Жыгімонт Кейстутавіч
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Жыгімонт Кейстутавіч, Жыгімонт I (каля 1365 – 20 сакавіка 1440) – вялікі князь літоўскі (1439 – 1440). Малодшы сын Кейстута і Біруты, брат Вітаўта.
У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зьняволены апошнім (1382 — 1384). У 1384 годзе ў Прусіі разам з Вітаўтам заключыў дамову з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы, але ў 1386 годзе прысягнуў яму. У 1389 годзе пасланы Вітаўтам у Прусію для перамоў аб сумесным з Ордэнам выступленьні супраць Ягайлы. Да 1398 годзе быў закладнікам у вялікага магістра ў Марыенбурзе. Пасьля вяртаньня атрымаў ад Вітаўта Старадубскае княства.
Прымаў удзел у перамовах і заключэньні пагадненьняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422 і 1431 гадох, уній з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле ў 1399 годзе і Грунвальдзкай бітве ў 1410 годзе.
У час уладараньня Вітаўта не меў палітычнага ўплыву, падтрымліваў брата. Пасьля сьмерці Вітаўта і абраньня вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць яго прапольска настроенай часткі князёў і баяраў ВКЛ і польскіх паноў, якія намагаліся ўзмацніць унію з Польшчай і пашырыць польскі ўплыў на палітыку ВКЛ. Пасьля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Жыгімонт абвешчаны вялікім князем, яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўня, Жамойць, Горадня, Менск, ўзброенай сілай было падпарадкавана Берасьце. Пасьля гэтага, верагодна бачачы свае цяжкае становішча, на бок Жыгімонта перайшла Новагародчына. Астатнія землі засталіся адданымі Сьвідрыгайле, які замацаваўся ў Віцебску.
Паміж Сьвідрыгайлам і Жыгімонтам пачалася барацьба – фэадальная вайна 1432 – 1439 гадоў. Каб залучыць на свой бок фэадалаў з незалежніцкай партыі, Жыгімонт выдаў Троцкі прывілей 1434 года, якім пашырыў ўсе правы, дадзеныя прывілеям 1387 года і Гарадзельскім прывілеям 1413 года фэадалам прыняўшым каталіцтва, на ўсіх фэадалаў ВКЛ незалежна ад іх веравызнаньня. Але значная частка фэадалаў ВКЛ усё адно не падтрымлівала Жыгімонта, бо ён вёў палітыку на падпарадкаваньне ВКЛ Польшчы. У выніку цяжкай паразы ў бітве пад Вількамірам у 1435 годзе падтрымка Сьвідрыгайлы стала маламагчымай, хутка Жыгімонт стаў адзінаўладным вялікім князем.
Жыгімонт быў занадта падазроным, верагодна ведаючы, што незалежніцкая партыя ўсё адно мае шмат прыхільнікаў, таму ўвесь час шукаў змоўшчыкаў, нават уяўных, жорстка караў іх, канфіскоўваў маёнткі, выносіў сьмяротныя прысуды. Ад гэта нават пайшлі чуткі, што ён жадае вынішчыць усіх князёў і баяраў. Супраць яго была арганізавана змова князёў Івана і Аляксандра Чартарыйскіх і віленскага ваяводы Даўгерда і троцкага ваяводы Лялюша, якія належалі да незалежніцкай партыі і былі зьвязаны з Сьвідрыгайлам. У выніку змовы Жыгімонт быў забіты ў Троцкім замку.
Папярэднік: Сьвідрыгайла |
Вялікі князь літоўскі 1439 – 1440 |
Наступнік: Казімер Ягелончык |