Сем пагоркаў Рыма
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Рымскія пагоркі – мясцовасьць у Лацыі на якой узьнік Рым. У гістарычнай традыцыі налічваюць сем пагоркаў на якіх пабудаваны Рым – Палятын, Эсквілін, Цэліё, Віміналь, Квірыналь, Капітолій, Авэнтын.
Першыя сталыя паселішчы ў Лацыі з’явіліся ў канцы 2 тысячагодзьдзя да н. э. на купе Альбанскіх пагоркаў. Гэтыя пагоркі былі асяродкам распаўсюджваньня ла́цінаў, а пазьней, у 7 стагодзьдзі да н. э. – асяродкам злучэньня прымітыўных ла́цінскіх полісаў у так званую Альбанскую ўнію.
Зьмест |
[рэдагаваць] Рымскія пагоркі
Іншая купа пагоркаў, будучыя Рымскія пагоркі, ў ніжняй плыні Тыбру была заселеная значна пазьней. Становішча гэтых пагоркаў было надзвычай прывабным, яны месьціліся ў адлегласьці каля 25 кілямэтраў ад мора на левым беразе ракі ў багністай мясцовасьці. Некаторыя з пагоркаў мелі стромкія схілы і былі прыдатныя для абароны. У вусьці Тыбра з марской вады здаўна здабывалася соль, і па левым беразе Тыбра ўглыб абшару ішоў так званы Саляны шлях - Via salaria.
[рэдагаваць] Палятын ці Roma quadrata
Першым у 10 - 9 стагодзьдзі да н. э. лацінамі быў заселены Палятын. Гэта пацьвярджаецца антычнай традыцыяй і тапаграфічнымі ўмовамі. Схілы Палятына з трох бакоў былі вельмі стромкія, толькі з паўночна-ўсходняга боку быў праход да вяршыні, але і яго было лёгка абараняць. Вяршыня Палятына мела плошчу да 6-8 гектараў і мела магчымасьць зьмяшчаць даволі значнае па тых часах паселішча. Пагорак у тыя часы акаляла дрыгва, паблізу быў брод праз Тыбр, у падольлі ішоў вышейзгаданы Саляны шлях. Гэта першы этап у разьвіцьці Рыму, старажытнарымскія пісьменьнікі звалі яго «Roma quadrata» - «Квадратны Рым».
[рэдагаваць] Вонкавыя пагоркі ці Septimontium
Вонкавыя пагоркі – пагоркі акаляючыя Палятын. Першым з іх у канцы 9 стагодзьдзя да н. э. быў заселены Эсквілін, на ім стварылі паселішча сабіны.
У 8 стагодзьдзі да н. э. у разьвіцьці Рыму быў пэрыяд які старажытнарымскія пісьменьнікі звалі «Septimontium» - «Сямігоршчына». Але яны мелі на ўвазе ня тыя пагоркі якія зараз завуцца «Сем рымскіх пагоркаў». Меліся на ўвазе дзьве верхавіны Палятына - Паляцый і Гермаль, тры верхавіны Эсквіліна - Цыспій, Фагуталь і Опій, перахлябіна Вэлія злучаючая Палятын з Эсквілінам, пагорак Цэліё. Такім чынам магчыма лічыць, што у гэты час ужо былі заселеныя тры пагоркі – Палятын, Эсквілін и Цэліё.
У 7 стагодзьдзі да н. э. Рым яшчэ больш пашырыўся на поўнач – у гэты час былі заселеныя пагоркі Віміналь и Квірыналь. Пагорак Капітолій быў заселены у 6 стагодзьдзі да н. э., а пагорак Авэнтын толькі ў сярэдзіне 5 стагодзьдзя да н. э.
[рэдагаваць] Іншыя пагоркі ў Рыме
Акрамя вышейзгаданых у Рыме, на правым беразе Тыбра, ёсьць яшчэ пагорак Янікуль (вышыня 85 мэтраў), а на поўнач ад яго пагорак Ватыкан ці Ватыканскія горы (вышыня 146 мэтраў).
[рэдагаваць] Рымскае падольле
Пагоркі Палятын і Эсквілін злучаныя паміж сабой скалістай перахлябінай Вэлія. У іншых месцах пагоркі падзяляюць долы якія ў старажытнасьці зьяўляліся багнамі, а пазьней былі асушаныя.
Паміж Палятынам і Капітоліям месьцяцца долы Вэлябр і Валові рынак (па-лацінску: forum Boarium). Паміж Палятынам, Капітоліям і Квірыналям - дол Форум. Паміж Палятынам і Авэнтынам - дол Мурцыі які пазьней зваўся Вялікім цыркам (па-лацінску: Circus Maximus). Паміж Эсквілінам, Віміналям і Квірыналям - долы Аргілет і Субура. Паміж Цэліё і Авэнтынам - Апіева дарога.