Антон Адамовіч
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Антон Адамовіч (26 чэрвеня 1909, Менск - 12 чэрвеня 1998, ЗША) — беларускі літаратуразнаўца, гісторык, празаік.
[рэдагаваць] Біяграфія
У 1920-х пісаў пра творчасьць сучасных яму беларускіх літаратараў, у тым ліку манаграфічнае дасьледаваньне пра творчасьць Максіма Гарэцкага. Першая друкаваная праца — рэцэнзія на зборнік В. Маракова «Пялёсткі» (Чырвоны сейбіт, 1926). У 1928 скончыў пэдагаагічны тэхнікум, паступіў у БДУ. 25 ліпеня 1930 году арыштаваны ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году высланы ў Глазаў, у 1934 пераведзены ў Вятку (Кіраў), дзе працаваў у навучальных установах. Арыштоўваўся зноў у чэрвені 1937 году. Вызвалены ў 1938 годзе, вярнуўся ў Менск. Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. Падчас вайны заставаўся ў Менску. Зь ліпеня 1941 — адзін з арганізатараў выданьня шэрагу беларускіх газэт, часапісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Менскай гарадзкой управе для арганізацыі выпуску газэт. Адначасова быў галоўным рэдактарам Краявога выдавецтва «Менск», кіраваў Беларускім навуковым таварыствам, працаваў у «Менскай (Беларускай) газэце». У канцы 1943 пераехаў у Нямеччыну. Працаваў у газэце «Раніца» (Бэрлін). У лягеры для перамешчаных асобаў выдаваў газэты «Ведамкі», «Бацькаўшчына», часапісы «Конадні» і «Сакавік». З 1960 жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода». Творчая спадчына Антона Адамовіча — каля 250 працаў, у тым ліку, на ангельскай, нямецкай і расейскай мовах. У
[рэдагаваць] Некаторыя творы і публікацыі
- Максім Гарэцкі: (Спробы манаграфіі аб творчасьці) // Узвышша. 1928, № 1-6;
- Большевизм на путях установления контроля над Белоруссией. — Мюнхен, 1954;
- Якуб Колас у супраціве саветызацыі: досьледы і матэрыялы. — Мюнхен, 1955;
- Большевизм в революционном движении в Белоруссии: Исследования и материалы. — Мюнхен, 1956;
- Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры. — Мюнхен, 1956, (ангельскі пераклад 1958);
- Як дух змаганьня Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэньня Івана Луцкевіча) (1981)
Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНІМ) у 2003 годзе ў сэрыі "Беларускія пісьменьнікі й паэты" выпусціў з друку новы том: "Антон Адамовіч. Творы". На 800 старонках — невядомыя працы, новыя пераклады, архіўныя дакумэнты. Змест збору твораў уключае найбольш важныя для асэнсаваньня творчасьці навукоўца працы Антона Адамовіча: "Паўлюк Трус", "Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры", "Так пяяў Салавей". Упершыню друкуюцца дзьве Адамовічавы аўтабіяграфіі 1935 і 1941 гадоў. Том дапаўняе нарыс укладальніка кнігі Лявона Юрэвіча. У кнізе ўпершыню друкуюцца некалькі фотаздымкаў са збораў БІНІМу і прыватных архіваў.
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
- Антон Адамовіч на Беларускай Палічцы
- З архіваў Радыё Свабода, год 1962
- З архіваў Радыё Свабода, год 1968
Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Мартыралёг Беларусі.