Жыта
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Жы́та (па-лацінску: Secale) — род адна- і шматгадовых травяністых раслін сямейства злакаў. 6 – 8 відаў.
Вырошчваюць (з 1 – 2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўночнага паўшар'я жыта пасяўное (Secale cereale) — азімыя і яравыя формы. У Беларусі жыта азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур. Жыта пасяўное — аднагадовая расліна вышынёй 60 – 180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невялікім чубком. Зерне мае 9 – 13 % бялкоў, 55 – 70 % крухмалу, 1 – 2 % тлушчу, вітаміны Вр Вд, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °С (на глыбіні вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140 – 170 сутак. Раянаваныя гатункі беларускай селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.
Продкам культурнага жыта была травяністная расліна — горнае жыта (Secale montanum), абарыген паўночнай Афрыкі і горных раёнаў Блізкага Ўсходу. Каля 3 тысячагоддзя да н.э. яго пачалі вырошчваць на захадзе Турцыі, у Арменіі і поўначы Ірана. Продкам славянскіх народаў яно пачаткова было вядомае як пустазелле ў пасевах пшаніцы, і толькі падчас прасоўвання каланізацыі на поўнач (на мяжы н.э) на жыта звярнулі ўвагу як на самастойную культуру. З усіх злакавых раслін азімае жыта – самае марозаўстойлівае: расце ў арктычных раёнах Скандынавіі, а ў Гімалаях — да вышыні 4250 м. Народы поўдня Еўропы, маючы больш спрыяльныя кліматычныя ўмовы для вырошчвання жыта, традыцыйна грэбавалі ім і жытнім хлебам, але ў германскіх і славянскіх народаў на працягу каля 2000 гадоў жытні хлеб заставаўся асноўным прадуктам харчавання.
Жыта утрымлівае мала глютэну, таму жытні хлеб больш шчыльны, “ацеслівы”, чым пшанічны, але больш бяспечны для хворых на цэліякію.
Жыта — выдатная сыравіна для моцных алкагольных напояў, асабліва гарэлкі.
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»