Антоні Тызэнгаўз
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Антоні Тызэнгаўз (Антоній Тызенгаўз, Антоній Тызэнгаўз) (1733 – 31 сакавіка 1785) — палітычны і грамадзкі дзеяч Вялікага княства Літоўскага, беларускі асьветнік.
Нарадзіўся на Гарадзеншчыне. З 1764 году канюшы літоўскі, з 1765 году падскарбі надворны літоўскі, староста гарадзенскі. У 1765 годзе па даручэньні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён прыняў кіраўніцтва каралеўскімі эканоміямі на тэрыторыі Беларусі і Летувы.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гарадзенскі староста
Як гарадзенскі староста Тызэнгаўз вырашыў упарадкаваць Гарадню на ўзор сталіцы дзяржавы. Па яго ініцыятыве ў 1760 – 1780 гадах побач з горадам у вёсцы Гарадніца быў пабудаваны прамыслова-культурны цэнтар з 85 будынкаў рознага прызначэньня, што ўтваралі 3 асобныя зоны: адміністрацыйную, вытворчую, навучальную (пазьней увайшлі ў межы Гародні). У прадмесьцях Гародні былі заснаваныя і дзейнічалі фабрыкі: суконная, шаўковая, палатняная, камлотная, карункавая, панчошная, капялюшная, карэтная, шаўковых паясоў, ігральных карт, збройнай, гарбарная, а таксама завод жалезных і медных вырабаў. Аднак, як і большасьць тагачасных прадпрыемстваў, працавалі яны з малым прыбыткам або нават са стратай.
[рэдагаваць] Сельская гаспадарка
Значную ўвагу надаваў Тызэнгаўз і земляробству. Для вывучэньня спосабаў павялічэньня ўраджайнасьці сельскагаспадарчых культур ён накіраваў свайго аднадумца Даўнаровіча ў Ангельшчыну вывучаць агратэхніку. Каб падняць узровень жывёлагадоўлі, ён закупляў пародзістыя віды жывёл. Але аграрная рэформа, праведзеная ім у Шавельскай эканоміі, грунтавалася на ўзмацненьні паншчыны, што выклікала незадаволенасьць сялян, а ў 1769 годзе нават і паўстаньне.
[рэдагаваць] Адукацыя
З намерам пашырэньня асьветы ў краі Тызэнгаўз заснаваў у Гародне кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, мэдыцынскую і іншыя школы. У мэдыцынскай школе на сродкі Тызэнгаўза і падараваньні Панятоўскага была створаная бібліятэка спэцыяльнай літаратуры. Пасьля ліквідацыі гэтай школы яе кнігазбор адышоў да Галоўнай школы ў Вільні.
[рэдагаваць] Культурніцкая дзейнасьць
Тызэнгаўз быў ня толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але даволі адукаваным і культурным чалавекам свайго часу. Заснаваўшы дзесяткі мануфактур і навучальных устаноў, ён стварыў і свой тэатар, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, сьпевакоў і харэографаў, у тым ліку братоў Г. і Л. Пэтынэты з Нэапалю.
Для падрыхтоўкі ўласных артыстаў з прыгонных сялян ён стварыў тэатральную школу. У 1772 годзе Тызэнгаўз паслаў для навучаньня за мяжу прыдворнага капэльмайстра А.Сітанскага. Навучэнцамі ў тэатральную школу найчасьцей бралі дзяцей прыгонных сялян зь яго маёнткаў. Там вучні набывалі акторскія навыкі, вучыліся граць на музычных інструмэнтах. У праграму заняткаў уваходзілі танец, сьпевы, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазыцыя. Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арытмэтыка, француская і італійская мовы, маляваньне), а таксама рукадзельле, чыталіся лекцыі па агульным выхаваньні. Школа давала даволі добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спэктаклях тэатра. Выхаванцы гэтай школы артысты балета Е.Валінскі, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, сьпявачка М.Сітанская пазьней праславіліся ў польскім тэатры.
Тэатар, які пачынаўся зь невялікага ансамбля інструмэнтаў і вакалістаў, да 1778 году дасягнуў высокага прафэсійнага ўзроўню і стаў шматпрофільны. На яго сцэнах былі ажыцьцёўлены пастаноўкі опэры А.Грэты «Магніфік», камэдыі П.Бамаршэ «Сэвільскі цырульнік» і іншых.
Прыдворны аркестар, так званая капэля Тызэнгаўза, належаў да найбольшых і найлепшых па прафэсійным узроўні калектываў падобнага характару ў Беларусь і славіўся за яе межамі. Так, у 1780 годзе гэтая капэля была ангажаваная ў Нацыянальны тэатар у Варшаве. Рэпэртуар капэлы ўключаў араторыі, месы, сымфоніі, розныя жанры бытавой музыкі.
Пасьля адстаўкі Тызэнгаўза тэатральная школа, балетная трупа і частка капэлі былі пераведзеныя ў Паставы.
У 1775 годзе Тызэнгаўз набыў у Вільні друкарню, якой да таго валодаў Марцін Пачобут-Адляніцкі. У гэтай друкарні выдаваліся падручнікі, календары, часопіс «Gazety Wilenskie» («Віленскія газэты»). У 1775 – 1776 гадах Тызэнгаўз арганізаваў першую друкарню ў Гародне і быў адным зь яе арандатараў. Частка абсталяваньня была ўзятая зь Віленскай друкарні, астатняе закуплена ў Караляўцы. Першыя выданьні друкарні выйшлі на пачатку 1776 году. Тут друкаваліся арыгінальная і перакладная літаратура, навуковыя працы, падручнікі, стараславянскія, польскія, лацінскія малітоўнікі, «Каляндар гаспадарчы», «Літоўскі весьнік», афіцыйныя дакумэнты і іншыя, а таксама першае на Беларусі пэрыядычнае выданьне, ініцыятарам якога быў Тызэгаўз, «Gazeta Grodzienska» («Гарадзенская газэта»). Друкарня існавала да 1802 году.
Тызэнгаўзу былі блізкія і зразумелыя ідэі Асьветніцтва. У тэатры ён бачыў не крыніцу прыбыткаў, а сродак асьветы, інструмэнт выпраўленьня нораваў і ўсталяваньня роднай мовы. Свае дзеі ён апраўдваў клопатам пра цывілізацыю тутэйшага краю. Думкі, выказаныя ім пра выхаваўчую ролю тэатра, былі сугучныя палажэньням францускіх асьветнікаў, асабліва Д.Дыдро. Але ў адрозьненьне ад апошняга ён лічыў, што тэатар існуе толькі для прывілеяванай часткі грамадзтва, шырокіх колаў шляхты, а не для мяшчан, рамесьнікаў, гандляроў і неадукаваных сялян. Таму яго тэатар ня стаў агульнадаступным, агульнанацыянальным. Каб надаць сваім пачынаньням пэўную важкасьць, Тызэнгаўз вёў перапіску з Ж.Ж.Русо і прапаноўваў яму пераехаць у Гародню або ў Белавескую пушчу.
[рэдагаваць] Заканчэньне жыцьця
Няўдалая гаспадарчая палітыка (нерэнтабэльнасць многіх мануфактур), інтрыгі магнатаў, незадаволеных актыўнай дзейнасьцю Тызэнгаўза, сталі прычынай яго адхіленьня ў 1780 годзе ад кіраваньня эканоміяй. Апошнія гады жыцьця ён правёў у Паставах.
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.