Грош
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Грош (нямецкая < лацінская: grossus):
1) сярэбраная манэта вартасьцю некалькі ці некалькі дзесяткаў дынараў, бітая з 1172 году ў Італіі, з 1266 году ў Францыі (туронскі грош), з 1300 году – у Чэхіі (праскі грош, які ўжываўся і на землях ВКЛ, з пачатковай вагай 3,7 г.) і ў іншых краях Заходняй і Цэнтральнай Эўропы.
У Польшчы грош (3,2 г.) пачаў біць Казімір III Вялікі ў 1367 годзе (кракаўскі грош). Аляксандр Ягелончык быў заснавальнікам Віленскай меньніцы (манэтнага двара), дзе напачатку біліся літоўскія паўграшовікі і дынары, а пасьля і грошы: на авэрсе замест кароны — Пагоня.
1 грош = 3 шэлягі = 12 дэнары.
Канстытуцыя 1501 году абвяшчала, роўнасьць й аднолькавасьць кароннага і літоўскага гроша. Аднак вартасьць кароннага складала 4/5 літоўскага. Таму «Устава» 1508 году патрабавала для каронных манэты роўных правоў з літоўскімі. Але гэта не адбылося.
Віленская меньніца была спынена ў 1506 годзе, пад час наведваньня яе асабіста Жыгімонтам з-за таго, манэтаў было выбіта больш патрэбы краіны. Але ўжо ў 1508 годзе ізноў распачала працу, б'ючы паўграшовікі ажно да 1529 году.
За часамі Жыгімонта I грош важыў 1,8 г.
З 1526 году біўся выключна паўгрош, пасьля цэлыя і большай вартасьці (паўтарак, дваяк, траяк, чварак, шастак).
Загад падпісаны Жыгімонтам I ў 1535 годзе загадваў «У ВКЛ новую манэту ў мынцы біці, грошы, плоскія, каторыя бы былі браны па два палугрошкі». Аднак выпуск грошаў скончыўся на наступны 1536 год. На гэтых манэтах маецца адметная для сусьветнай нумізматыкі зьява — выбіваліся літары (пачатковыя лацінскіх назваў месяцаў) якія азначалі час біцьця: S — верасень, N — лістапад ў 1535 годзе, ды F — люты, M — сакавік ці травень, J — студзень, чэрвень, ці ліпень, A — жнівень ў 1536 годзе.
Біцьцё грошай адбывалася па літоўскай (1545 – 1546) і па польскай стапе (1546 – 1548). Вага польскага гроша 2,059 грама 375 пробы срэбра, літоўскі грош быў на 1/4 лепшы па срэбру.
У Польшчы грошы біліся у 1526 – 1529, 1545 – 1548 гадах.
З 1752 году грошы ў Рэчы Паспалітай білі ў медзі.
Ад 16 стагодзьдзя да 1918 году грош = 1/30 польскага злотага, ці ½ расейскай капейкі.
2) З часоў Рэчы Паспалітай ІІ з 1924 дасюль: 100 грошай = 1 злоты.
3) Грашовая адзінка Аўстрыі з 1924 году: 100 грошай = 1 шылінг.