Тудаўляне
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Тудаўляне — этнаграфічная група беларусаў на зах. б. Ржэўскага павета Цвярской губерні.
У вузкім сэнсе — жыхары старажытных валасцей Стары Туд, Малады Туд і Туд-Скаваратынь паабапал ракі Туд, правага прытока Волгі. У шырокім сэнсе назва “тудаўляне” ужывалася этнографамі XIX стагоддзя для абазначэння усяго беларускамоўнага насельніцтва правабярэжжа Верхняй Волгі. У VII – IX стагоддзях гэты рэгіён, вядомы паводле “Аповесці мінулых часоў” як Акоўскі лес, быў заселены смаленскімі крывічамі, у XIII – XIV стагоддзях уваходзіў у склад Таропецкага і Ржэўскага княстваў. З першай трэці XIV стагоддзя тут праходзіла мяжа ВКЛ з Маскоўскім і Цвярскім княствамі, былі пабудаваныя “гради литовстии: Селук, Осечен, Горышин, Рясна, Сижка, Туд”, якія часта пераходзілі з рук у рукі. Тудаўляне канчаткова засталіся па-за межамі ВКЛ пасля удакладнення мяжы паводле Палянаўскага міра 1634 году, але з прычыну адноснай ізаляванасці краю (лясістасць складала каля 3/4 тэрыторыі) доўгі час захоўвалі адметна беларускія рысы: мову, абрады (“бабіна каша” ды іншыя), гульні (“каралі”, “проса”). Адрозніваліся ад суседняга вялікарускага насельніцтва і насовамі — верхнім расхінным адзеннем з белага даматканага палатна, адкуль паходзіла іх мянушка “белакафтаншчына”. Ужываліся і іншыя мянушкі — “Польшча”, “шаплякі” (паколькі беларускія гукі “дз”, “ц”, мяккі “с” падаваліся вялікарускаму насельніцтву шапялявымі). У тудаўлянаў не існавала якой-небудзь саманазвы, хаця яны і ўсведамлялі сваё адрозненне ад уласна рускіх. У 1903 годзе тудаўлянаў даследаваў славуты этнограф Яўхім Карскі, які вызначаў іх колькасць у 45 тыс., у 1925 – 1926 гадах яны падрабязна вывучаліся Н. Грынковай. У XX стагоддзі адрозненні тудаўлянаў ад суседняга рускага насельніцтва практычна сцёрліся, хаця асобныя моўныя і іншыя рысы, уласцівыя беларусам, адзначаліся ржэўскім краязнаўцам І. Вішняковым яшчэ у сярэдзіне 1960-х гадоў.
- Крыніца: Алесь Белы, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»
[рэдагаваць] Знешнія спасылкі
[рэдагаваць] Літаратура
- Квашнин-Самарин Н.Д. Исследование по истории княжеств Ржевского и Фоминского. Тверь, 1887.
- Успенский В.Н. Литовские пограничные городки. Тверь, 1892.
- Попов В. М. Замечания о сев.-смоленских и ржевских говорах // Изв. ОРЯС. Т. 18, кн. 3. СПб., 1913.
- Гринкова Н. П. Говор тудовлян Ржевского у. // Изв. ОРЯС. Т. 21. Л., 1926.
- Белы А. “Краіна вытокау” // Спадчына. 1993. № 3.