Аер
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Ае́р звыча́йны (па-лацінску: Acorus calamus) — шматгадовая травяністая расліна сямейства ароідных.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біялогія
Вышыня да 120 см. Тоўстае (да 3 см) паўзучае карэнішча. Лісце доўгае, мечападобнае. Кветкі зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных катахах. Плады — сухія ягады. Пашыраны па ўсёй Беларусі па берагах рэк, азёр, старыц, на балотах утварае зараснікі. Цвіце у маі – чэрвені. Народныя назвы: ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір, ярнік, татарнік.
[рэдагаваць] Гісторыя
Радзіма — Цэнтральная Азія. Паводле адной з версій, у Еўропу аер завезлі арабскія і фінікійскія купцы. Больш распаўсюджаная версія — што гэтая заслуга належыць татарам, якія нібыта вазілі з сабой карэнішчы аеру, адмыслова засяляючы ім вадаёмы, у якіх паілі сваіх коней (лічылася, што аер расце толькі ў “здаровай” вадзе), таму палякі называюць аер “татарак”. Паступова распаўсюджваўся з усходу на захад Еўропы. У XV – XVI стагоддзях аер яшчэ не рос у Заходняй Еўропе; яго зацукраванае карэнне завозілася туды з ВКЛ, Маскоўскай дзяржавы, Асманскай імперыі як адмысловая спецыя. Еўрапейскія энцыклапедыі XVI стагоддзя паведамлялі, што найбольш аеру паходзіць менавіта з Белай Русі. Нарыхтоўка карэння захоўвала ў нас сваё значэнне яшчэ ў XIX стагоддзі. Іх выкарыстоўвалі ў піваварстве заміж хмеля, дадавалі ў збіцень, рабілі папулярную настойку на гарэлцы — аераўку. Вясной беднякі ўжывалі ў ежу маладыя парасткі аеру без усялякай апрацоўкі. Аер, таксама як лісце клёна і дуба, выкарыстоўвалі пры выпечцы хлеба.
[рэдагаваць] Выкарыстанне
Найлепшыя якасці маюць карэнішчы двух-трохгадовых раслін (утрымліваюць да 4,8 % эфірных алеяў, дубільныя рэчывы), якія нарыхтоўваюць з верасня да глыбокай восені, сушаць і захоўваюць у сухім памяшканні, скрынях або мяшках. У наш час іх (а таксама экстракт з аеру) ужываюць як араматычныя дадаткі ў напоі, кампоты з свежых і сухіх яблыкаў, груш, рэвеню, вараць у цукровым сіропе і інш. Як замяняльнік імбіру, карыцы, мускатнага арэху карэнішчы ўжываюць для араматызацыі пудынгаў, печыва, крэмаў. Могуць замяняць бабкі (лаўровае лісце).
Важны лекавы сродак, як унутраны (узбуджае апетыт, дапамагае ад захворванняў страўніка, пячонкі) так і вонкавы (узмацняе цыбуліны валасоў, дапамагае пры рэўматызме).
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»