Фердынанд I Габсбург
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Фердына́нд I Га́бсбург (10 сакавіка 1503 – 25 ліпеня 1564) — аўстрыйскі эрцгерцаг з 1521 году, кароль рымлянаў з 1531 году, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі з 1556 году.
Актыўны ўдзельнік (Шмалькальдэнская вайна 1546—1548 гадоў і інш.) барацьбы супраць княжацкай Рэфармацыі ў Германіі, якая падрывала пазіцыі імператарскай улады. Разам з тым, прыхільнік памяркоўнай рэформы каталіцкай царквы, схіляўся да кампрамісу з пратэстантамі і гусітамі, на Трыдэнцкім саборы (1545 – 1563) спрабаваў дабіцца скасавання цэлібату і надання міранам права прычашчацца з чашы. Адзін з ініцыятараў заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 году.
На венскім кангрэсе 1515 году, у выніку дыпламатычнай місіі Мікалая Радзівіла (сына Мікалая Радзівіла Старога), які атрымаў за гэта тытул імперскага князя, дасягнутая дамоўленасць аб шлюбе Фердынанда з Ганнай Ягелонкай, дачкой чэшскага і венгерскага караля Уладзіслава Ягелона, унучкай Казіміра IV (шлюб заключаны ў 1521 годзе), і аб магчымасці пераходу Чэхіі і Венгрыі ад Ягелонаў да Габсбургаў. Жыгімонт II Аўгуст быў двойчы (1543 – 1545 і з 1553) жанаты з дачкамі Фердынанда і Ганны Ягелонкі: Лізаветай (1526 – 1545) і Кацярынай (1533 – 1572), адным з ініцыятараў гэтых шлюбаў быў Мікалай Радзівіл Чорны. Пасля разгрому Венгрыі туркамі пры Мохачы ў 1526 годзе і гібелі свайго швагра Людовіка II Ягелона Фердынанд абраны каралём Чэхіі і Венгрыі, што выклікала серыю грамадзянскіх войнаў паміж прыхільнікамі яго і венгерскага магната Янаша Запольяі, таксама абранага венгерскім каралём і падтрыманага Польшчай. Жорстка падавіў рух за незалежнасць Чэхіі, спрыяў кансалідацыі спадчынных уладанняў аўстрыйскіх Габсбургаў у адзіны дзяржаўны комплекс.
Карыстаўся папулярнасцю ў “сепаратысцкай” часткі беларуска-літоўскага грамадства, якая бачыла ў Габсбургах процівагу Польшчы. Яго паслы ў Вільні ў 1528 годзе адзначалі, што літоўскія паны-рада больш спрыяюць Габсбургам, чым палякі, апрача Канстанціна Астрожскага, які сімпатызаваў Запольяі. Выхадцы з ВКЛ непасрэдна ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях на баку Фердынанда, як, напрыклад, І. Перасветаў, які ў 1535 быў нават яго паслом да малдаўскага гаспадара Пятра Рарэша. У 1532 годзе Ілья Астрожскі, насуперак рашэнням сойму ВКЛ, прапаноўваў Фердынанду выставіць уласныя ўзброеныя атрады для вайны з Турцыяй.
У 1535 – 1539 гадах у батанічным садзе Фердынанда ў Празе працаваў Францішак Скарына, па некаторых звестках, быў ягоным асабістым лекарам.
- Крыніца: Алесь Белы, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»