Княжыч Казімір
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Сьвяты Казімір (3 кастрычніка 1458 – 4 сакавіка 1484) — каралевіч Польскі і вялікі княжыч Літоўскі, каталіцкі сьвяты.
[рэдагаваць] Жыцьцё
Святы Казімір быў другім з шасьці сыноў караля Польскага й вялікага князя Літоўскага Казіміра ІV Ягелончыка і ягонай жонкі Альжбэты Аўстрыйскай. Выхаваньне сваіх дзяцей кароль даручыў навукоўцу і пісьменьніку Яну Длугашу. У 1471 годзе адна з партыяў вугорскай шляхты абрала Казіміра сваім каралём. На чале войска трынаццацігадовы княжыч адправіўся ў Вугоршчыну, але перад пагрозаю вайны з партыяй Мацея Корвіна прыхільнікі Казіміра адступіліся, і княжыч вярнуўся назад.
Ад маладых гадоў княжыч славіўся дабрынёю ды пабожнасьцю, ці ня ўвесь свой вольны час праводзіў у малітве. Часам прыбягаў да касьцёлу ўначы і, укленчыўшы, маліўся на ганку, пакуль сьвятыня не адчынялася.
Цяжка хварэў на сухоты. У канцы 1483 года ягоны стан пачаў імкліва пагаршацца. Памер Казімір ва ўзросьце 25 гадоў. Пахаваны ў Вільні.
[рэдагаваць] Кананізацыя і ўшанаваньне
Пра тое, што пры магіле Казіміра пачалі адбывацца цуды, згадваецца ўжо ў 1501. Пашыралася ўшанаваньне княжыча як сьвятога. Працэс афіцыйнае кананізацыі пачынаецца пры папе Ільве X у 1519 годзе па хадайніцтве Жыгімонта Старога, малодшага брата Казіміра. Пасьля сьмерці пантыфіка кананізацыйны працэс прыспыняецца па некалькіх нагодах, не апошняя між якімі — зьнікненьне гатовых дакумэнтаў камісіі па кананізацыі Казіміра падчас рабунку Рыму ў 1527 годзе. Княжыч быў абвешчаны сьвятым толькі ў 1602 годзе ў буле Клямента VIІІ «Quae ad Sanctorum».
У 1613 сьвяты Казімір быў абвешчаны патронам Вялікага Княства Літоўскага. Сёньня ён лічыцца апякунам Летувы, а таксама Гарадзенскае дыяцэзіі ў Беларусі.