Паўгрош сьвідніцкі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Паўгрош сьвідніцкі — срэбраная ці білонная манэта, вартасьцю ½ грошы. Біўся ў Сылезіі ў мястэчку Сьвідніца (Швайдніца), ў 1517 – 1528 гадах ад імя караля Вугоршчыны і Чэхіі Людовіка. Вага — 0,93 г.
Манэта была падобнаю да паўгроша польскага (Кракаўская меньніца) — адзін дыямэтар, знаходжаньне надпісаў і выгляд літар, малюнкі на авэрсе і рэвэрсе. Адрозьнівалася толькі легенда — надпіс вакол манэты.
Авэрс: lydovicys rex vngarie et bohemie (Людовік кароль Вугоршчыны і Багеміі), арол.
Рэвэрс: evitas swidncz (горад Сьвідніца), карона.
Таму просты народ, што ня ўмеў чытаць, блытаў яе з польскім паўгрошам.
У 1517 годзе Жыгімонт І Стары запатрабаваў ад Сылезіі спыненьня эмісіі паўгроша і забараніў увоз яго ў Польшчу. У 1518 годзе было забаронена карыстаньне сьвідніцкім паўгрошам на землях Кароны і ВКЛ і патрабаваў выстаўляць “подлую” манэту на ўсеагульны агляд ля гарадзкіх ратуш. У 1524 годзе спыніў падарожжы купцоў у Сылезію на 10 год.
У 1527 годзе сэйм дазволіў карыстацца сьвідніцкім паўгрошам, прыраўняўшы яго да 2 дынараў (паўгрош польскі = 4 дынарам).
З 1528 году пачалася скупка ў насельніцтва сьвідніцкай манэты. Пасьля тэрмін выкупу быў падоўжаны з 2 сакавіка 1528 да 26 чэрвеня 1528 году дазвалялася аплачваць падатак гэтым паўгрошам.
Скупалі сьвідніцкі паўгрош Кракаўская меньніца, Таруньская меньніца і адмысловыя кропкі ў ВКЛ і Кароне.
За жнівень і верасень 1546 году было сабрана ў Гародні 202500 манэт. За той самы час і студзень 1547 ў Берасьці — 658125, за верасень 1546 году ў Мазыры і Полацку — па 168750.
Пасьля пераплаўкі з паўгрошу біўся траяк польскі (тры грошы), а ў 1528 – 1529 — шастакі польскія (шэсьць грошаў).
Апошні раз вядомая пераплаўка адбылася ў 1562 Віленскай меньніцай.
Шмат сьвідніцкіх паўгрошаў сустракаецца дасюль у беларускіх скарбах.