Міжнародныя штучныя мовы
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Міжнародныя (неспецыялізаваныя) штучныя мовы - гэта штучныя мовы, створаныя для пазаэтнічнай камунікацыі, а таксама для лінгвістычнага эксперыменту. У найбольшай ступені падобныя да натуральных моў, пры практычный рэалізацыі ў соцыюме, яны таксама называюцца планавымі мовамі. У XVII - XX стст. было створана каля 1000 праектаў падобных моў, але планавымі зрабіліся толькі адзінкі: валапюк, эспэранта, іда ды некаторыя інш. Выдзяляюць апрыёрныя, апастэрыёрныя і зьмяшаныя штучныя мовы.
Апрыёрныя мовы ствараюцца незалежна ад сродкаў натуральных моў, тады як апастэрыёрныя мовы базуюцца на лексіцы, граматыцы, сінтаксісу натуральных моў. У XVII - XІX стст. стваралі пераважна апрыёрныя мовы. Яны былі заснаваныя на лягічнай клясыфікацыі паняткаў (т.зв.філязофскія мовы) або на прынцыпе матываванасьці знакаў іх зьместам (напр., моўныя праекты на базе гукавой сымболікі). Апрыёрныя сыстэмы з канвенцыйным характарам знакаў былі радзейшымі.
Па пляне выражэньня вылучаюць пазілаліі (пісьмова-гукавыя моўныя сістэмы), пазіграфіі(штучныя мовы, якія не маюць гукавога выражэньня), мовы жэстаў ды інш. У 1817-1866 гг. у Францыі была створана музычная мова сальрэсоль. Але ўвогуле напрыканцы XІX ст. у распрацоўцы штучных моў усё болей назіраецца набліжэньне да натуральных моў.
Першай планавай мовай быў валапюк, створаны ў Нямеччыне І.М.Шлеерам у 1879 годзе. Валапюк належыць да апрыёрна-апастэрыёрнага тыпу штучных моў, які складана прымяніць у камунікацыі. Таму ў распрацоўках пазьнейшых моў пераважаў апастэрыёрны прынцып. Так, штучныя мовы пачалі распрацоўваць пераважна на базе інтэрнацыянальнай лексікі з пэўным яе ўладкаваньнем, адпаведна аўтаномным правілам дадзенай штучнай мовы, ці з максімальным захаваньнем формы, запазычанай з натуральных моў (натуралістычныя штучныя мовы). У апастэрыёрныя праекты ўводзілі граматыку аналітычнага тыпа з як мага большым скарачэньнем колькасьці граматычных катэгорый. Найзнакаміцейшым прыкладам моў "новых" штучных моў з'яўляецца эспэранта (1887); значна менш распаўсюджаная мова іда (1907). Самымі знакамітымі сярод натуралістычных праектаў зрабіліся лаціна-сінэ-флексіёнэ(1903), акцыдэнталь (1921-1922) і інтэрлінгва (1951). Сінтэз іда і акцыдэнталя прадстаўлены ў праекце Еспэрсана навіяль (1928).