Нобэлеўская прэмія
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Но́бэлеўская прэмія — адна з найбольш прэстыжных узнагародаў, якая ўручаецца штогод за найбольш значныя дасягненьні ў навуцы і тэхніцы, культуры, грамадзкай дзейнасьці.
Нобэлеўская прэмія была ўкладзеная па наказу Альфрэда Нобэля, швэцкага прамыслоўцы, вынаходніка дынаміту. Упершыню прэмія была ўручана ў 1901 годзе ў Стакгольму; з 1902 году ўзнагароды ўручае кароль Швэцыі. Урачыстае ўручэньне прэміі адбываецца 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля, хоць імёны лаўрэатаў звычайна абвяшчаюцца загадзя. Прэмія ўручаецца ў пяці галінах: фізыка, хімія, фізыялёгія альбо мэдыцына, літаратура, прэмія міру. Памер узнагароды на пачатку XXI стагодзьдзя складае каля 10 мільёнаў швэцкіх кронаў; пасьмяротна прэмія не ўручаецца. У 1968 годзе Дзяржаўным банкам Швэцыі была заснаваная прэмія ў галіне эканомікі памяці Нобэля, якая ўручаецца разам з Нобэлеўскімі прэміямі, хоць да іх і не адносіцца.
У іншых галінах навукі й культуры існуюць свае прэміі, такія ж славутыя, як Нобэлеўская: Абэлеўская (матэматыка), Цьюрынгаўская (кампутарныя тэхналёгіі), Прыцкэраўская (архітэктура) і іншыя. Уручаецца таксама парадыйная Ігнобэлеўская прэмія — за самыя непатрэбныя навуковыя досьледы.