Ebooks, Audobooks and Classical Music from Liber Liber
a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z





Web - Amazon

We provide Linux to the World


We support WINRAR [What is this] - [Download .exe file(s) for Windows]

CLASSICISTRANIERI HOME PAGE - YOUTUBE CHANNEL
SITEMAP
Audiobooks by Valerio Di Stefano: Single Download - Complete Download [TAR] [WIM] [ZIP] [RAR] - Alphabetical Download  [TAR] [WIM] [ZIP] [RAR] - Download Instructions

Make a donation: IBAN: IT36M0708677020000000008016 - BIC/SWIFT:  ICRAITRRU60 - VALERIO DI STEFANO or
Privacy Policy Cookie Policy Terms and Conditions
Янка Купала - Вікіпэдыя

Янка Купала

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.




Гэты артыкул зьяўляецца выбраным. Мы ўпэўнены, што ён — адзін з лепшых у беларускай Вікіпедыі. Калі Вы напісалі ці пабачылі артыкул не горшай якасці, калі ласка, прапануйце яго ў выбраныя.


Янка Купала

Купа́ла, Я́нка (сапраўднае імя Луцэ́віч, Іва́н Даміні́кавіч) (7 ліпеня 1882 (25 чэрвеня па старым стылі) – 28 чэрвеня 1942) — клясык беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выбітны дзеяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

[рэдагаваць] Дзяцінства й юнацтва

Сядзіба Луцкевічаў у Вязынцы. Дом-музэй Янкі Купалы
Павялічыць
Сядзіба Луцкевічаў у Вязынцы. Дом-музэй Янкі Купалы

Нарадзіўся 7 ліпеня 1882 году (па новым стылі) ў фальварку Вязынка пад Менскам. Бацькі належалі да дробнай зьбяднелай шляхты, арандавалі зямлю ў памешчыцкіх фальварках. У 1888 годзе заканчвае Беларуцкае народнае вучылішча. Пасьля сьмерці бацькі ў 1902 годзе працуе на гаспадарцы, таксама на пасадах хатняга настаўніка, пісара, практыканта на бровары і іншых.

[рэдагаваць] Першыя публікацыі

Першыя творы Купалы — некалькі сэнтымэнтальных вершаў на польскай мове, надрукаваныя ў 19031904 гадох у часопісе «Ziarno» пад псэўданімам «К-а». Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» (датуецца 15 ліпеня 1904 годам). Першае беларускамоўнае выступленьне ў друку — публікацыя 15 траўня 1905 году ў газэце «Северо-Западный край» верша «Мужык». Першая публікацыя ў беларускамоўнай прэсе — верш «Касцу», надрукаваны ў «Нашай Ніве» 11 траўня 1907 году. Улетку таго ж году ў «Нашай Ніве» зьяўляюцца й іншыя творы Купалы. Яго раньнім вершам уласьцівае падабенства да фальклору й беларускай паэзіі XIX стагодзьдзя.

На працягу 19061907 гадоў пішуцца паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата каханьнем», 18 сьнежня 1908 году «Наша Ніва» публікуе паэму «У Піліпаўку». У тым жа годзе ж скончана праца над паэмамі «Адвечная песьня» і «За што?». Тэмаю гэтых твораў стала сацыяльная несправядлівасьць ды прыгнёт.

[рэдагаваць] Віленскі й пецярбургскі пэрыяды

Восеньню 1908 году Купала пераязджае ў Вільню, дзе супрацоўнічае ў рэдакцыі «Нашай Нівы». У віленскі перыяд узьнікаюць шмат шырокавядомых потым вершаў — «Маладая Беларусь», «Заклятая кветка», «Адцьвітаньне» і іншыя, некаторыя зь іх друкуе «Наша Ніва».

У 1908 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца» выходзіць першы зборнік Купалы пад назвай «Жалейка». У кастрычніку таго ж году Санкт-Пецярбургскі камітэт па справах друку пры Міністэрстве ўнутраных спраў вырашае канфіскаваць зборнік, як антыдзяржаўны, і прыцягнуць аўтара і выдавецтва да адказнасьці. Цаною нямалых клопатаў арышт з кнігі быў зьняты, аднак у 1909 годзе тыраж кнігі паўторна канфіскаваны па загаду віленскага генэрал-губернатара. Каб не зашкодзіць афіцыйнай рэпутацыі «Нашай Нівы», Купала кідае працу ў рэдакцыі.

У сьнежні 1909 году Купала падаецца ў Пецярбург. Там ён уладкоўваецца на курсы А. Чарняева, дзе выкладалі вядомыя пецярбургскія вучоныя. 8 ліпеня 1910 году асобнай кніжкай выходзіць паэма Купалы «Адвечная песьня», а 13 кастрычніка 1910 году — другі яго зборнік «Гусьляр». У зьмешчаных у зборніку вершах гучаць прызывы да абуджэньня нацыянальнай годнасьці ды змаганьня за волю, але ж вершы з адкрытымі заклікамі да паўстаньня («Зваяваным» і інш.) былі выкрэсьленыя са зборніку перад выданьнем, каб пазьбегнуць цэнзуры. У траўні 1910 году завершаная паэма «Курган», а ў жніўні таго ж году — драматычная паэма «Сон на кургане», адзін з найбольш значных твораў паэта, сімвалічная выява беднаснага становішча ў тагачаснай Беларусі, спроба вылучыць яго глыбінныя прычыны. Асобным выданьнем паэма выйшла ў 1912 годзе там жа, ў Пецярбургу.

У 19111913 гадох Купала ўлетку наведвае маці й сясьцёр у Беларусі, у фальварку Акопы. 3 чэрвеня 1912 году ён завяршыў свой першы сцэнічны твор — камедыю «Паўлінка», якая ў наступным годзе была выдадзена ў Пецярбургу, а потым і пастаўлена на сцэне — спачатку ў Пецярбургу, потым у Вільні, нарэшце летам 1913 году у Радашковічах. На спектаклях прысутнічаў сам аўтар. Ў чэрвені 1913 году там жа, ў Акопах, завершана гістарычная паэма «Бандароўна», сьледам за ёю — паэмы «Магіла льва», «Яна і я», а таксама сцэнічны жарт «Прымакі».

Вясной 1913 году быў выдадзены трэці зборнік Купалы — «Шляхам жыцьця». У вершах, што склалі гэты зборнік, у адрозьненьне ад папярэдніх двух, прыметны значны ўплыў эстэтыкі мадэрну й сымбалізму. Сярод іншых твораў у зборніку была зьмешчана драматычная паэма «На папасе».

Верасьнем 1913 году датуецца цэнтральны твор у дарэвалюцыйнай творчай спадчыне Купалы — драма «Раскіданае гняздо». Ў ёй адлюстраваная трагедыя беларускага народу на прыкладзе адной сялянскай сям'і, якая застаецца безь зямлі й прытулку. Купала ставіць перад сваімі героямі праблему выбару: вечнаму маўкліваму трываньню ды прыстасаваньню да абставінаў супрацьпастаўляецца утапічная ідэя «Вялікага сходу», як адзіны паратунак ад несправядлівасьці. П'еса была пастаўлена на сцэне толькі ў 1917 годзе, пасьля рэвалюцыі, а надрукавана яшчэ пазьней — у 1919 годзе у Вільні.

Увосень 1913 году Купала вяртаецца ў Вільню, дзе спачатку працуе сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, а потым ізноў супрацоўнічае ў «Нашай Ніве». З 7 сакавіка 1914 году газэта выходзіць за подпісам Купалы як рэдактара. Адначасова ён дапамагае М. Багдановічу ды К. Буйло ў выданьні зборнікаў іх паэзіі.

[рэдагаваць] Гады вайны й акупацыі

У жніўні 1914 году пачынаецца першая сусьветная вайна, і Купала зь верасьня па сьнежань 1914 году працуе над цыклам антываенных вершаў «Песьні вайны». Таксама ён піша артыкулы ў «Нашай Ніве», накіраваныя супраць вайны. За артыкул «Думкі» Купала меўся быць прыцягнуты да судовай адказнасьці, але з прычыны набліжэньня фронту да Вільні ды пачатку эвакуацыі суд не адбыўся. У верасьні 1915 году Купала пераязджае зь Вільні ў Акопы.

У канцы верасьня 1915 году ён едзе ў Маскву, там вучыцца ў Народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага. Там жа ён пазьней жэніцца з Уладзіславай Станкевіч ды пераязджае ў Менск. У студзені 1916 году Купала прызываецца ў армію, трапляе ў дарожна-сапёрны атрад, які знаходзіўся ў Менску, а летам таго ж году быў пераведзены ў Полацк. Час нямецкай акупацыі Купала правёў у Смаленску. З 1916 да восені 1918 году ніводнага твора ён не напісаў. У кастрычніку-сьнежні 1918 году Купала стварае цыкл вершаў-заклікаў, які стаў яго водгукам на падзеі тых гадоў — рэвалюцыі, акупацыі, абвяшчэньне БНР: «Час!», «На сход!», «Пчолы», «Званы» і іншыя.

Купала вяртаецца ў Менск у студзені 1919 году. 25 жніўня выйшаў першы нумар рэдагаванай Купалам газэты «Звон». Ён піша новыя вершы і друкуе шматлікія артыкулы на тэмы нацыянальнага адраджэньня ды змаганьня за волю, адначасова перакладае на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым». 24 чэрвеня 1920 году быў налажданы банкет з нагоды 15-годдзя літаратурнай творчасьці Купалы. На ім паэт выступіў з прамовай, тэкст якой да 1988 году ня быў апублікаваны.

[рэдагаваць] Пачатак 20-х гадоў

На пачатку 20-х гадоў, пасьля абвяшчэньня БССР, Купала працуе намесьнікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасьвета БССР, рэдагуе часопіс «Вольны сьцяг», дапамагае ўтварэньню Інбелкульта, сапраўдным членам якога быў абраны ў 1922 годзе (па ўтварэньні на базе Інбелкульта Акадэміі навук у 1928 годзе Купала стаў акадэмікам). У 1922 годзе выходзіць зборнік «Спадчына», які складаецца як з новых вершаў, так і са створаных падчас першай сусьветнай вайны. Вершы «Паўстань з народу нашага, прарок...» і «Жыды!» былі выдаленыя са зборніку па цэнзурных меркаваньнях.

24 студзеня 1922 году зьяўляецца верш «Перад будучыняй», а за ім — верш «Пазвалі вас...» У гэтых вершах Купала выказвае сваё стаўленьне да бальшавікоў і заклапочанасьць бягучай сытуацыяй. Абодва творы былі забароненыя. Першы нумар толькі што заснаванага часопісу «Адраджэньне», у якім быў надрукаваны верш «Перад будучыняй», быў канфіскаваны.

31 жніўня 1922 году ў Акопах Купала завяршае працу над трагікамедыяй «Тутэйшыя» — іранічнай панарамай гарадскога жыцьця акупацыйных часоў. Афіцыйная крытыка абвінавачвае аўтара ў «дробнабуржуазным народніцтве» ды «супрацьстаўленьні сябе пралетарскай дыктатуры». У тым жа 1922 годзе Купала ўдзельнічае разам з іншымі беларускімі паэтамі ў спробе стварыць літаратурную суполку пад назвай «Вір». Калі ДПУ пачало праверку будучых членаў суполкі, то амаль усе яны атрымалі адмоўныя характарыстыкі, у тым ліку Купала быў названы «беларускім пісьменьнікам-шавіністам». Суполку забаранілі.

У 1924 годзе Купала друкуе паэму «Безназоўнае», у якой усхваляе барацьбу за незалежнасьць папярэдніх гадоў і заклікае не спыняць змаганьня, замацоўваць ужо дасягнутае і пакінуць пасьля сябе цалкам вольную Беларусь. У 1925 годзе паэт атрымлівае тытул Народнага паэта БССР. Летам 1926 году ў часопісе «Полымя», што прыйшоў на зьмену «Адраджэньню», была надрукаваная нізка вершаў, многія з якіх былі пратэстнымі і трапілі пад строгую забарону: «Царскія дары», «Каб», «Акоў паломаных жандар...» і інш.

[рэдагаваць] Канец 20-х і 30-я гады

У 1927 годзе Купала ўзначальвае суполку «Полымя», якая аб'яднала пісьменьнікаў-«адраджэнцаў». 7 лістапада 1927 году беларускія газэты друкуюць паэму Купалы «З угодкавых настрояў», прысьвечаную 10-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У паэме ухваляюцца падзеі кастрычніка 1917 году з надзвычай вялікім пафасам, празь які праглядае яўная насьмешка.

У наступныя гады пачынаецца хваля рэпрэсіяў сярод творчай інтэлігенцыі, і Купала, як і шмат іншых беларускіх ды расейскіх паэтаў, прымушаны пісаць па заказу ўлады ўхвальныя вершы на тэмы «будаўніцтва сацыялізму». Ён шмат разоў выклікаўся на допыты па справе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызваленьня Беларусі», якая ў рэальнасьці не існавала. 20 лістапада 1930 году, ня вытрымаўшы зьдзекаў, Купала робіць спробу самагубства, але застаецца жывы. Лежучы ў шпіталі, канчаткова зломлены, ён падпісвае г. зв. «Адкрыты ліст Я. Купалы» з адрачэньнем ад нацыянальнай ідэі. Творчасьць Купалы 30-х гадоў складаецца з прасавецкіх вершаў ды артыкулаў, пазбаўленых мастацкае вартасьці, апроч цыклу вершаў 1935 году, створаных у в. Ляўкі («Сонцу», «Лён», «Дарогі» і іншыя), паэмы «Над ракой Арэсай» (1933), прысьвечанай калектывізацыі, ды паэмы «Тарасова доля» (1939) памяці Тараса Шаўчэнкі. Зь вершаў 30-х гадоў быў складзены зборнік «Ад сэрца» (1940), за які Купала ў 1941 годзе атрымаў Ленінскую прэмію.

[рэдагаваць] Апошнія гады і сьмерць

У 1941 годзе, ў сувязі з акупацыяй Беларусі войскамі фашысцкай Германіі, Купала эвакуіраваны ў Маскву, а адтуль у Печышчы (Татарстан). Ён стварае шэраг вершаў — зваротаў да свайго народу, у якіх заклікае да барацьбы з акупантамі: «Беларускім партызанам», «Зноў будзе шчасьце мець і волю...», «Паўстаў народ...» і іншыя. 28 чэрвеня 1942 году ў Маскве Купала трагічна загінуў, упаўшы зь лесьвіцы ў гатэлі «Масква». Дагэтуль невядома, ці быў гэта няшчасны выпадак, самагубства, альбо спланаванае забойства. Паэт быў пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках, а праз 20 год яго прах быў перавезены ў Беларусь. Зараз магіла Янкі Купалы знаходзіцца на Вайсковых могілках у Менску, побач з магілай Якуба Коласа.

Імем Купалы названыя вуліца, парк і станцыя мэтро ў Менску, запаведнік каля Вязынкі. Дзейнічаюць музэй Купалы ў Менску і ягоныя фiлii ў Вязынцы, Ляўках i Акопах.

[рэдагаваць] Бібліяграфія

[рэдагаваць] Зборнікі вершаў

«Жалейка» (1908)

«Гусьляр» (1910)

«Шляхам жыцьця» (1913)

«Спадчына» (1922)

«Ад сэрца» (1940)

[рэдагаваць] Паэмы

«Зімою» (1907)

«Нікому» (1907)

«Адплата каханьнем» (1907)

«У Піліпаўку» (1908)

«За што?» (1908)

«Адвечная песьня» (1908)

«Курган» (1910)

«Сон на кургане» (1910)

«Бандароўна» (1913)

«Магіла льва» (1913)

«Яна і я» (1913)

«На папасе» (1913)

«Безназоўнае» (1924)

«З угодкавых настрояў» (1927)

«Над ракой Арэсай» (1933)

«Тарасова доля» (1939)


[рэдагаваць] П'есы

«Паўлінка» (1912)

«Прымакі» (1913)

«Раскіданае гняздо» (1913)

«Тутэйшыя» (1922)


[рэдагаваць] Пераклады

Пераклаў «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), «Інтэрнацыянал», польскі тэкст у п'есах В.Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька» С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна «Медны коньнік», шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М.Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

Пасьля сьмерці Купалы выдаваліся шматлікія зборы яго твораў, кнігі выбраных вершаў, паэм і публіцыстыкі. У 2003 г. завершана выданьне поўнага збору твораў Янкі Купалы ў 9-ці тамох.


[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі

Творы гэтага аўтара ёсьць у ВікіКрыніцы.

Our "Network":

Project Gutenberg
https://gutenberg.classicistranieri.com

Encyclopaedia Britannica 1911
https://encyclopaediabritannica.classicistranieri.com

Librivox Audiobooks
https://librivox.classicistranieri.com

Linux Distributions
https://old.classicistranieri.com

Magnatune (MP3 Music)
https://magnatune.classicistranieri.com

Static Wikipedia (June 2008)
https://wikipedia.classicistranieri.com

Static Wikipedia (March 2008)
https://wikipedia2007.classicistranieri.com/mar2008/

Static Wikipedia (2007)
https://wikipedia2007.classicistranieri.com

Static Wikipedia (2006)
https://wikipedia2006.classicistranieri.com

Liber Liber
https://liberliber.classicistranieri.com

ZIM Files for Kiwix
https://zim.classicistranieri.com


Other Websites:

Bach - Goldberg Variations
https://www.goldbergvariations.org

Lazarillo de Tormes
https://www.lazarillodetormes.org

Madame Bovary
https://www.madamebovary.org

Il Fu Mattia Pascal
https://www.mattiapascal.it

The Voice in the Desert
https://www.thevoiceinthedesert.org

Confessione d'un amore fascista
https://www.amorefascista.it

Malinverno
https://www.malinverno.org

Debito formativo
https://www.debitoformativo.it

Adina Spire
https://www.adinaspire.com