцца царкоўнай опэрападобнай музыкай. У Ляйпцыґу Бах стварае свае лепшыя вакальна-інструмэнтальныя кампазыцыі: большую частку кантат, Жарсці па Яну, Жарсці па Мацею, Мэса сі мінор. Тут жа былі напісаны Італьянскі канцэрт, закончаны другі том працы Добра тэмпэраваны клявір.
Памёр Ёган Сэбастыян Бах у 1750 годзе.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Ёган Бах — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў