Марыя Складоўская-Кюры
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Марыя Складоўская-Кюры (7 лістапада 1867 – 4 ліпеня 1934) — выбітная вучоная, фізык і хімік, дасьледчыца радыеактыўнасьці, двухкратны ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.
[рэдагаваць] Біяграфія
Марыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў Варшаве ў настаўніцкай сям'і. У 1891 годзе яна зьяжджае ў Парыж, дзе становіцца студэнткай факультэту прыродазнаўства Сарбонскага ўнівэрсытэту. У выніку напружанай працы праз тры гады яна атрымоўвае два дыплёмы ліцэнзіяту — па фізыцы і па матэматыцы. На працягу вучобы ва ўнівэрсытэце Марыя знаёміцца з П'ерам Кюры, кіраўніком навуковай лябараторыі ў Школе фізыкі ды хіміі пры Сарбонскім унівэрсытэце. У 1895 годзе адбываецца іх вясельле, і Марыя пачынае працаваць у лябораторыі П'ера. 12 верасьня 1897 году нарадзілася іх першае дзіця — дачка Ірэн.
У 1897 годзе Марыя Кюры пачынае вывучаць зьяву радыеактыўнасьці, якую ўпершыню выявіў у 1896 годзе Анры Бэкерэль. Яна вызначае, што крыніцай радыеактыўнасьці ў дасьледаваных злучэньнях зьяўляюцца атамы ўрану і торыю. У ходзе экспэрымэнтаў выяўляецца, што некаторыя мінэралі з вокісам урану маюць значна большую радыеактыўнасьць, чым сам уран. Марыя Кюры высоўвае гіпотэзу, што прычынай гэтага ёсьць прысутнасьць у злучэньнях дагэтуль невядомага навуцы высокарадыеактыўнага рэчыва. У гэты час да дасьледаваньня далучаецца і П'ер Кюры. Здагадка знаходзіць пацьвярджэньне: далейшая праца прыводзіць да вылучэньня ў 1898 годзе двух новых элементаў — палонію (названы ў гонар радзімы Марыі Польшчы) і радыю. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, П'ер і Марыя вырашаюць не патэнтаваць тэхналёгію здабыцьця радыю, а пакінуць яе адкрытай для навуковай грамадзкасьці.
1903 год становіцца для сям'і Кюры годам прызнаньня іхных навуковых дасягненьняў. 25 ліпеня Марыя абараняе доктарскую дысэртацыю. У лістападзе Лёнданскае каралеўскае таварыства прысуджае ім адну з найвышэйшых узнагародаў — мэдаль Дэві. А 10 сьнежня П'ер і Марыя Кюры разам з Анры Бэкерэлем становяцца ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі па фізыцы. Такім чынам, Марыя Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобэля.
З гэтага часу П'ер і Марыя Кюры становяцца сусьветна вядомымі вучонымі. Яны працягваюць працу над вывучэньнем уласьцівасьцей радыю і спосабаў яго прамысловай вытворчасьці. У Сарбонскім універсытэце адкрываецца катэдра фізыкі, загадчыкам якой робіцца П'ер Кюры. Марыя працягвае выкладаньне ў Вышэйшай нармальнай школе для дзяўчын у Сэўры. Да таго ж, 6 сьнежня 1904 году ў іх нараджаецца другая дачка — Эва. Але 19 красавіка 1904 году ў выніку нешчасьлівага выпадку П'ер Кюры памірае.
Пасьля нечаканай сьмерці мужа Марыя Кюры становіцца на чале заснаванай для яго катэдры фізыкі і атрымоўвае ступень прафэсара Сарбоны. Яна працягвае дасьледваньні, выкладае ў Сарбоне і ў Сэўры. Распрацоўвае першы і на той час адзіны ў сьвеце курс лекцыяў па радыеактыўнасьці, рэдактуе і выдае «Працы П'ера Кюры», выдзяляе эталён радыю. З 1909 году яна ўзначальвае радыеактыўную лябараторыю ў новаадчыненым Інстытуце радыю. У 1911 годзе Марыя Кюры зноў становіцца ляўрэтам Нобэлеўскай прэміі, гэтым разам па хіміі, — першы ў гісторыі выпадак, калі адзін чалавек двойчы атрымаў гэтую ўзнагароду. У час cусьветнай вайны яна стварае «радыялягічную службу», арганізоўвае курсы падрыхтоўкі сясьцер-радыёлягаў, абсталёўвае 220 мабільных рэнтгенаўскіх установак. Пасьля вайны яна актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці, уваходзіць у склад шэрагу міжнародных арганізацый, стварае Інстытут радыю на сваёй радзіме — у Варшаве.
Гады працы з радыяктыўнымі рэчывамі не прайшлі бяссьледна для вучонай. Яшчэ ў маладосьці яна атрымала апёкі кісьцей рук. Да гэтага часу лябараторныя сшыткі П'ера і Марыі Кюры захоўваюць высокі ўзровень радыяктыўнасьці. А 4 ліпеня 1934 году Марыя Складоўская-Кюры памерла ад невядомай тады яшчэ хваробы — леўкеміі. Праз год выйшла апошняя кніга, якую яна пасьпела скончыць перад сьмерцю — фундамэнтальная праца «Радыеактыўнасьць».
[рэдагаваць] Кнігі
- Эва Кюры, «Марыя Кюры»