Рускае Радыё
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
«Ру́скае Ра́дыё» (па-расейску — «Русское Радио») — папулярная расейская FM-радыёстанцыя.
«Русское Радио» пачало вяшчаньне 2 жніўня 1995 году ў Маскве. Першым у эфір выйшаў дыджэй Марсэль Гансалес. Ад самога пачатку асноўны фармат перадачаў складаюць папулярныя песьні толькі на расейскай мове — у адрозьненьне ад іншых падобных FM радыёстанцый, якія перадаюць шмат заходнеэўрапейскай і амэрыканскай музыкі. Дэвіз станцыі — «Всё будет хорошо!» («Усё будзе добра!»)
На сёньняшні дзень «Русское Радио» вяшчае у болей чым 950 гарадох Расеі, а таксама ў Беларусі (у Менску — на частаце 98.9 FM), Украіне, Казахстане, Малдове, Кырґызстане, Армэніі, і краінах Балтыі. Апроч гэтага, прамы эфір радыёстанцыі трансьлюецца ў Інтэрнэце, такім чынам даваючы магчымасьць слухаць яе ў любой краіне сьвету.
Асноўную частку эфіру складаюць папулярныя на дадзены момант песьні, а таксама хіты мінулых гадоў і іншыя песьні. Таксама можна пачуць разнастайныя перадачы; раз на гадзіну выходзяць выпускі навінаў, прадстаўленыя Расейскай Службай Навінаў. У розных рэґіёнах праґрама можа адрозьнівацца, але асноўныя перадачы з Масквы трансьлююцца ўсюды. Вяшчаньне адбываецца ў кругласутачным рэжыме.
«Русское Радио» зьяўляецца заснавальнікам расейскай штогадовай музычнай прэміі «Залаты ґрамафон».