Любуцкі дагавор 1372 году
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Любуцкі дагаво́р 1372 го́ду заключаны у сярэдзіне ліпеня 1372 году ля гораду Любуцк на рацэ Ака (побач з сучасным горадам Алексін Тульскай вобласці), паміж вялікімі князем літоўскім Альгердам і Кейстутам, з аднаго боку, і вялікім князем маскоўскім Дзмітрыем Іванавічам (Данскім) і серпухауска-бароускім князем Уладзімірам Андрэевічам Храбрым (мужам дачкі Альгерда Алёны), з другога. З літоўскага боку ўдзельнікаў таксама вялікі князь цвярскі Міхаіл Аляксандравіч (паводле цвярскога летапісу, “князь великы Михаило Александрович поиде в том же миру”).
Любуцкі дагавор завяршыў маскоўскую кампанію 1372 году ВКЛ і саюзнай яму Цвяры, якая мела на мэце абараніць уладанні Цвярскога вялікага княства ад захопу Масквой і прадухіліць ператварэнне Цвяры у васала Масквы; кампанія пачалася нечаканым з'яўленнем літоўскага войска пад Пераслаўлем 7 красавіка (аблога была няўдалай) і працягвалася паходамі літоўска-цвярскога войска на спрэчныя паміж Цвер'ю і Масквой гарады Кашын і Таржок. 12 ліпеня літоўскае і цвярское войскі злучыліся ля Любуцка на стыку маскоўскіх, разанскіх і літоўскіх уладанняў для трэцяга (пасля паходаў 1368 і 1370 гадоў) сумеснага паходу на Маскву. Туды ж падышлі асноўныя сілы маскоўскага войска, але пасля няўдалай для літоўска-цвярскога войска сутычкі перадавых атрадаў і некалькіх дзён “стаяння” на процілеглых баках глыбокага яра быў заключаны Любуцкі дагавор.
Тэкст дагавору не захаваўся, але згодна з Супрасльскім летапісам па сваім характары гэта быў “вечны мір”, які пацвердзіў пратэктарат ВКЛ над Цвер'ю і даваенныя межы. Любуцкі дагавор падвёў рысу пад серыяй войнаў паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай 1368 – 1372 гадоў; пасля чаго ваенных дзеянняў паміж імі не вялося да 1406 году, хаця ў дачыненні да Цвяры Любуцкі дагавор быў парушаны Масквой ужо ў 1375 годзе.
- Крыніца: Алесь Белы, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»
[рэдагаваць] Знешнія спасылкі
[рэдагаваць] Крыніцы
- ПСРЛ. Т. 15, стб. 103, 433; Т. 25, с. 187; Т. 35, с. 49.
- Черепнин Л.В. Русские феодальные архивы. Ч. 1. М. - Л., 1948. с. 189.
- Опись архива Посольского приказа 1626 г. Ч. 1. М., 1977. лл. 6, 6 об.
[рэдагаваць] Літаратура
- Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485). Тверь, 1994.