Мігдалы
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Мігдалы — плады аднайменнага дрэва (па-лацінску: Prunus dulcis, раней класіфікавалася як Prunus amygdalus ці Amygdalus communis) вышынёй да 8 м з бліскучым дробназубчастым лісцем і светла-ружовымі або белымі кветкамі, якое расце ў Міжземнамор’і і іншых субтрапічных рэгіёнах. Галоўныя камерцыйныя вытворцы — Каліфорнія, Іспанія, Італія. М. - блізкі сваяк слівы, персіка, але ў ежу спажываецца не мякаць плада, а г.зв. “арэхі” – ядро касцянкі.
Шкарлупінне "арэхаў" вельмі цвёрдае. Ядро м. белае, саладкавае, са слабым водарам, пакрытае тонкай карычневай абалонкай. Каб выдаліць яе, трэба апусціць ядро, ачышчанае ад шкарлупіння на 1 хвіліну ў кіпень. Ачышчанае ядро рэкамендуюць прамыць праточнай вадой і высушыць у духоўцы пры 50 – 70 °С. Мігдалы змяшчаюць значную колькасць тлушчу, эфірныя алеі, каля 20% бялку, з вітамінаў – невялікая колькасць C і PP. Высокакаларыйныя (100 г = 650 ккал).
Адрозніваюць 2 разнастайнасці м.: салодкія і горкія. Апошнія змяшчаюць гліказід амігдалін, які лёгка распадаецца, выдзяляючы атрутную сінільную кіслату, таму спажываць горкія мігдалы у ежу можна толькі ў мінімальных колькасцях. Салодкія мігдалы ужываюць свежымі як дэсерт, а таксама пры вырабе соусаў, печыва, тартоў і г.д.
У шляхецкай кулінарыі Рэчы Паспалітай вядомыя з XVI стагоддзя. З іх выраблялі ахаладжальны напой аршад, марцыпаны, мігдаловую поліўку (на Вігілію), мігдаловы торт (на Трох Каралёў), міндальнае “малако” для сціслага посту і г.д. У сялянскім асяроддзі мігдалы заставаліся недаступнымі, адсюль прыказка “Думаць пра нябесныя мігдалы”.
[рэдагаваць] Мігдаловая поліўка
Ачышчаныя і высушаныя молатыя мігдалы варыць 10-15 хвілін у малацэ (1,5 л малака — 120 г мігдалаў), працадзіць і злёгку пасаладзіць; падаваць цёплай з рысам, звараным у малацэ. Можна падаваць халоднай — звараныя ў малацэ мігдалы загушчаюць яечнымі жаўткамі.
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
be:Мігдалы