Бакас
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Бака́с (па-лацінску: Gallinago gallinago) — птушка сямейства бакасавых атраду сеўцападобных.
У Беларусі звычайны пералётны від. Жыве каля вады, на балотах і прырэчных лугах, забалочаных узлесках. Даўжыня цела 27 – 29 см, маса 100 – 125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая (каля чвэрці агульнай даўжыні), прамая. У час такавання самец выдае гукі, падобныя да бляяння барана (адсюль народная назва баранчык, козка). Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін.
Міжнародна прызнаны як папулярны аб'ект спартыўнага палявання (слова “снайпер” паходзіць ад англійскага sniper – “паляўнічы на бакасаў”).
Даўней мяса бакаса лічылася ў шляхецкай кулінарыі найсмачнейшым з усіх дзікіх птушак. Мяса перад прыгатаваннем вымагае бардзіравання або марынавання (даўней бакасаў марынавалі на зіму пасля запякання вытрыбушанымі на ражне).
- Артыкул створаны з дапамогай матар'ялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»