Дзяды
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Дзяды́ — народны памінальны абрад, рытуальная вячэра ў памяць памерлых продкаў. Дзядамі таксама называлі дзень, калі адбываўся абрад, і нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі.
[рэдагаваць] Гісторыя
Паходзяць Дзяды з дахрысьціянскага ўсходнеславянскага звычаю трызны, зьвязаны з культам продкаў. Пазьней абрад ускладніўся напластаваньнем хрысьціянскага культу. Дзяды спраўлялі ў пэўныя дні, у залежнасьці ад мясцовасьці па некалькі разоў на год, часьцей вясной і ўвосень. Галоўнымі былі Зьмітраўскія Дзяды (асяніны) у суботу перад Зьмітравым днем (26 кастрычніка) па старым стылі), а таксама на радаўніцу, перад масьленіцай, сёмухай. На Дзяды гатавалі рытуальныя стравы (7 і болей няцотных сьвяточных і абрадавых страў). Абавязковымі былі куцьця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Паводле звычаю, ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладвалі па кавалачку для нябожчыкаў і пакідалі на ноч.
[рэдагаваць] Сучаснасьць
У сучаснай Беларусі праваслаўныя адзначаюць Дзімітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада. Каталікі ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў 2 лістапада. Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 году Дзяды набылі грамадзкую значнасьць — штогод адбываецца шэсьце на Курапаты ў памяць аб ахвярах камуністычнае улады.