Шкала Кінсі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Шкала Кінсі — спроба атаксаваць сэксуальную арыентацыю, ад 0 (выключна гетэрасэксуальная) да 6 (выключна гомасэксуальная), адзін з мэтадаў сэксалёгіі для адлюстраваньня зьменлівасьці сэксуальных паводзінаў.
Амэрыканскі сацыёляг Альфрэд Кінсі ў 1940—1950-я ўпершыню правёў буйныя сацыялягічныя апытаньні датычна сэксуальных перавагаў. У абагульняючых працах «Сэксуальныя паводзіны самца чалавека» (Sexual Behavior in the Human Male) (1948) і «Сэксуальныя паводзіны самкі чалавека» (Sexual Behavior in the Human Female) (1953), ён зрабіў вынік, што людзі не падзяляюцца аднастайным чынам на гетэрасэксуалаў, бісэксуалаў і гомасэксуалаў, і што мяжа паміж гома-, бі- і гетэрасэксуальнасьцю дастаткова тонкая і ўмоўная і часьцяком вельмі цяжка вызначыць яе.
Згодна дадзеным дасьледваньняў Кінсі, большасьці людзей уласьцівыя ў пэўнай ступені як гетэрасэксуальныя, так і гомасэксуальныя праявы (адпаведныя жаданьні, эратычныя фантазіі, мроі з эратычным зьместам ці беспасярэдне сэксуальны досьвед). Толькі 5-10% апытаных можна кваліфікаваць як адносна, але ўсёткі не стоадсоткава, "чыстых" (умоўна кажучы, 99.9%-ых, але не 100%-ых) гетэрасэксуалаў альбо гомасэксуалаў.
Стоадсоткава гомасэксуальных альбо гетэрасэксуальных людзей, згодна з Кінсі, увогуле не йснуе, бо прынамсі на эстэтычным узроўні і на ўзроўні сацыяльных зносінаў гомасэксуалы могуць цаніць супрацьлеглы, а гетэрасэксуалы - свой пол. Гэтаксама, згодна з Кінсі, не існуе «50% на 50%» бісэксуалаў, у бісэксуалаў заўжды ёсьць тыя ці іншыя густы і перавагі, якія могуць у тым ліку і зьмяняцца зь цягам часу, але ў кожны момант яны ёсьць.
І мэтады дасьледваньня, і вынікі, якія зрабіў Кінсі, у далейшым ня раз аспрэчваліся, але уведзенае ім уяўленьне аб тым, што сэксуальная арыентацыя ня носіць дыскрэтны характар (то бок ня «гома» ці «гетэра», а шкала ад 100% абсалютнай гетэрасэксуальнасьці да 100% абсалютнай гомасэксуальнасьці, прычым, як відаць, зь недасяжнымі ускрайнімі канцамі спектра, і на гэтай шкале большасьць людзей апыняюцца не на краях спектра, а бліжэй да цэнтру) дагэтуль застаецца ў навуковым абароце, і дастаткова шырока распаўсюджана ў побытавым разуменьні.
[рэдагаваць] Шкала Кінсі
- 0 — выключна гетэрасэксуальныя паводзіны
- 1 — пераважна гетэрасэксуальныя паводзіны з рэдкімі альбо адзінкавымі няўрочнымі праявамі гомасэксуальнасьці
- 2 — пераважна гетэрасэксуальныя паводзіны са значнай гомасэксуальнай цягай
- 3 — аднолькавая пацяга да абодвух палоў
- 4 — пераважна гомасэксуальныя паводзіны са значнай гетэрасэксуальнай цягай
- 5 — пераважна гомасэксуальныя паводзіны з рэдкімі альбо адзінкавымі няўрочнымі праявамі гетэрасэксуальнасьці
- 6 — выключна гомасэксуальныя паводзіны
[рэдагаваць] Статыстычныя факты дасьледваньняў Кінсі
- Мужчыны: 11.6% белых мужчынаў ва ўзросьце 20-35 год атрымалі ацэнку 3 для гэтага перыяду іхняга жыцьця
- Жанчыны: 7% незамужніх жанчын и 4% замужак ва ўзросьце 20-35 атрымалі ацэнку 3 для гэтага перыяду іхняга жыцьця
- Агулам:
- 10% апытаных прызналі цалкам гомасэксуальныя паводзіны з моманту полавага сасьпяваньня
- 25% прызналі сваю гомасэксуальную пацягу значнай, пры тым не зьяўляючыся цалкам гомасэксуальнымі