Міхаіл Барысавіч
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Міхаі́л Бары́савіч (1453 ці 1457, Цвер – не пазней 1505) — апошні вялікі князь суверэннага Цвярскога вялікага княства (1461 – 1485), пазней эмігрант у ВКЛ.
Уступіў на прастол малалетнім пасля смерці бацькі, Барыса Аляксандравіча і пасля дасягнення паўналецця спрабаваў працягнуць яго палітыку на захаванне незалежнасці Цвяры з апорай на ВКЛ. Аднак польскі кароль і вялікі князь літоўскі Казімір, нягледзячы на саюзныя абавязкі паводле дагавораў 1449 і 1484 гадоў, дзейснай падтрымкі Міхаілу Барысавічу не аказаў, што перадвырашыла страту незалежнасці Цвяры. У жніўні 1485, пераканаўшыся, што шматлікія просьбы аб ваеннай дапамозе з боку ВКЛ не будуць выкананыя, вялікі князь маскоўскі Іван III пачаў ваенныя дзеянні і хутка асадзіў Цвер. Цвярское баярства фактычна здрадзіла вялікаму князю, ў большасці перайшоўшы на бок Масквы. Ноччу 12 верасня 1485 году Міхаілу Барысавічу удалося ўцячы з абложанага горада ў ВКЛ. Такім чынам апошняя традыцыйна саюзная ВКЛ дзяржава ва Усходняй Еўропе спыніла існаванне, што неўзабаве дало магчымасць Маскве перайсці да наступальных дзеянняў супраць самога ВКЛ (гл. вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492 – 1494 гадоў). У 1486 годзе, атрымаўшы невялікі дапаможны атрад ад Казіміра, Міхаіл Барысавіч беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе трон. У якасці кампенсацыі за страчаныя на усходзе ўладанні атрымаў ад Казіміра вялікія грашовыя сумы, а таксама маёнтак Пячыхвосты на Валыні і вялікую латыфундыю на поўдні Слонімскага павета (Ласасіная, Бялавічы, Гошчава і іншыя). Правёў апошнія 20 год жыцця ў ВКЛ, не адыгрываючы прыкметнай палітычнай ролі. Першым шлюбам (1470 – 1483) жанаты з Соф'яй, дачкой кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча, другім, паводле няпэўных звестак, з дачкой кагосьці з Радзівілаў, аднак застаўся бяздзетным. Пасля смерці Міхаіла Барысавіча яго ўладанні на Беларусі перайшлі да князя Васіля Глінскага.
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца партрэт Міхаіла Барысавіча, які паходзіць з Нясвіжскай галерэі Радзівілаў.
- Крыніца: Алесь Белы, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»
[рэдагаваць] Знешнія спасылкі
[рэдагаваць] Літаратура
- Борзаковский В.С. История Тверского княжества. СПб., 1876.
- Жизневский А.К. Портрет тверского великого князя Михаила Борисовича. Тверь, 1889.
- Клюг Э. Княжество Тверское (1247 — 1485). Пер. с нем. Тверь, 1994.