Брынза
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Бры́нза (па-румынску: brânză) — мяккі расольны ферментаваны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным або каровіным, пашыраны ў Румыніі, Малдавіі, Славакіі, Заходняй Украіне, на поўдні Польшчы.
Змяшчае каля 45 % тлушчу, 2 – 3 % солі. Надаецца на салаты з садавінай, пасту-запраўку да салатаў і г.д. Пры традыцыйным спосабе вырабу са свежага тварагу фармуюцца вялікія кавалкі, якія 10 – 20 дзён даспяваюць на адкрытым паветры, а затым размінаюцца і прасуюцца ў драўляных фасках, з соллю і вялікай колькасцю вады. Ферментацыя адбываецца пад уздзеяннем бактэрый.
У 19 стагоддзі брынзу ў Беларусі пачалі называць нарыхтаваны падобным спосабам у запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Такая «брынза» была найбольш пашырана ў Цэнтральным і Усходнім Палессі, у іншых рэгіёнах вядомая над назвамі сырніца, масленіца і іншымі. Елі гэтую страву звычайна разагрэтай.
У сучаснай Беларусі расольны ферментаваны сыр пад назвай брынза прамыслова вырабляецца з каровінага малака. Мае кісла-малочны, умерана салёны смак і пах. Змяшчае 50 % тлушчу ў сухім рэчыве, 3,5 – 4,0% солі. Мае форму бруска з квадратнай асновай вагай 1,2 – 1,5 кг. Колер мякаці белы або жаўтаваты. Брынза даспявае ў бочках з расолам каля 20 дзён, пасля чаго ідзе ў рэалізацыю.
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»