Літвіны Севершчыны
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Літві́ны Се́вершчыны — назва беларускамоўнага насельніцтва паўднёва-заходніх паветаў былой Чарнігаўскай губерні — Гараднянскага, Мглінскага, Навазыбкаўскага, Старадубскага, Суражскага і некаторых іншых.
У IX – XII стагоддзях гэты рэгіён быў сумежжам плямён севяран, радзімічаў і вяцічаў, насіў назву Севершчына і першапачаткова ўваходзіў у склад Чарнігава-Северскага княства. У сярэдзіне XIV стагоддзя Севершчына далучана вялікім князем Альгердам да ВКЛ. Канчаткова перайшла да Расійскай дзяржавы па Андросаўскаму дагавору 1667 году.
Упершыню ў навуковы ўжытак тэрмін літвіны адносна беларускамоўных жыхароў Чарнігаўшчыны ўвёў у канцы ХVІІІ стагоддзя Апанас Шафонскі. П. Білецкі-Насенка у сваім “Слоўніку украінскай мовы” (1843) пісаў: “Литвин. Житель и подданый Вел[икого] Княж[ества] Литвы. Полтавские малороссияне называют литвинами всех жителей задесенских, говорящих белорусским «наречием»”.
У XIX стагоддзі працы прысвечаныя беларусам-літвінам выдалі Г. Есімантоўскі і С. Максімаў, на пачатку XX стагоддзя — А. Рубец. Адным з галоўных даследчыкаў літвінаў з'яўляецца Марыя Косіч. У 1901 годзе ў часопісе “Живая старина” друкуецца яе манаграфія “Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни”, якая ў 1902 годзе выйшла асобным выданнем. У савецкі час беларусаў-літвінаў вывучалі прафесар П. Растаргуеў і вядомы беларускі этнограф Аляксандр Сержпутоўскі.
Самі сябе літвіны называлі “рускімі” і “казакамі”. Літвіны ўсведамлялі сваё адрозненне ад вялікарускага насельніцтва (“маскалі”, “кацапы” — у іхняй мове). Этнонім “беларусы” літвінамі не ўжываўся, бо на Чарнігаўшчыне ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя не было элітарнага беларускага нацыянальнага руху. Літвіны адрозніваліся ад суседняга вялікарускага і украінскага насельніцтва этнічнымі рысамі адзення (белыя даматканыя світкі, жаночы галаўны ўбор намітка, мужчынскі — магерка), абрадамі і мовай (вельмі блізкая да гаворак Усходняй Гомельшчыны). Моўныя асаблівасці ў сельскай мясцовасці, з-за замкнёнасці сельскага жыцця ў мінулым і аддаленасці ад вялікіх адміністратыўна-палітычных і прамысловых цэнтраў у новы час, захоўваюцца па сённяшні дзень.
Тэрыторыя былой Чарнігаўскай губерні пасля рэвалюцыі была падзелена паміж РСФСР і УССР і былыя літвіны ўсведамляюць сябе зараз адпаведна рускімі і украінцамі. Толькі невялікая частка літвінаў Чарнігаўшчыны (жыхары вёскі Казацкія Балсуны былога Суражскага павету і некаторых іншых, што ўвайшлі ў склад БССР) была далучана да працэсаў кансалідацыі беларускай нацыі.
- Крыніца: Уладзімір Васькоў, «Энцыклапедыя Вялікага Княства Літоўскага»
[рэдагаваць] Літаратура
- Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах, Мінск 1993.
- Катлярчук А. Беларусы бранскага краю// ARCHE 2(16)-2001.
- Горленко В. Литвины півночі України — ймовірний уламок нащадків племені літописных сіверян.