Вялікі пост
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, напісаўшы яго, для гэтага націсьніце спасылку «Рэдагаваць». |
Вя́лікі пост - самы галоўны і строгі пост у Каталіцкім касьцёле і ў Праваслаўнай царкве. Папярэднічае Вялікадню.
Зьмест |
[рэдагаваць] Праваслаўная традыцыя
Вялікі пост доўжыцца сем тыдняў перад Пасхай (Вялікаднем) і складаецца з саракадзённага посту (Чатырыдзясятніцы) і посту Страсной сядміцы ў памяць выратавальных страсьцяў Хрыстовых.
[рэдагаваць] Патрабаваньні да поснай ежы
У Вялікі пост царкоўны статут дазваляе ўжываць алей толькі па суботах, нядзелях і ў дні памяці асабліва шаноўных сьвятых, а рыбу - толькі ў сьвяты Благавешчаньня і Уваходу Гасподняга ў Іерусалім (Вербная нядзеля). Прычым тлушч і мяса выключаюць зь ежы ўжо ў апошні прадпосны тыдзень - Масьленіцу, ва ўсе дні якой дазваляецца ўжываць малочную ежу.
[рэдагаваць] Падрыхтоўчыя тыдні
Да Вялікага посту хрысьціяне рыхтуюцца тры тыдні, дзеля чаго ўсталяваныя:
- нядзеля аб мытары і фарысеі;
- Нядзеля аб блудным сыне;
- Нядзеля мясапусная, аб Страшным судзе.
Загавіны адбываюцца ў сырапусную нядзелю, у якую ўспамінаецца Адамава выгнаньне з раю. Гэтая нядзеля таксама называецца "Даравальная".
[рэдагаваць] Першая сядміца
Першая сядміца Вялікага посту адрозьніваецца асаблівай строгасьцю. У першыя чатыры дні на вячэрнім богаслужэньні чытаецца Вялікі пакаянны канон сьвятога Андрэя Крыцкага з прыпевамі: "Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне". У пятніцу Першай сядміцы па заканчэньні ранішняга набажэнства адбываецца асьвячэньне куцьці ў памяць аб вялікамучаніку Фёдары Ціро́не.
[рэдагаваць] 1-я нядзеля, Пераможнасьці Праваслаўя
У першую нядзелю Вялікага посту адбываецца сьвяткаваньне "Пераможнасьці Праваслаўя", усталяванае пры бізантыйскай царыцы Феадоры ў 842 годзе ў памяць канчатковай перамогі Праваслаўнай Царквы над усімі ерэтычнымі вучэньнямі, у асаблівасьці над апошнім зь іх - іканаборскім.
[рэдагаваць] 2-я нядзеля, Грыгорыя Паламы
Другая сядміца і нядзеля Вялікага посту называецца сядміцай і Нядзеляй сьвятлатворных пастоў: царква моліць Госпада аб жыватворным азарэньні ўсіх, хто посьціцца і каецца. У набажэнстве гэтай сядміцы і Нядзелі разам са скрухаю аб грахоўным стане чалавека ўхваляецца пост, як шлях да такога нутранога жыватворнага азарэньня. Сьвяціцель і цудатворца Грыгорый Палама, архіяпіскуп Салунскі (XIV ст.), памяць якога сьвяткуецца ў другую нядзелю, з асаблівай сілаю раскрыў праваслаўнае вучэньне аб жыватворным сьвятле і магчымасьці азарэньня ім чалавека праз малітву, пост і іншыя духоўныя подзьвігі самаахвярнасьці.
[рэдагаваць] 3-я, Крыжапаклонная нядзеля
Трэцяя нядзеля Вялікага посту і наступная за ёю сядміца называецца Крыжапаклоннай, бо Царква ўслаўляе Сьвяты Крыж і духоўныя плады сьмерці на Крыжы Збавіцеля. На гэтым тыдні да пятніцы Сьвяты Крыж выносіцца на сярэдзіну храма і знаходзіцца там для пакланеньня вернікаў. Пры пакланеньні Крыжу ў царкве гучыць сьпеў: "Крыжу Твайму пакланяемся, Уладар, і Сьвятое Уваскрасеньне Тваё славім". Гэта дабравешчаньне аб Крыжы і пакланеньне яму ўсьцешна напамінаюць нам аб набліжэньні сьветлага сьвята Уваскрасеньня Хрыстовага.
[рэдагаваць] 4-я нядзеля, Іаана Лесьвічніка
Набажэнствы чацьвертай нядзелі ўслаўляюць падзьвіжніка VII стагоддзя прападобнага Іаана Лесьвічніка, аўтара кнігі "Лесьвіца раю". У сваім творы сьв. Іаан намаляваў шлях паступовага ўзыходжаньня чалавека па лесьвіцы духоўнай дасканаласьці. "Лесьвіца" ўказвае 30 ступеняў дасканаласьці, па колькасьці гадоў зямнога жыцьця Збавіцеля, Яго грамадскага служэньня чалавечаму роду.
[рэдагаваць] 5-я нядзеля, Марыі Эгіпэцкай
У пятую нядзелю Вялікага Посту Царква ўслаўляе сьвятую Марыю Эгіпэцкую. Жыцьцё блудніцы, якая раскаялася, вучыць нас, што ніякія грахі і беззаконнасьць ня могуць быць непераадольнай перашкодай на шляху чалавека да Бога, калі толькі гэты прыход дапаўняецца постам, малітваю і шчырым пакаяньнем.
[рэдагаваць] Страсная сядміца
Чатырыдзясятніцу і Страсную сядміцу падзяляе Вербная нядзеля. Перадвялікодная сядміца прысьвячаецца ўспаміну апошніх дзён зямнога жыцьця Хрыста, Ягоным пакутам на Крыжы, сьмерці і пахаваньню. Па велічы і важнасьці гэтых падзеяў кожны дзень сядміцы называецца сьвятым і вялікім. Вернікі праводзяць іх у строгім устрыманьні, шчырай малітве, у подзьвігах дабрадзейнасьці і міласэрднасьці - каб належным чынам сустрэць радаснае сьвята Вялікадня.
[рэдагаваць] Каталіцкая традыцыя
Вялікі пост – саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных сьвятаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандраваньня, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з эгіпэцкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касьцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд зьвязаны з пакаяньнем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысьвечаны разважаньню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысьціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў зьвязаны з устрыманьнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алькаголю. Зьнешнімі праявамі Вялікага посту зьяўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзеньня, адсутнасьць у Сьвятой Імшы сьпеву «Альлелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сьціплае аздабленьне касьцёлаў, а зь пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.
Вялікі тыдзень – апошні тыдзень перад Вялікаднем, асаблівым чынам прысьвечаны разважаньню над збавеннай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Зьмёртвыхпаўстаньня Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацьвер – Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу – літургія на ўшанаваньне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя сьвятога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў Сьвятую ноч (сьвяты пасхальны Трыдуум).
Крыніца: http://catholic.by/