Рабчык
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Ра́бчык (па-лацінску: Tetrastes bonasia ці Bonasa bonasia) — птушка сямейства цецеруковых атраду курападобных.
Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Даўжыня да 40 см, маса да 580 г. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. Аселая птушка, селіцца парамі ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк. Гняздуецца на зямлі. На Беларусі найб. трапляецца ў паўночных раёнах. Народная назва арабак.
Мае вельмі далікатнае мяса і ў адрозненне ад большасці іншых дзікіх птушак (курапатак, цецерукоў, глушцоў) не патрабуе шпігавання і бардзіравання пры прыгатаванні. У мясе адчуваецца выразны смалісты прысмак і лёгкая «гарчынка», якія можна часткова выдаліць, вымачыўшы тушку ў халодным малацэ на працягу 1 – 2 г. Рабчык паспявае зварыцца ў кіпячым малацэ за 3 – 4 хвіліны, пасля чаго яго можна тушыць у масле або смятане, з садавінай і інш. Рабчыка можна тушыць і без адварвання, а таксама запякаць, папярэдне абсмажыўшы на масле або шмальцы.
Высока цаніўся і ў польскай, і асабліва ў рускай кулінарыі, у якой да пачатку XX стагоддзя лічыўся адным з сімвалаў (напрыклад, рабчык «па-астраханску» — смажаныя на патэльні рабчыкі падаваліся халоднымі з чырвонай ікрой; катлеты Пажарскага з рабчыка і г.д.)
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»