Міндоўг
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Міндоўг (лацінкай Mindoŭh, Mindowh, па-польску Mendog, па-расейску Миндовг, па-летувіску Mindaugas) — заснавальнік і першы Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага. Час ягонага кіраваньня — прыблізна ад 1230-х да 1263 году. Міндоўг аб'яднаў пад сваёй уладай землі Наваградчаны, Чорнай Русі, усходнія землі сёньняшняй Летувы і частку Полаччаны ў адну дзяржаву.
Па аб'яднаньні летапіснай Літвы з Наваградзкім княствам і ўтварэньня новай дзяржавы Міндоўг, які быў паганцам, мусіў прыняць хрысьціянства. Паводле Густынскага летапісу, ужо ў 1246 годзе ва ўласнай рэзыдэнцыі ў Наваградку ён ахрысьціўся ў праваслаўе — веру сваіх падданых русінаў-беларусаў, аднак палітычная сытуацыя змусіла Міндоўга праз пэўны час яшчэ раз змяніць веравызнаньне і навярнуцца ў каталіцтва. За абяцаньне прыняць хрысціянства рымскага абраду і аддаць ва ўладаньне інфлянцкім рыцарам частку Жамойці ў 1251 годзе Міндоўг атрымаў падтрымку магістра Інфлянцкага ордэну і перамог кааліцыю. Рымскі папа Інакенці IV узяўся асабіста апекавацца Міндоўгам. Вянцом найлепшых стасункаў з Захадам сталася ягоная каранацыя. 6 ліпеня 1253 году Міндоўг прыняў тытул караля ў рэзыдэнцыі ў Наваградку, які тады быў праўдападобна сталіцай Вялікага княства Літоўскага. У сучаснай Летуве ў гонар каранацыі Міндоўга 6 ліпеня адзначаецца Дзень дзяржавы. Міндоўг атрымаў ад рымскага папы каралеўскую карону. Афіцыйна княства рабілася каралеўствам, што стварала падставы для стабільнасці ў стасунках з эўрапейскімі дзяржавамі. У 1255 годзе рымскі папа прызнаў Міндоўгавага сына ягоным пераемнікам і дазволіў каранацыю, і гэта яшчэ больш умацавала пазыцыі Міндоўга ў хрысьціянскім сьвеце. Аднак гэтакай эўрапейскай арыентацыі Міндоўг трымаўся ня доўга. Ужо на пачатку 1260-х гадоў ён разарваў пагадненьне з Інфлянцкім ордэнам, а потым і з папам ды пачаў адкрытую вайну супроць сваіх былых хаўруснікаў. Быў забіты ў 1263 годзе ў выніку змовы. (Паводле артыкулу Генадзя Сагановіча)
Гісторыкі дагэтуль не дасягнулі кансэнсусу нават па самых фундамэнтальных пытаньнях біяграфіі першага вялікага князя. Вось шэсьць пытаньняў, якія былі сфармуляваныя яшчэ ў 1939 годзе З.Івінскісам, якія так і ня маюць пэўных адказаў:
- ці Міндоўгу належыць вызначальная роля ў стварэньні ВКЛ;
- якім было сапраўднае паходжаньне Міндоўга;
- дзе была сталіца яго дзяржавы;
- праблема аўтэнтычнасьці даравальных дакумэнтаў на карысьць Лівонскага ордэну;
- калі Міндоўг быў больш шчырым — прымаючы хрысціянства ці парываючы зь ім;
- якой агульнай ацэнкі заслугоўвае ён з пазыцыяў сёньняшняга часу? Як вырашыць літоўска-беларускія пытаньні што да характару ВКЛ?
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
- Міндоўг знаёмы і незнаёмы: погляд літоўскага гісторыка (рэцэнзія). Вячаслаў Насевіч, Уладзімір Свяжынскі (Беларускі гістарычны агляд)
- Каранацыя Міндоўга як дзяржаўны акт. Анатоль Грыцкевіч (Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны)
- Міндоўг. Мікола Купава (Часапіс "Наша Вера")
- Міндоўг (Сайт "Беларусь невядомая")
- ВКЛ. Пакаленьне першае: Міндоўг
- 750-годзьдзе каранаваньня Міндоўга. Беларуская Атлянтыда (Радыё Свабода)
- Аляксей Марачкін: “Наш Міндоўг на спутаным кані”. Вольная студыя (Радыё Свабода)
- Хто такі Міндоўг (150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі)
Папярэднік: -- |
вялікі князь літоўскі 1245 - 1253 |
Наступнік: Войшалк |