Італё Кальвіна
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Кальвіна, Італё (па-італьянску: Italo Calvino) (15 кастрычніка 1923 – 19 верасьня 1985) — італьянскі пісьменьнік, прадстаўнік нэарэалізму.
[рэдагаваць] Біяграфія
Нарадзіўся ў Сант'яга-дэ-Ляс-Вэгас (Santiago de Las Vegas) на Кубе, дзе працаваў ягоны бацька. У хуткім часе сям’я вярнулася ў Італію. Дзяцінства правёў у Сан-Рэма, там атрымаў сярэднюю адукацыю.
Напачатку Другой сусьветнай вайны перапыніў навучаньне на аграрным факультэце і ў 1943 годзе далучыўся да партызанскага руху. У 1945 годзе пераяжджае ў Турын, дзе супрацоўнічае ў розных газэтах. Стаецца чальцом Камуністычнай партыі.
Пасьля вайны зноў вучыцца, але на філялягічным факультэце.
У 1947 годзе скончыў унівэрсытэт, абараніўшы дыплёмную працу па творчасьці Джозэфа Конрада, і пачаў працаваць у камуністычнай газэце “L'Unità”.
З дапамогай сяброў-пісьменьнікаў Чэзарэ Павэзэ і Эліё Вітарыні Італё Кальвіна выдаў першую кнігу “Сьцежка павучыных гнёздаў” (Il sentiero dei nidi di ragno) — нэарэалістычную аповесьць, заснаваную на ўласным партызанскім досьведзе, а ў 1949 годзе — зборнік апавяданьняў “Апошнім прыходзіць груган” (Ultimo viene il corvo). Абедзьве кнігі зьявіліся ў асяродзьдзі нэарэалізму. У гэты пэрыяд выходзіць і кніга “Юнакі з По” (I giovani del Po), нэарэалістычная і пралетарская паводле тэматыкі, блізкая да прозы Ч.Павэзэ.
У 1952 годзе Італё Кальвіна пакідае сацыяльную, рэалістычную літаратуру і прысьвячае сябе фантастыцы. Выходзяць творы “Раздвоены віконт” (Il visconte dimezzato), “Барон на дрэве” (Il barone rampante) і “Рыцар, які не існуе” (Il cavaliere inesistente), якія складаюць трылёгію з назовам “Нашыя продкі” (I nostri antenati). Трылёгія малюе алегарычны вобраз сучаснага чалавека. У 1956 годзе Італё Кальвіна выдае зборнік “Італьянскія казкі” (Fiabe Italiane). У 1963 годзе выйшаў зборнік апавяданьняў для дзяцей “Маркавальда, альбо Поры году ў горадзе” (Marcovaldo, ovvero le stagioni in cittá).
У 1964 годзе пісьменьнік наведвае Парыж, знаёміцца з Ралянам Бартам і Клёдам Леві-Стросам і захапляецца сацыялёгіяй, касмалёгіяй і сэміётыкай. Новыя зацікаўленасьці паўплывалі і на ягоную творчасьць: неўзабаве выходзіць зборнік апавяданьняў “Космакамічныя гісторыі” (1965), а ў 1969 годзе — раман “Замак скрыжаваных лёсаў” (Il castello dei destini incrociati). Гэтыя, а таксама наступныя творы ствараліся пад значным уплывам фантастыкі і сюррэалізму: “Нябачныя гарады” (Le cittá invisibili, 1972), “Калі адной зімовай ноччу вандроўнік...” (Se una notte d'inverno un viaggiatore.., 1979).
У 1975 годзе пісьменьнік стаўся ганаровым сябрам Амэрыканскай Акадэміі, у наступным годзе атрымаў Аўстрыйскую Дзяржаўную прэмію за эўрапейскую літаратуру.
У 1983 годзе выйшаў зборнік “Палёмар”.