Міхась Міцкевіч
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Міцке́віч, Міхась Міхайлавіч (псэўд. Антон Галіна; 13 ліпеня 1897, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету – 25 кастрычніка 1991, Нью-Ёрк) — беларускі грамадзка–культурны, рэлігійны і сьвецкі дзеяч. Малодшы брат Якуба Коласа.
У 1910-х г. — удзельнік беларускага нацыянальнага руху, дэлегат Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. Пачаў пісаць у 1917 – 1918 г., але друкаваўся нячаста. Зрэшты, нават нешматлікіх публікацыяў было дастаткова, каб яго прыкмецілі Максім Багдановіч і Максім Гарэцкі. У 1919 – 1920 г. выкладаў беларускую мову ў Менскай беларускай гімназіі. У 1920-30-х г. настаўнічаў. Cтаяў на антыкамуністычных пазыцыях, у 1930 г. беспасьпяхова балатаваўся ў польскі сойм па выбарчым сьпісе Цэнтральнага саюзу беларускіх культурна-асьветных арганізацыяў і інстытуцыяў у Наваградзкай выбарчай акрузе. У 1939 – 1941 г. працаваў дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне. Падчас нямецкай акупацыі працаваў інспэктарам беларускіх школаў на Стаўпецкі раён. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. Жыў у лягерох для перамешчаных асобаў, настаўнічаў, выпусьціў чатыры чытанкі для дзяцей. З 1950 г. — у ЗША. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, сябра парафіяльнае Рады Катэдральнага Сабору імя Сьвятога Кірылы Тураўскага у Нью-Ёрку. Некалькі гадоў быў рэдактарам газэты «Беларус» і каля 15 гадоў — часапісу «Голас Царквы». Займаўся перакладам літургічных тэкстаў з царкоўнаславянскай на беларускую мову.
[рэдагаваць] Літаратура
- Пранчак Л. Беларуская Амерыка. Мінск: «Полымя», 1994. С.398-399.
- Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск: «БГА», 2002 (у беларускай Інтэрнэт-бібліятэцы «Камунікат»)