OpenOffice.org
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Распрацоўка | Sun Microsystems |
Апошняя вэрсія | 2.0.4 / 13 кастрычніка, 2006 |
АС | Linux, Windows, Mac OS X, Solaris, іншыя |
Тып | Офіснае праграмнае забесьпячэньне |
Ліцэнзія | LGPL або SISSL |
Афіцыйная старонка | www.openoffice.org |
OpenOffice.org (часта ўжываецца скарот OOo) — гэта многаплятформенны пакет офісных праграмаў для рэдагаваньня тэкстаў (OpenOffice.org Writer), электронных табліцаў (OpenOffice.org Calc), прэзэнтацыяў (OpenOffice.org Impress), вэктарных малюнкаў (OpenOffice.org Draw), а таксама кіраваньня базамі зьвестак (OpenOffice.org Base). Паводле сваёй функцыянальнасьці ООо параўнальны зь іншымі офіснымі пакетамі, уключна з Microsoft Office. ООо карыстаецца ўласным фарматам файлаў ODF, але можа імпартаваць файлы фарматаў іншых праграмаў, зноў жа ўключна з Microsoft Office. Уласны фармат файлаў ООо базуецца на XML, пры гэтым тэксты захоўваюцца ў кадоўцы Unicode, і таму ООо зьяўляецца выдатнай прыладай для працы з тэкстамі ў розных мовах / абэцэдах. OOo ўмее экспартаваць дакумэнты ў фармат Microsoft Office, DocBook, Aportis.doc (Palm OS), Pocket Word, PDF, LaTeX і Macromedia Flash.
Продкам OpenOffice.org зьяўляецца пакет StarOffice кампаніі Sun Microsystems, і сёньня абодва пакеты разьвіваюцца паралельна, але калі SO — камэрцыйны прадукт, то ООо — свабодна распаўсюджваецца, зьяўляецца бясплатным, і ягоны зыходны код адкрыты. Праз гэта некаторыя кампанэнты ООо адрозьніваюцца ад SO, у прыватнасьці праверка правапісу.
Сёньня ООо рэалізаваны на наступных плятформах:
- Linux Intel
- Linux PowerPC
- Solaris (SPARC і x86)
- Windows NT, Windows 2000, Windows 2003, Windows XP, Windows 98/Me; Windows 95 падтрымліваецца толькі вэрсіяй 1.0.3
- FreeBSD
- Mac OS X
- Irix
- Linux/SPARC
Распрацоўваюцца таксама рэалізацыі пад іншыя плятформы.