Бручка
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Бру́чка (па-лацінску: Brassica napus rapifеra) — двухгадовая караняплодная расліна роду капуста сямейства капуставых.
У першы год развіваецца разетка лісця і мясісты караняплод, на другі — кветаноснае сцябло і насенне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках. Караняплоды круглыя, авальныя, або сплюшчаныя, жоўтага ці жоўта-белага колеру, утрымліваюць 10 – 16 % сухіх рэчываў, да 2 % бялку, да 1,5 % клятчаткі, 5 – 10 % цукроў, мінеральныя рэчывы (калій, кальцый, натрый, фосфар, магній), карацін, вітаміны B1, B2, і асабліва C — да 30 мг %. Бручка вельмі падобная да рэпу, адрозніваецца ад яе канцэнтрычнымі зубчастымі “шрамамі” вакол сцябла. Своеасаблівы смак і пах бручкі (лепш выражаны ў старых караняплодаў) абумоўленыя эфірнымі алеямі. Адзін з самых трывалых пры захоўванні караняплодаў, да таго ж вітамін С у бручцы амаль не разбураецца пры варцы, што робіць яе вельмі каштоўнай узімку. Раней гэтая асаблівасць бручкі была добра вядомай у Беларусі, дзе з яе ўзімку гатавалі грыжанку. Дыетычныя якасці бручкі асабліва прыдатныя пры цукровым дыябеце і празмернай вазе (добра паглынае тлушч). З сырой бручкі гатуюць салаты — найлепей з хрэнам, цыбуляй і зелянінай, запраўленыя смятанай або маянэзам; з варанай — супы (малочныя і мясныя), другія стравы (бручка, фаршыраваная тварагом, бручка ў смятане, пюрэ з бручкі). Можна гатаваць тыя самыя стравы, што і з морквы; у яўрэйскай кухні з яе гатавалі салодкую страву, падобную да цымусу.
У Сярэднявечча і ранні Новы час бручку вырошчвалі пераважна ва Усходняй Еўропе, а таксама ў Скандынавіі, адкуль яе ў канцы XVIII стагоддзя запазычылі заходнія еўрапейцы (па-англійску бручка называецца swede — “шведка”). Адносна танная і даступная, бручка была важным прадуктам харчавання ў абедзве сусветныя войны, але гэта сапсавала яе рэпутацыю, і ў наш час яна рэдка ўжываецца ў ежу.
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»