Гедзімін
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Гедзімін, Гедымін (каля 1275 — 1341) – вялікі князь літоўскі з 1316 па 1341.
[рэдагаваць] Паходжаньне і радавод
Позьняя традыцыя, зафіксаваная ў так званых беларуска-літоўскіх летапісах, лічыла Гедзіміна сынам Віценя. У дыпляматычным ліставаньні Гедзіміна з рыскім магістратам ён завецца братам Віценя. Некаторыя сучасныя даследчыкі лічаць, што Гедзімін быў сынам ці зяцем яцвяга Скаламенда, а іншыя што яго бацькам быў Лютувер.
У 2-ой палове 15 стагодзьдзя існавала і тэндэнцыйная вэрсія, зафіксаваная ў польскай хроніцы Яна Длугаша і ў маскоўскіх крыніцах, у якой Гедзімін абвяшчаўся конюхам Віценя, які нібыта забіў свайго гаспадара і захапіў яго уладу. Гэта вэрсія, відаць, была створана ў мэтах дыскрэдытацыі пануючай дынастыі ВКЛ.
Гедзімін меў тры шлюбы. З першай жонкай, жамойткай Відай, ён меў сыноў Вітаўта (іншым разам лічыцца мітычнай асобы), Манівіда, Нарымонта-Глеба. З другой, полацкай князёўнай Вольгай - Альгерда і Кейстута. З трэцяй, смаленскай ці тураўскай князёўнай Леанідыяй (яе на падставе зьвестак Тэадора Нарбута часам завуць Еўнай) – Любарта-Фёдара, Карыята-Міхала, Яўнута-Івана. Іх шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў. Акрамя гэтага, меў 7 дачок – Альдону-Ганну, Данмілу-Елізавету, Біруту (умоўнае імя), Марыю Старэйшую, Аўгусту-Анастасію, Марыю Малодшую і Яўфімію.
Воін-Васіль Полацкі і Фёдар Кіеўскі часам лічацца братамі Гедзіміна, але верагодней за ўсё не мелі дачыненьня да роду Гедзіміна, хоць і дзейнічалі ў хаўрусе з ім.
[рэдагаваць] Жыцьцё і дзейнасьць
Панаваньне Гедзіміна пачалося паміж кастрычнікам 1315 года (апошняя згадка Віценя) і чэрвенем 1317 года. Пачатак панаваньня Гедзіміна вызначыўся стварэньнем у ВКЛ самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху (існавала ў 1317 — 1330 гадах, цэнтар — Новагародак), і спробай нармалізаваць адносіны з каталіцкім Захадам. Не пазьней за 1320 год Гедзімін заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў яго галоўнай рэзыдэнцыяй. Каля 1321 года Гедзімін пабудаваў у Вільні касьцёл для манахаў-францысканцаў і аднавіў іх касьцёл у Новагародку, пабудаваны яшчэ Віценям і спалены ў выніку нападу крыжакоў.
У 1318 годзе сын Гедзіміна Альгерда ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з Рагвалодавічаў, а ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедзіміна Марыі з вялікім князем цьвярскім Дзьмітрыем Міхайлавічам быў замацаваны хаўрус з Вялікім княствам Цьвярскім. У 1322 годзе іншы зяць Гедзіміна і яго намесьнік у Гародні Давыд Даўмонтавіч быў кароткі час князем Пскова, што прывяло да выхаду Пскова з-пад кантролю Ноўгарада. Каля 1322 году пад уладу ВКЛ перайшлі Берасьцейшчына і Падляшша, аб чым паведамляюць позьнія беларуска-літоўскія летапісы (ўскосна пацьвярджаецца пералікам ваявод Галіцка-Валынскага княства 1335 года ў якім адсутнічаюць ваяводы з гэтых зямель). У 1323 годзе адбыўся набег літоўскага войска на ноўгародзкую воласьць Вялікія Лукі. Пад непасрэдную ўладу Гедзіміна адышлі ў 1320-я гады Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленскай зямлі. Актыўная палітыка Гедзіміна на Русі выклікала канфлікт з Залатой Ардой. У час візыту папскіх легатаў ён быў вельмі занепакоены татарскімі справамі, а ў 1325 годзе адбылася татарская вайсковая выправа на ВКЛ.
У траўні 1323 года Гедзімін праз Рыгу зьвярнуўся з шэрагам лістоў да рымскай курыі, Ганзэйскага хаўрусу, саксонскіх рэзыдэнцый францысканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедзімін, тытулаваны як «кароль Літвы і Русі, ўладар і князь Жамойці», выказваў намер прыняць каталіцтва, запрашаў у ВКЛ манахаў і майстроў розных спэцыяльнасьцей, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 года Гедзімін заключыў мір з рыскім арцыбіскупам і магістратам Рыгі (так званы Дагавор 1323 года). Межы ВКЛ і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэньня людзей. Адносіны з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, ў пачатку 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпеню — аблога войскамі ВКЛ ордэнскага замка Хрыстмэмэль. У кастрычніку 1324 рымскі папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысьціць Гедзіміна. Аднак у апошні момант Гедзімін адмовіўся ад прыняцьця каталіцтва, задаволіўшыся мірам з Тэўтонскім ордэнам, заключаным у лістападзе 1324 года з дапамогай легатаў. Адначасова Гедзімін наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Альдону-Ганну за Казіміра, сына караля Уладзіслава Лакетка.
Полацкі князь Воін-Васіль і менскі князь Фёдар Сьвятаслававіч зваліся “братней” Гедзіміна, гэта значыць былі ў васальнай залежнасьці ад яго, хоць і мелі высокі статус, бо зваліся “братамі” (відаць малодшымі), а не “сынамі”. З гэтага бачна, што пачатыя яшчэ пры Войшалку стасункі ВКЛ з Полацкай зямлёй не перапыняліся. Гэтыя князі ў 1326 годзе рабілі пасольства Гедзіміна ў Ноўгарадзе (Воін-Васіль ўзначальваў яго), вынікам якога стала заключэньне міру з Ноўгарадам і аднаўленьне міру з Лівоніяй. Сфэра ўплыву Гедзіміна на Русі няўхільна пашыралася. З 1327 па 1329 год у Пскове пасьля Давыда княжыў цьвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч, які абапіраўся на падтрымку Гедзіміна.
У 1326 годзе Гедзімін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбургскага маркграфства. А ў 1328 годзе ўмяшаўся ў канфлікт паміж рыскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Восеньню 1329 года ён па просьбе рыжан спустошыў уладаньні ордэна, а вясной 1330 года — ўладаньні рыскага арцыбіскупа. Аднак канфлікт скончыўся паражэньнем гараджан і заключэньнем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330 года), што прывяло да аднаўленьня вайны паміж ВКЛ і крыжакамі. Сумесны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 года. У адказ у верасьні гэтага ж года Гедзімін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыцьцявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на ВКЛ сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацка), 1334 (да Полацка), 1339, 1340.
Аднаўленьне вайны на захадзе не спыніла рускіх спраў Гедзіміна, хоць і ўскладніла іх. Хаўрусьнік Гедзіміна цьвярскі князь Аляксандр у 1329 годзе страціў Пскоў, але ў 1331 годзе ў другі раз атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337 года. У 1331 годзе Гедзімін зрабіў няўдалую спробу правесьці на вакантную пасаду ноўгародзкага япіскапа свайго вылучэнца Арсенія. Пра памер уплыву Гедзіміна на Русі ў гэты час сьведчыць тое, што другі кандыдат у япіскапы, якога Гедзімін імкнуўся захапіць, праехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок, прычым ля Кіева яго ледзь не захапіў кіеўскі князь Фёдар, які дзейнічаў у інтарэсах Гедзіміна. Хаўрусьнікамі Гедзіміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч, казельскі князь Аляксандр Мсьціслававіч – зяць Гедзіміна. У 1331 годзе Гедзімін аддаў сваю дачку Яўфімію за галіцка-валынскага князя Баляслава-Юрыя. У 1333 годзе сын Гедзіміна Нарымонт-Глеб быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага саюзу паміж ВКЛ і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага князя Івана Каліты. Аднак Гедзімін пазьбягаў простага супрацьстаяньня з Масквой і ў 1333 аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. Да 1338 годзе Нарымонт зьехаў з Ноўгарада і стаў княжыць у Полацку і, магчыма, Пінску, але захаваў сваіх намесьнікаў у шэрагу валасьцей, падараваных яму ноўгародцамі (Ладазе, Арэшку, Карэле і палове Капор’я).
Беларуска-літоўскія летапісы паведамляюць пра заваяваньне Гедзімінам Кіеўскай зямлі, але гэты сюжэт большасьць дасьледчыкаў слушна лічыць мітычным. Кіевам у 1331 — 1363 годзе валодаў князь Фёдар, які падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. Магчыма, спробы пашырыць уплыў ВКЛ на Кіеў выклікалі новую татарскую вайсковую выправу на ВКЛ у 1338 годзе. У 1340 годзе памёр апошні галіцка-валынскі князь Баляслаў-Юрый, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедзіміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж ВКЛ, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо пасьля сьмерці Гедзіміна. Ён загінуў зімой 1341 - 1342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баэрбург. На падставе чэскай крыніцы існуе вэрсія пра атручэньне Гедзіміна.
У час панаваньня Гедзіміна ВКЛ стала моцнай ўсходне-эўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Апрача Вільні, мураваныя замкі былі ўзьведзеныя ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Пачалося запазычаньне першых элемэнтаў заходне-эўрапейскай культуры. Адначасова Гедзімін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыцы ВКЛ, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі.
Папярэднік: Віцень |
вялікі князь літоўскі 1316 – 1341 |
Наступнік: Альгерд і Кейстут |