БелКА
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
БелКА (скарот ад Беларускі Касьмічны Апарат, рас. Белорусский космический аппарат) — супольны беларуска-расейскі касьмічны праект, першы штучны спадарожнік Зямлі, які належыць Беларусі.
Першапачаткова запуск сатэліта быў заплянаваны на 5 сьнежня 2005 году, але пасьля яго перанесьлі на 26 ліпеня 2006. У красавіку 2005 году спадарожнік быў перавезены зь Менску ў Маскву ў навукова-вытворчае аб'яднаньне НПО «Энергия». Наземны пункт прыёму інфармацыі зь беларускага сатэліта будзе ў Менску (прадугледжваюцца запасныя пункты ў Маскве і Ханты-Мансійску), для гэтага ў Менску на адным з высотных будынкаў будзе ўсталявана радыё-люстра радыюсам 9 мэтраў.
Праект распачаўся ў 2003 годзе. Працы над стварэньнем спадарожніка часткова засакрэчаныя: створаная ў сыстэме Нацыянальнай Акадэміі Навук прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сыстэмы” ад кантактаў з прэсай устрымліваецца. Сярод галоўных функцыяў спадарожніка “БелКА” — інфармацыя для геадэзіі і картаграфіі, сачэньне за пажаранебясьпечнай сытуацыяй, забруджаньнем вады і навакольнага асяродзьдзя. Дадзеныя са спадарожніку будуць выкарыстаныя Міністэрствам па надзвычайных сытуацыях, Міністэрствам прыроды, Міністэрствам транспарту і іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі структурамі.
Плянуецца, што сатэліт "БелКА" будзе лятаць на вышыні 510 кілямэтраў, аблятаючы за содні ўсю паверхню Зямлі, у тым ліку пралятаючы над Беларусяй адзін раз за трое сутак. Здымкі, якія плянуецца атрымліваць са спадарожніка, дадуць магчымасьць разглядаць аб'екты на зямной паверхні ў панхраматычным рэжыме з дакладнасьцю распазнаваньня ў 2-2.5 мэтры (адзін канал), або ў шматканальным рэжыме (4 каналы) з распазнаваньнем 10 мэтраў. Інакш кажучы, беларускі спадарожнік зможа "заўважыць" наземныя аб'екты, якія маюць памер ад двух мэтраў. Плянуецца таксама камэрцыйны продаж фотаздымкаў з арбіты.
Беларускі спадарожнік "БелКА", які будзе мець прыкладную масу 200-250 кг, а таксама расейскі спадарожнік "Бауманец", будуць дастаўленыя на касьмічную арбіту расейскай канвэрсійнай ракетай-носьбітам "Днепр". Мінімальны тэрмін працы "БелКА" на арбіце — 5 гадоў.
Падчас пуску з касмадрому "Байканур" у Казахстане першы варыянт БелКА загінуў: ракета-носьбіт РС-20 "Днепр", якая павінна была вывесьці апарат на калязямную арбіту, узарвалася.