Галакост
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Галакост (таксама Халакост, ад старажытнагрэцкага holokaustós - усёспаленьне, зьнішчэньне агнём; ахвярапрынашэньне) — тэрмін, які датычыць палітыкі генацыду нацысцкай Нямеччыны, якая прывяла да вынішчэньня 6 мільёнаў габрэяў у 1933–1945 гадох. Нацысты называлі гэта "канчатковым вырашэньнем жыдоўскага пытаньня" (па-нямецку die Endlösung der Judenfrage). Апрача габрэяў на фізычнае зьнішчэньне былі асуджаныя цыганы, славяне, гомасэксуалісты.
Тэрмін "Галакост" упершыню выкарыстаў будучы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру пісьменьнік Элі Вэзэль – выкарыстаў як сымбаль газавых камэраў і крэматорыяў.
Галакост быў мэтанакіраваным зьнішчэньнем людзей на падставе іх нацыянальнасьці. На 1942 год немцы заяўлялі, што зьнішчылі 60% усіх габрэяў Эўропы (35% ад усіх габрэяў сьвету). Увогуле, немцы цягам Другой сусьветнай вайны зьнішчылі больш як палову ўсіх габрэяў у сьвеце: 6 мільёнаў з 11.
У якасьці "тлумачэньня" нацысты казалі, што габрэі належаць да Untermenschen (недачалавекаў), якія стаяць на эвалюцыйнай прыступцы ніжэй за "арыйцаў".
Забойства праводзілася як мага больш эфэктыўна і сыстэматычна. Была пабудаваная, фактычна, індустрыя па зьнішчэньні людзей — канцэнтрацыйныя лягеры. Пры паступленьні ў канцлягер немцы забіралі ў людзей ўсю асабістую маёмасьць. Апісаньне кожнай рэчы заносілася ў спэцыяльныя кнігі. Нацысты трацілі шмат высілкаў на пошук найбольш эфэктыўных сродкаў масавага забойства людзей. Напрыклад, пасьля захопу Беларусі ў 1941 годзе, немцы выкарыстоўвалі хворых зь беларускіх псыхбальніц у якасьці "марскіх сьвінак" для пошуку найбольш таннага спосабу забойства. У Менску яны паспрабавалі ставіць некалькіх людзей аднаго за адным (як часам рабілі і НКВД), каб адной куляй забіваць некалькіх чалавек, але гэты мэтад аказаўся неэфэктыўным і дарагім. Тады немцы паспрабавалі выкарыстаць дынаміт, але гэта дало яшчэ горшыя вынікі. Псыхічна хворыя людзі з шматлікімі ранамі і адарванымі канечнасьцямі крычалі ў перадсьмяротнай агоніі, а немцы дабівалі іх з аўтаматаў. Нарэшце, упершыню ў гісторыі быў ужыты "Gaswagen" - машына, у якой выхлапная труба была накіраваная ўнутр. Упершыню гэтая машына сьмерці была выкарастаная на тэрыторыі Беларусі, у Магілёве. Спачатку немцы ўжывалі легкавік, але тады беларускія пацыенты з псыхічнай лякарні каналі больш як 30 хвілінаў. Тады немцы вырашылі выкарастаць грузавік. Атрутныя выхлапы забілі ўсіх унутры грузавіка за 8 хвілінаў.
Акрамя Gaswagen'аў у канцэнтрацыйных лягерах пачалі ўжывацца газавыя камэры. Калі людзей адпраўлялі ў газавыя камэры, ім давалі талёнчыкі на вопратку. Ім казалі: вы проста пойдзеце памыцца ў душ, потым атрымаеце адзеньне. Людзі з гэтымі талёнчыкамі ішлі ў газавую камэру. І немцы запускалі ў гермэтычную камэру атрутны газ. Ужываліся розныя газы. Найбольш вядомы Zyklon B (Цыклён Б). Ён ужываўся ў Майданку і ў Асьвенціме (Аўшвіц-Біркенаў).
[рэдагаваць] Канцэнтрацыйныя лягеры сьмерці
- Асьвенцім (Auschwitz-Birkenau)
- Бухэнвальд (Buchenwald)
- Белжэц (Bełżec)
- Хелмно (Chełmno)
- Майданэк (Majdanek, KZ Lublin)
- Малы Трасьцянец, каля Менску
- Сабібар (Sobibór)
- Трэблінка (Treblinka)
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
[рэдагаваць] Радыё Свабода
- Галакост і Беларусь
- Жалобная цырымонія ў Асьвенціме на 60-годзьдзе вызваленьня
- Беларускія вязьні Асьвенціму згадваюць пра тое, як выжылі ў канцлягеры
- Пра Галакост школьныя праграмы па гісторыі Беларусі не апавядаюць
- Ці памятаюць пра Асьвенцім у Беларусі?
- Што ведаюць беларусы пра Асьвенцім?
- Апытаньне на менскіх вуліцах: “Што такое Галакост?”
- Квасьнеўскі ўручыў Кавалерскі крыж беларускаму вэтэрану, які ўдзельнічаў у вызваленьні Асьвенціму