Сьцяг Латвіі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Сьцяг Ла́твіі ўяўляе сабой палатно 1:2 і складаецца зь дзьвюх гарызантальных цёмна-чырвоных палосаў, якія пасярэдзіне разьдзяляюцца тонкай белай палоскаю. Кожная з чырвоных палосак пры гэтым удвая таўсьцейшая за белую палоску.
Чырвоны колер сымбалізуе кроў, што была пралітая за свабоду Латвіі. Варты ўвагі своеасаблівы карычнева-чырвоны колер (код: "1807C"), вядомы ў сьвеце таксама як "Латыскі чырвоны" ("Latvian Red").
Белы колер сымбалізуе чысьціню і справядлівасьць.
[рэдагаваць] Гісторыя
Першыя згадкі аб чырвона-бела-чырвоным сьцягу датуюцца 13 стагодзьдзем. Гэта адзін з найстарэйшых ужываных сёньня сьцягоў. Сучасная вэрсія сьцягу распрацаваная ў траўні 1917 году латыскім мастаком Ансысам Цырулысам. Ён карыстаўся сярэднявечнымі крыніцамі, дзе апавядалася аб хрысьціянізацыі Латвіі крыжакамі.
Фармальна сьцяг быў прыняты як дзяржаўны 15 чэрвеня 1921 году і ўжываўся да анэксіі Латвіі Савецкім Саюзам у 1940 годзе. З 1940 па 1990 год Латвія (Латвійская ССР) мела іншы сьцяг, створаны па ўзоры сьцягоў усіх савецкіх рэспублікаў, а чырвона-бел-чырвоны сьцяг быў ва ўжытку ў шматлікіх уцекачоў на Захадзе.
27 лютага 1990 году чырвона-бел-чырвонаму сьцягу быў вернуты статус дзяржаўнага.