Салінскі дагавор 1398 году
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Тэкст Салінскага (Залінвердэрскага) дагавору паміж ВКЛ і Тэўтонскім Ордэнам узгоднены 23 красавіка 1398 году ў Гародні, абмен дагаворнымі граматамі паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і вялікім магістрам Ордэна Конрадам фон Юнгінгенам адбыўся 12 кастрычніка 1398 году на востраве Салін (на Нёмане, насупраць вусця ракі Нявежыс).
Паводле Салінскага дагавору прадугледжвалася літоўская дапамога Ордэну для заваявання Пскова і ордэнская падтрымка ВКЛ для авалодання Вялікім Ноўгарадам і паходу супраць Залатой Арды. Вітаўт абяцаў саступіць Ордэну Жмудзь да ракі Нявежыс і палову Судувы; у сваю чаргу, Ордэн абавязваўся не падтрымліваць прэтэнзій Свідрыгайлы на трон ВКЛ.
Неафіцыйна Вітаўт заручыўся згодай Ордэна са сваімі планамі дабівацца поўнай незалежнасці ад Польшчы; на святкаваннях у гонар падпісання Салінскага дагавору Вітаўт быў адзінадушна абвешчаны феадаламі ВКЛ “каралём Літвы і Русі”. Гэта выклікала насцярожанае стаўленне да дагавора польскага караля Ягайлы, а планы захопу Ноўгарада і Пскова прывялі да пагаршэння адносінаў ВКЛ з гэтымі рэспублікамі, а таксама Маскоўскім і Цвярскім вялікімі княствамі. Рэальнай падтрымкі ў рэалізацыі сваіх экспансіянісцкіх планаў Вітаўт не атрымаў, што, у прыватнасці, абумовіла паражэнне войскаў ВКЛ у бітве на Ворскле 1399 году.
Умовы Салінскага дагавору былі ўдакладнены Рацёнжскім дагаворам 1404 году, да якога далучылася і Польшча.
- Крыніца: Алесь Белы, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»
[рэдагаваць] Знешнія спасылкі
[рэдагаваць] Літаратура
- Liv-, Est- und Kurlaendisches Urkundenbuch nebst Regesten. Hersg. v. Fr. G. von Bunge. Abt. 1. Bd. 4. 1394—1413. Dorpat, 1859; Scriptores Rerum Prussicarum. Bd. 3.