Арнольд Руўтэль
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Руутэль, Арнольд (па-эстонску: Arnold Rüütel) (нарадзіўся 10 траўня 1928 году на высьпе Саарэмаа) — эстонскі палітык, прэзыдэнт Эстоніі.
[рэдагаваць] Эканаміст
Скончыў сельскагаспадарчую вучэльню Янэда і працаваў у 1949 – 1950 гадах у сельскагаспадарчым аддзеле адміністрацыі Саарэмаа. У 1955 – 1957 гадах выкладаў у Інстытуце Сельскагаспадарчае Тэхнікі ў Тарту. У 1969 годзе быў прызначаны на пасаду рэктара Эстонскае Сельскагаспадарчае Акадэміі.
[рэдагаваць] Палітычная кар'ера
З 1977 году займаў розныя публічныя пасады ў Эстонскай ССР, з 1983 году быў старшынёй прэзыдыюма Вярхоўнага Савету ЭССР.
У сакавіку 1990 году ён быў абраны старшынёй эстонскага парлямэнту — Вярхоўнае Рады (Ülemnõukogu).
Дзейнасьць Руутэля шмат паспрыяла аднаўленьню незалежнасьці Балтыйскіх краін ад СССР.
Працаваў у складзе канстытуцыйнага сходу і пасьля аднаўленьня незалежнасьці стаў першым прэзыдэнтам Эстоніі (6 верасьня 1991 – 5 кастрычніка 1992), але потым прайграў на выбарах Леннарту Мэры.
У 1994 – 2000 гадах Руутэль быў старшынёй Эстонскае Зямельнае Народнае Партыі (Maarahva erakond). У 1995 годзе ён абіраецца ў парлямэнт.
Ён быў актыўным прыхільнікам уступу Эстоніі ў Эўрапейскі Зьвяз.
Працягвае займацца навуковаю дзейнасьцю. У 1991 годзе ён абараняе доктарскую дысэртацыю па сельскай гаспадарцы. Руутэль ёсьць сябрам Эстонскае Сельскагаспадарчае Акадэміі, ганаровы доктар Бэнтлі Коледжа (ЗША), Хэльсынскага Ўнівэрсытэту (Фінляндыя), Нацыянальнага Сельскагаспадарчага Ўнівэрсытэту Ўкраіны. Руутэлю належаць больш за сто навуковых працаў.
Пасьля заканчэньня другога прэзыдэнцкага тэрміну Ленарта Мэры, Руутэль у 2001 годзе зноў абраны прэзыдэнтам.
Арнольд Руутэль жанаты зь Інґрыд Руутэль, мае дзьвюх дачок.