Тапінамбур
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Тапіна́мбур (ад французскага: topinambour), даўней бульва, земляна́я гру́ша, слане́чнік клубняно́сны (па-лацінску: Helianthus tuberosus) — шматгадовая травяністая вышынёй да 3 м клубняносная расліна сямейства складанакветных.
Клубні — цыліндрычнай, круглай або грушападобнай формы, белыя, жоўтыя, фіялетавыя або ружовыя. Утрымліваюць 1–3% бялку, вітаміны C, B1, каратын, каля 16–18% вугляводаў (у асноўным інулін), менш за 0,5% тлушчу. Мякаць пяшчотная, сочная, з прыемным саладкавым смакам.
Радзіма — Атлантычнае ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі, спажывалася ў ежу мясцовымі індзейцамі, на пач. XVII стагоддзя прывезеная ў Еўропу французамі. У Рэчы Паспалітай “бульва” распаўсюдзілася ў першай палове XVIII стагоддзя — яе варылі, абіралі, падавалі з белым або муштародовым соусам. У канцы XVIII стагоддзя тапінамбур быў выцеснены падобнай па спосабу вырошчвання і смаку бульбай, якая ў беларускай і літоўскай мовах пераняла ягоную назву (у літоўскай мове “бульба” — bùlvė). У Беларусі вырошчваецца галоўным чынам на корм жывёле, часам дзічэе, у кулінарыі ўжываецца толькі энтузіястам гэтай культуры.
Спажываць тапінамбур належыць неўзабаве пасля выкопвання: варыць, запякаць, з сырых гатаваць салаты. Тапінамбур — вельмі трывалая да ўмоў вырошчвання культура, лёгка пераносіць маразы (пры гэтым клубні набываюць яшчэ больш салодкі смак). Таму пэўную частку клубняў пакідаюць зімаваць.
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»