Трайдзень
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Трайдзень, Траждзень, Тройдзень (1220-я – 1282) — пяты вялікі князь літоўскі з 1270 па 1282, сын папярэдняга вялікага князя — Віда. Вёў упартую барацьбу з Тэўтонскім ордэнам, галіцка-валынскімі князямі. Ад ворагаў атрымаў мянушку Хіжы. Значна пашырыў межы ВКЛ. Загінуў да рук падасланых забойцаў.
|
[рэдагаваць] Паходжаньне
Паходжаньне Трайдзеня, як і яго бацькі Віда дакладна невядомае, але верагодней за ўсе яны былі родзічамі Міндоўга. Пазьнейшыя крыніцы называюць яго бацьку нашчадкам полацкіх князёў, адпаведна гэтак магчыма казаць і аб самім Трайдзеню, наколькі слушныя гэтыя крыніцы цяжка меркаваць. Але і тагачасныя крыніцы кажуць аб малодшых братах Трайдзеня — Борзе, Лесію, Свелкенію, Сірпуцію і аб стрыечным браце Гольшы як аб праваслаўных хрысьціянах паходжаньнем з «пакаленьня рускага». Таму верагодна, што і Трайдзень паходзіў з «пакаленьня рускага» і вызнаваў праваслаўе.
[рэдагаваць] Жыцьцё і дзейнасьць
[рэдагаваць] Да 1270 года
Аб гэтым часе жыцьця Трайдзеня вядома вельмі мала. Верагодна, што яшчэ за часамі Міндоўга ён удзельнічаў у войнах з галіцка-валынскі князямі, бо летапіс паведамляе, што у гэтых канфліктам загінулі яго малодшыя браты Борза, Лесі, Свелкені. Таксама магчыма лічыць, што Трайдзень з 1268 намесьнічаў свайму бацьку, бо Від на той час быў састарэлага ўзросту — таму ўсё, што кажуць пра дзейнасьць Віда відаць трэба адносіць на конт Трайдзеня.
[рэдагаваць] На вялікакняскім пасадзе
У 1270 Трайдзень «нача княжити в Литве». Летапісы распавядаюць, што Трайдзень «великие вальки чынил з Ляхи, и з Русю, и з Мазовшаны, и завжды зыскивал и над землями их сильные окрущества чынил». Таму валынскі летапісец характэрызаваў яго як «окаяньный и безаконьный, проклятый, немилостивый Тройден, яго же безаконья не могохом псати срама ради» казаў, што ён нават у параўнаньні з Ірадам і Нэронам «многа злейша того безаконья чиняша». І насамрэч гэты вялікі князь «весь живот свой до войны и крови розляне простовал».
Трайдзень вёў актыўную ўнутранаю і зьнешнюю палітыку. Унутры ВКЛ змагаўся з сэпаратыстамі душачы іхні рух у Нальшанах і Дзяволтве — працягваў палітыку Войшалка, апіраючыся на Новагародскае, Гарадзенскае княствы і Полацкую зямлю. Вядома, што ад яго ў Ордэн уцяклі нальшанскія мясцовыя князькі Полюш і Суксэ. У зьнешняй палітыцы імкнуўся да пашырэньня межаў дзяржавы за кошт найперш балцкіх зямель Аукштоты, Дайновы і Судавіі, а таксама абараніць ВКЛ ад уціску з боку Тэўтонскага ордэну і Галіцка-Валынскага княства. Усё гэта ў яго выдатна атрымалася — да ВКЛ былі далучаны Аўкштота, Дайнова і значная частка Судавіі. У 1273 годзе дапамог войскам яцьвяжскаму князю з Судавіі Скаламенду ў выправе на Кульмскую зямлю, ў якой удзельнічалі русіны відаць з Новагародскага і Гарадзенскага княстваў. Шмат яцьвягаў і прусаў уцякала ад тэўтонскага ўціску на землі ВКЛ. Вядома, што Трайдзень пасяліў частку прусаў ля Слоніма - іх нашчадкі жывуць там і зараз.
У 1274 годзе Трайдзень паслаў гарадзенскую дружыну на Драгічын, які належаў галіцкаму князю Льву, горад быў захоплены і «избиша вся и мала и до велика». Да гэтага Трайдзень з Львом «живаше во величе любови, шлюче многа дары межи собою». Невядома ці праўда гэта і чым растлумачыць такі ўчынак вякікага князя. У наступным 1275 годзе Леў Данілавіч помсьцячы за рабаваньне Драгічына «посла в татары ко великому царю Меньгаут-Мереви, прося себе помочи у него на Литвоу». Хан дасылае да Льва войска на чале з вайскаводцам Ягурчынам, і прымушае ісці на ВКЛ падручных князёў — Рамана Бранскага, Глеба Смаленскага, тураўскіх і пінскіх князёў. Але у выніку сварак яны ўзяўшы толькі вакольны горад Новагародка пайшлі за межы ВКЛ.
У 1277 годзе Трайдзень ваюе Дынабург, выкарыстоўвае чатыры вялікія рухомыя абложныя вежы для штурму, балісты кідаючыя каменьне. У войску ВКЛ было шмат лучнікаў русінаў, верагодна палачан, бо ў адной з наўгародзкіх берасьцяных грамат гэтага часу паведамляецца аб канцэнтрацыі войскаў у Полацку. Аблога доўжылася чатыры тыдні, але была спыненая таму, што ў гэты час пачалося чарговае ўварваньне галіцка-татарскіх кантынгентаў на чале з вайскаводцам Мамшынам у межы ВКЛ. Але і гэтая галіцка-татарская выправа скончылася няўдала з-за сварак паміж удзельнікамі кампаніі.
У канцы 1278 года Трайдзень пасылае брата Сірпуція (свайго гарадзенскага намесьніка) з войскам на дапамогу яцьвягам якія ваявалі Мазовію і Ўсходнюю Польшчу — войска ВКЛ дайшло да Любліна. Больш за ўсё пацярпела Мазовія, ў выніку мазавецкія князі разарвалі адносіны з Тэўтонскім ордэнам і запрасілі ў Трайдзеня замірэньня.
Але ў той жа час, напрыканцы 1278 года лівонскія войскі ўварваліся ў Аўкштайцію, парабавалі яе і пайшлі далей углыб ВКЛ. У студзені 1279 яны аблажылі Кернаў. Ордэнскія крыніцы кажуць аб ім як аб “горадзе ў зямлі Традзеня” ці “горадзе Трайдзеня”, на гэтай падставе некаторыя дасьледчыкі лічаць Кернаў нават тагачаснай сталіцай ВКЛ, ці горадам якім валодаў Трайдзень да таго як стаў вялікім князям. Але наўрад ці гэтыя меркаваньні слушныя, бо засноўваюцца на вельмі цьмяным адзінкавым паведамленьні. Цікава, што пад час сучасных археалягічных раскопак у Кернаве ў пластах 13 стагодзьдзя пакуль знаходзяць выключна славянскія ці хрысьціянскія рэчы. Аблога Кернава была беспасьпяховай, у лютым крыжакі парабаваўшы яго ваколіцы пайшлі з вялікімі лупамі ў Лівонію. Трайдзень сабраўшы войска наладзіў за імі пагоню і дагнаў іх ля Ашэрадэна 5 сакавіка 1279 году. Спачатку бітва была роўнай, лівонцы моцна бараніліся, але ў нейкі момант частка войска ВКЛ кінулася ва ўяўныя уцёкі. Частка ордэнскага войска, а менавіта датчане, пачалі перасьлед “уцекачоў”, але гнаўшыся значны час не здолелі дагнаць і вырашылі вяртацца да свайго войска. Калі датчане вярнуліся да месца бітвы, дык астатнія войскі ўжо былі разьбітыя, самыя ж датчане трапілі ў пастку і ў большасьці былі зьнішчаныя. У бітве пры Ашэрадэне загінуў лівонскі магістр і 71 ордэнскі брат, не лічачы астатніх рыцараў і простых вояў.
Посьпех пры Ашэрадэне быў замацаваны заключэньнем у тым жа 1279 годзе міру і хаўруса паміж Мазовіяй і ВКЛ. Мазавецкі князь Баляслаў II ажаніўся з Трайдзенявай дачкой Гедзіміндай. Новы хаўрус быў накіраваны як супраць Тэўтонскага ордэна, так і супраць Польшчы. Да гэтага ж года Мацей Стрыйкоўскі адносіць другі шлюб Трайдзеня — з мазавецкай князёўнай Ганнай.
У 1280 годзе Трайдзень шле войска на дапамогу Скаламенду ў выправу на Самбію. Па яго загаду Найміс ваяваў Памезанію. У тым жа годзе Трайдзень канчаткова далучыў да ВКЛ Аўкштоту, па паданьні менавіта тады была заснавана памежнае умацаваньне Коўня.
У 1281 годзе Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі і прымусіў крыжакоў аддаць яму гэты замак узамен захопленага Герцыке.
[рэдагаваць] Сьмерць вялікага князя
Абставіны сьмерці Трайдзеня шчыльна зьнітаваны зь яго унутранай палітыкай. У 1282 годзе яго забілі два нальшанца — Стуманд і Гірдзела якія пасьля здолелі уцячы ва ўладаньні Тэўтонскага ордэна. Па паданьні яны былі падасланыя адным з нальшанскіх князёў — Полюшам, былым сэпаратыстам які зьбег з ВКЛ, прыняў каталіцтва, удзельнічаў у выправах тэўтонскіх рыцараў на ВКЛ помсьцячы за страту сваіх уладаньняў.
[рэдагаваць] Верагодны радавод і нашчадкі
NN ├──>NN │ ├─>Від Воўк │ │ ├─>Трайдзень │ │ │ ├─>Будзікід │ │ │ ├─>Будзівід │ │ │ │ ├─>Віцень │ │ │ │ └─>Гедзімін-Пракоп │ │ │ │ └─>ГЕДЗІМІНАВІЧЫ │ │ │ └─>Гедзімінда-Cафія │ │ ├─>Борза │ │ ├─>Лесі │ │ ├─>Свелкені │ │ ├─>Сірпуці │ │ └─>NN дачка │ └─>Гердзень │ ├─>Андрэй │ └─>Гольша │ └─>ГАЛЬШАНСКІЯ └──>NN ├─>Даўспрунг │ ├─>Таўцівіл │ │ └─>Іван │ ├─>Эрдзівіл │ └─>NN дачка ├─>Міндоўг │ ├─>Войшалк │ ├─>Даўмонт │ ├─>NN дачка │ ├─>Рукля │ └─>Рупэк └─>NN дачка └─>Транята
Папярэднік: Від |
вялікі князь літоўскі 1270 – 1282 |
Наступнік: Будзікід |