Лацый
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Лацый (па-лацінску: Latium) ці інакш Старажытны Лацый — гістарычная вобласьць Сярэдняй Італіі. Лацый займаў паўднёвую частку сучаснай італьянскай правінцыі Ляцыё, зараз практычна адпавядае яе адміністрацыйнай адзінцы — Лаціна.
Даволі позна, ў 2 тысячагодзьдзі да н. э., заселены невялікім племем лацінаў ад якіх і атрымаў сваю назву. Уяўляў сабою пагорыстую раўніну ў ніжняй плыні Тыбра плошчай каля 1,5 тысяч квадратных кілямэтраў. Межамі яму служылі Тырэнскае мора, Тыбр, прыток Тыбра Аніё, Сабінскія горы, ўзгорыстыя раёны экваў, гернікаў і вольскаў. Цэнтар Лацыя — Альбанскія пагоркі.
Лацый знаходзіўся паміж двума багатымі абласьцямі — Этрурыяй і Кампаніяй, населенымі плямёнамі з разьвітой культурай і гандлем. Суднаходная верхняя плынь Тыбра злучала Лацый з унутранымі тэрыторыямі Апэнінскай паўвыспы, а Тырэнскае мора было раёнам ажыўленага гандлю паміж карфагенянамі, грэкамі і этрускамі. Вульканічны попел служыў выдатным угнаеньнем і рабіў глебы вельмі ўрадлівымі, земляробства і жывёлагадоўля былі асноўным заняткам жыхароў. Насельніцтва Старажытнага Лацыя мела вялікаю шчыльнасьць, клімат быў больш вільготным чым зараз і па-за пагоркамі было шмат багн. Зямельныя надзелы былі малыя, традыцыйна каля 0,5 гектара. Знойдзены шматлікія сьляды дрэнажных сыстэм.