Курапатка белая
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Курапа́тка бе́лая, Пардва (па-лацінску: Lagopus lagopus) — птушка атраду курыных, блізкі сваяк фазана.
Да сярэдзіны XIX стагоддзя звычайная птушка, у Рэчы Паспалітай лічылася адмыслова беларускім далікатэсам. Лавілі пераважна “колам” (сілом).
Мяса вельмі смачнае, цёмнае, з характэрным смакам. Маладых птушак (маюць жоўтыя ножкі і чорную дзюбу) можна запякаць, ужо на наступны дзень пасля здабычы, абгарнуўшы тонкімі скрылікамі сала або шпіку. Старэйшых (маюць шэрыя ножкі і белую дзюбу) трэба абавязкова некалькі дзён вытрымліваць у пер'і. Іх лепей тушыць (асабліва ў капусце, а таксама ў смятане, віне, парэчкавым або апельсінавым соусе і г.д.). Абскубаных і вытрыбушаных курапатак трэба мыць старанна, але хутка, бо вада “вымывае” смак. Запякаць трэба на моцным агні, але не даўжэй за 30 – 40 хвілін. Паляпшае смак курапатак пучок мускатнага шалфею, які выдаляюць пасля запякання.
Курапатак таксама фаршыруюць (свінінай, вантробамі, зялёным гарошкам). Адным з далікатэсаў шляхецкай кулінарыі лічыліся курапатка “ў снезе” (г.зн. запечаныя ў пенцы з яечных бялкоў).
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»