Казімір III Вялікі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Казімі́р III Вялі́кі (30 красавіка 1310 – 5 лістапада 1370) — польскі кароль з 1333 году, апошні кароль Польшчы з дынастыі Пястаў.
Сын Уладзіслава I Лакатка (1320 – 1333), які аднавіў адзінства польскага каралеўства пасля працяглага перыяду феадальнай раздробленасці. У 1325 годзе Уладзіслаў і Гедзімін, якія да гэтага варагавалі, заключылі накіраваны супраць Тэўтонскага Ордэну саюз, замацаваны дынастычным шлюбам Казіміра і дачкі Гедзіміна Альдоны (у хрышчэнні Ганна, памерла ў 1339 годзе), заключаны насуперак жаданню Казіміра. У якасці пасагу, паводле падання, Гедымін нібыта адпусціў з ВКЛ больш за 20 тыс. польскіх палонных. Адным з вынікаў гэтага саюзу быў сумесны рэйд польска-літоўскага войска у 1326 годзе на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры.
Прыйшоўшы да улады, Казімір працягнуў лінію бацькі на тэрытарыяльную экспансію, якую у інтарэсах феадалаў Малапольшчы накіраваў на ўсход. Нягледзячы на значныя страты у Памор'і і Вялікапольшчы на карысць крыжакоў, тэрыторыя Польскага каралеўства пры Казіміры павялічылася са 106 да 270 тыс. кв. км., за што Казімір і празваны Вялікім. Скарыстаўшыся з адсутнасці спадкаемцы у апошняга галіцка-валынскага князя Юрыя-Баляслава II Тройдзенавіча (памёр у 1340 годзе), спрабаваў захапіць Галічыну і абвясціць сябе гаспадаром “Русі”, фармальна звязанай з Польшчай асабістай уніяй. Гэта выклікала канфлікт з Літвой, паколькі галіцкае баярства прызнала гаспадаром сына Гедзіміна Дзмітрыя-Любарта, які, як і Казімір, быў блізкім сваяком Юрыя і якому удалося замацавацца на Валыні. У 1347 годзе Любарт падтрымаў ініцыятыву кіеўскага мітрапаліта Феагноста па скасаванні асобнай Галіцкай мітраполіі, каб яна не паслужыла інструментам пашырэння ўплыву Казіміра на паўднёва-заходнія землі ВКЛ. У жніўні – лістападзе 1349 году Казімір пры падтрымцы Залатой Арды, Венгрыі і Мазовіі захапіў амаль усю тэрыторыю былога Галіцка-Валынскага княства, у тым ліку Бярэсце. У 1350 годзе войскі ВКЛ вярнулі Бярэсце і Валынь, нават на кароткі час авалодалі Львовам, але Галічына засталася у руках Казіміра. У 1351 – 1352 гадах польска-венгерскія войскі здзейснілі некалькі паходаў на Бярэсце, Бэлз, Уладзімір Валынскі, але ВКЛ удалося захаваць большую частку набытых пры падзеле спадчыны Юрыя-Баляслава тэрыторый.
Паколькі шлюб з Альдонай, як і наступныя, не прынёс Казіміру законных сыноў, ён прымаў захады па забеспячэнню пераемнасці сваёй улады. З мэтай урэгуляваць гэтае і іншыя пытанні міждзяржаўных адносін у Цэнтральнай Еўропе была арганізаваная серыя сустрэч (з 1335 году) у венгерскім горадзе Вышэградзе з удзелам Казіміра, венгерскага караля Людовіка I (пляменніка Казіміра) і чэшскага караля Яна Люксембурга, якая стала правобразам сучаснай Вышэградскай групы краін (Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія). У выніку было дамоўлена, што польскі трон у выпадку, калі Казімір памрэ без законных спадкаемцаў, пераходзіць да Людовіка. Пасля перыяду збліжэння з ВКЛ (1356 – 1366) узнавіў барацьбу за Валынь, якая працягвалася і пры яго наступніку Людовіку.
Папярэднік: Уладыслаў I Локцік |
кароль польскі 1370-1382 |
Наступнік: Людовік Вугорскі |
- Крыніца: Алесь Белы, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»
[рэдагаваць] Знешнія спасылкі
[рэдагаваць] Літаратура
- Довнар-Запольский М.В. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь // Киевские университетские известия. 1896. № 8.
- Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. К., 1987.
- Рудзкi Э. Ганна Альдона, дачка Гедымiна, жонка польскага караля Казiмiра Вялiкага // Спадчына, № 5. 1993.